Чаму ў Беларусі ўзмацняюць адказнасьць за выкарыстаньне нацысцкай сымболікі

Абмяркоўваюць: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў.


Дракахруст: МУС Беларусі падрыхтавала законапраект, накіраваны на барацьбу з прапагандай нацызму. Пад забарону трапяць татуіроўкі, вітальныя жэсты нацыянал-сацыялістаў, паролі, лічбы, у якіх зашыфраваныя імя Гітлера, разнастайныя руны, «кельты», «калаўрат». Пра гэта паведаміла газэта «СБ — Беларусь сегодня».

У новай рэдакцыі артыкулу кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях «Прапаганда нацызму» прадугледжанае павелічэньне штрафу да 20 базавых велічынь.

Таксама будзе ўведзена адказнасьць за нанясеньне або публічнае дэманстраваньне татуіроўкі з выявай нацысцкай сымболікі — штраф у памеры да 30 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт.

У тлумачэньні да законапраекту павялічаны пералік сымболікі і атрыбутыкі за кошт элемэнтаў, якія выкарыстоўваліся ня толькі ў Нацыянал-сацыялістычнай рабочай партыі Нямеччыны, але і ў дзяржаўных, ваенных i iншых структурах, прызнаных злачыннымі Міжнародным ваенным трыбуналам.

У Беларусі існуе кансэнсус у дачыненьні да Другой сусьветнай вайны. Паводле апытаньняў, як прыхільнікі, так і праціўнікі Лукашэнкі ў пераважнай большасьці лічаць, што перамога ў той вайне была галоўнай падзеяй беларускай гісторыі ХХ стагодзьдзя.

Газэта падкрэсьлівае, што закон ня мае аналягаў у сьвеце.

Насамрэч, мае, але магчыма сапраўды ня мае ў тым, што тычыцца татуіровак.

Не зусім зразумела, у чым яго мэта. Тая ж СБ прыводзіць адзінкавыя выпадкі выкарыстаньня ў Беларусі такой сымболікі, у тым ліку і ў выглядзе татуіровак.

Мне здаецца, што гэта своеасаблівы жэст на адрас Расеі. Адносіны паміж Менскам і Масквой зараз не без складанасьцяў, і лішні раз прадэманстраваць ідэалягічную салідарнасьць не пашкодзіць.

Пры гэтым варта сказаць, што ў Беларусі ў наяўнасьці кансэнсус у дачыненьні да Другой сусьветнай (Вялікай Айчыннай) вайны. Паводле апытаньняў, як прыхільнікі, так і праціўнікі Лукашэнкі, як прыхільнікі інтэграцыі з РФ, так і адэпты эўраінтэграцыі ў пераважнай большасьці лічаць, што справа барацьбы з нацызмам была слушнай, што перамога ў той вайне была галоўнай падзеяй беларускай гісторыі ХХ стагодзьдзя.

І нашэньне нацысцкіх татуіровак, выкарыстаньне нацысцкай атрыбутыкі — абсалютна маргінальная зьява, якую асуджае пераважная большасьць насельніцтва, незалежна ад палітычных поглядаў. І ўлада гэта выдатна ведае.

Выглядае, што гэты закон — магчымасьць прадэманстраваць Расеі, якая бачыць сьвет празь ідэалягічную прызму Вялікай Айчыннай, на чыім баку беларусы. Яны і праўда, на баку тых, хто змагаўся з нацызмам. Іншая справа, што тая вайна скончылася 71 год таму, а цяпер нярэдка многія прыкметы ідэалёгіі нацыстаў можна выявіць як раз у зацятых «змагароў з фашызмам».

Карбалевіч: Гэтае рашэньне выцякае з існага ідэалягічнага канструкту, паводле якога Вялікая Айчынная вайна, барацьба з фашызмам зьяўляюцца асновай дзяржаўнай ідэалёгіі. Таму ў гэтым пляне ладзяцца ўсё новыя крокі, будуюцца новыя помнікі героям вайны і інш.

Магчыма, гэта крок па адцягненьня ўвагі ад гаротнага сацыяльна-эканамічнага стану краіны. Прапаноўваецца мера, якая ня можа выклікаць непрыняцьця абсалютнай большасьцю насельніцтва.

Таксама, гэта жэст ляяльнасьці ў бок Расеі. Маўляў, глядзіце, мы з вамі адной ідэалягічнай крыві.

