Больш за 100 навукоўцаў заклікалі Пуціна спыніць развал навукі ў Расеі

Акцыя пратэсту навукоўцаў, Масква, 2011 год.

Расейскія навукоўцы напісалі адкрыты ліст прэзыдэнту Расеі Ўладзімеру Пуціну, у якім рэзка раскрытыкавалі дзейнасьць Фэдэральнага агенцтва навуковых арганізацый (Фано) і прапанавалі меры па выратаваньні навукі ад «пасьлядоўнай дэградацыі».

У дакумэнце, апублікаваным на сайце газэты «Коммерсант», навукоўцы паказалі, што Фано замест таго, каб займацца чыста гаспадарчай дзейнасьцю, прэтэндуе на кіраўніцтва навуковымі дасьледаваньнямі. Пад лістом паставілі подпісы больш за 100 чалавек.

На думку аўтараў ліста, апошнія тры гады рэформы фундамэнтальнай навукі ў Расеі не прынесьлі ніякіх станоўчых вынікаў. Да адмоўных наступстваў рэформ яны адносяць: падзеньне аўтарытэту навукі ў грамадзтве і расейскай навукі ў сьвеце, поўнае разбурэньне сыстэмы кіраваньня навукай, новую хвалю навуковай эміграцыі, падмену навуковых крытэрыяў ацэнкі бессэнсоўнай фармалістыкай, гаворыцца ў звароце.

Аўтары пасланьня прапануюць уключыць фундамэнтальную навуку ў сьпіс дзяржаўных прыярытэтаў, перападпарадкаваць Фано РАН, каб гэтая арганізацыя адказвала выключна за гаспадарчыя пытаньні і кіраваньне маёмасьцю.

Акрамя таго, на думку навукоўцаў, акадэмічную навуку варта вывесьці з-пад юрысдыкцыі Міністэрства адукацыі і навукі, узнавіць навуковую асьпірантуру і перадаць РАН кантроль над Вышэйшай атэстацыйнай камісіяй.

Рэформа ў Расейскай акадэміі навук пачалася тры гады таму. Асабліва рэзкую крытыку навуковай супольнасьці выклікала стварэньне Фано.

У студзені 2016 году кіраўнік РАН Уладзімір Фартоў на пасяджэньні прэзыдэнцкай Рады па навуцы і адукацыі назваў сытуацыю ў расійскай навуцы «трывожнай і нягоднай», заявіўшы, што Расея апусьцілася ў навуковай сфэры да ўзроўню Ірану.

У чэрвені РАН прапанавала прэзыдэнту і ўраду зрабіць бізнэс, а не дзяржаву галоўнай крыніцай фінансаваньня навукі ў Расеі.