Двое параненых членаў узброенай групы «Сасна Црэр» — Ашот Пэтрасян і Аванэс Аруцюнян, дастаўленыя ўначы ў мэдычны цэнтар «Эрэбуні», былі праапэраваныя, іх стан ацэньваецца як здавальняючы.Пра гэта сёньня паведаміў загадчык аддзяленьня інтэнсіўнай тэрапіі мэдцэнтру Аруцюн Мангаян.
«Абодва атрымалі агнястрэльныя раны ў ногі, адзін — сьляпое агнястрэльнае раненьне, другі — агнястрэльнае пранікальнае раненьне і пералом. Атрыманыя агнястрэльныя раненьні такія, што ў далейшым у іх ня будзе ніякіх праблем», — сказаў Мангаян.
На гэты момант паліцыянты, у тым ліку ў масках, ахоўваюць уваход у бальніцу.
Два адвакаты адгукнуліся на просьбу дачкі параненага члена ўзброенай групы Ашота Пэтрасяна. Татэў Пэтрасян прасіла дапамагчы ёй знайсьці адваката. «Людзі, калі ласка, дапамажыце, нам патрэбен адвакат, каму ні тэлефануем, усе адвакаты ў дадзены момант адмаўляюцца, мы ўжо патэлефанавалі пяці адвакатам, па розных прычынах яны адмаўляюцца», — зьвярнулася яна з просьбай.
У дадзены момант адвакаты аб’яднаньня «Эўропа права» ўжо знаходзяцца ў шпіталі, яны спрабуюць наведаць параненых, аднак паліцэйскія іх не прапускаюць. Адвакаты патэлефанавалі ў групу хуткага рэагаваньня амбудсмэна і паведамілі, што паліцэйскія парушаюць правы параненых, не дазваляючы адвакатам і родным наведаць іх.
Дачка Ашота Пэтрасяна, спаслаўшыся на лекараў, паведаміла, што дзеля бясьпекі параненыя сёньня застануцца ў шпіталі, а заўтра будуць перавезеныя. Куды менавіта, лекары, па словах дачкі Пэтрасяна, не ўдакладнілі.