І зразумела, гэта рэакцыя на падзеі ва Ўкраіне. Вось у «Советской Белоруссии» зьяўляецца перадрукаваны артыкул пад назвай «Навошта Кіеву праспэкт Бандэры». Потым зьяўляецца вялікі артыкул на дзьве паласы пра людзей, якія носяць наколкі са свастыкай. Там узгадваецца жыхар Віцебска Ганчароў, які ваяваў ва Ўкраіне у палку «Азоў», увесь у татуіроўках са свастыкай.

У Беларусі пачалі змагацца з нацысцкімі сымбалямі, затое дэманстратыўна сябруюць з камуністамі, вось Зюганаў прыяжджаў за ордэнам.

Можна ўзгадаць, як, здаецца, летась падчас матчаў па футболу зборных Беларусі і Ўкраіны заўзятары дзьвюх краінаў праявілі дзіўнае адзінства, выкрыквалі палітычныя лёзунгі. Гэта моцна ўразіла ўладныя структуры, КДБ шчыраваў, у «Клюбе рэдактараў» па БТ давалі жорсткую нэгатыўную ацэнку такім паводзінам беларусаў. То бок, беларускія ўлады бачаць пэўную пагрозу з Украіны. Там цяпер пачалі актыўна змагацца з камуністычнымі сымбалямі. А тут, у Беларусі, у процівагу, пачалі змагацца з нацысцкімі сымбалямі. Затое дэманстратыўна сябруюць з камуністамі, вось Зюганаў прыяжджаў за ордэнам.

Цыганкоў: Мне больш падабаецца амэрыканскі падыход да свабоды слова і пытаньняў пра сымбалі і прапаганду. Гэты падыход прадугледжвае свабоду выказваньняў і самавыражэньня. Мы бачым рэпартажы з амэрыканскіх турмаў, дзе людзі часта маюць фашысцкія татуіроўкі, гэта на дзіва дастаткова распаўсюджана.

У ЗША ёсьць публіцысты ці простыя людзі, якія адмаўляюць Галакост, ёсьць некалькі вядомых гісторый, калі яны прыяжджалі ў Эўропу і іх за гэта перасьледавалі, яны вярталіся назад у Амэрыку, там такога няма. Пры тым, што там узровень падтрымкі Ізраілю, і палітычны, і ідэйны, максымальны.

Чалавек з антысэміцкімі поглядамі ніякіх шанцаў ня мае, ён зьяўляецца маргіналам, але пры гэтым такія погляды выказваць у ЗША можна, ніхто за іх перасьледаваць ня будзе. У некаторых жа краінах Эўропы за гэта ёсьць крымінальная адказнасьць.

Тое, што адбываецца ў постсавецкіх краінах — змаганьне з рознымі сымбалямі. Гэта прыкмета пераходных грамадзтваў.

Тое, што адбываецца ў постсавецкіх краінах — змаганьне з рознымі сымбалямі. Напрыклад, у краінах Балтыі змагаюцца з савецкімі сымбалямі, і могуць пакараць, калі чалавек носіць чырвоную зорку ці чырвоны сьцяг. У Беларусі, Расеі, паводле законапраекту, будуць змагацца з нацысцкімі сымбалямі. Гэта прыкмета пераходных грамадзтваў.

Добра было б, калі б людзі самі ведалі, што добра, што кепска, мелі б погляды, якія б не дазвалялі радыкальным ідэалёгіям запанаваць. А паколькі і ўлада, і грамадзтва ў сабе няўпэўненыя, то яны прымаюць такое заканадаўства.

Але мы ня ведаем, як яно будзе ўжывацца. Ужо, напрыклад, у «Нашай Ніве» быў рэпартаж пра беларуса, які мае фашысцкую татуіроўку, і яго арыштоўвалі не раз, нібыта ён лаяўся матам, і саджалі на суткі. Міліцыя яму кажа, што пакуль маеш такую татуіроўку, мы цябе будзем саджаць. Ёсьць насьцярожанае стаўленьне да падобных мераў беларускай праваахоўнай сыстэмы, і гэты законапраект можа ўжывацца ў такім тыповым для Беларусі стылі.

Дракахруст: Забарону на нацысцкую сымболіку ўводзяць ня толькі краіны кшталту Беларусі, Расеі, а тая ж Нямеччына, краіна са сталай дэмакратыяй. Так, Амэрыка збудаваная інакш. Але там і не было такога шоку ад вайны, ад таго, што рабілі нацысты, там не загінулі мільёны людзей. Магчыма, калі б і ЗША Другая сусьветная закранула ў той жа ступені, як і краіны Эўропы, Амэрыка ўсё роўна засталася б вернай абсалютнаму прынцыпу свабоды слова і самавыражэньня. Але гэта зусім ня факт.