Незалежныя мэдыі няшмат увагі надалі магілёўскаму візыту Лукашэнкі, бо значных палітычных заяваў ён там не рабіў. Але шэраг цытат прэзыдэнта зьвяртаюць на сябе ўвагу.
«Няма лоску. Гармоніі ніякай»
Слухаючы даклад чыноўнікаў аб разьвіцьці вобласьці, Лукашэнка выказаў незадавальненьне зьнешнім выглядам Магілёва.
«Я сёньня знарок заяжджаў у горад з боку Менску. І дамы быццам бы ёсьць прыгожыя. Але няма лоску, добраўпарадкаваньня і зручнасьці для людзей, — сказаў Лукашэнка. — Гармоніі ніякай».
«Можаце распранацца, можаце не»
У Магілёве Лукашэнка ўзгадаў вядомы флэшмоб #Распранаццаіпрацаваць, які стаў рэакцыяй на ягоную заяву падчас Усебеларускага сходу.
«Закасайце рукавы або, як вы там жартуеце ў інтэрнэце, „распранайся і працуй“. Можаце распранацца, можаце не, але з заўтрашняга дня вы трапляеце пад мой жорсткі кантроль», — заявіў ён пры наведваньні завода «Строммашына».
«Чалавек павінен свабодна выказваць сваё меркаваньне... Прыйшлі дадому — кажыце пра мяне, пра каго хочаце»
Лукашэнка, размаўляючы з калектывам аднаго з магілёўскіх прадпрыемстваў, заклікаў людзей не баяцца выказваць сваё меркаваньне. Напрыклад, дома, на кухні:
«Мы нікому не закрываем рот. Чалавек павінен свабодна выказваць сваё меркаваньне. Прыйшлі дадому, ты хочаш пагаварыць. Ну вось на кухні чагосьці баяцца.... Да ніколі нічога ня бойцеся! Кажыце пра мяне, пра каго хочаце. Але памятайце, што „ваяваць“ (як у Турэччыне, супраць прэзыдэнта і ўлады) можна толькі на выбарах».
«Калі нейкая купка людзей пачне бузіць, то мы ў пачуцьцё іх імгненна прывядзем»
Не абышоў Лукашэнка і тэму вулічных пратэстаў:
«Калі нейкая купка людзей выйдзе на вуліцу і пачне бузіць, то мы ў пачуцьцё іх імгненна прывядзем. Імгненна, а інакш будзе, як у Армэніі і Казахстане. Нам гэта трэба? Не. Гэта зараза, гэта хвароба. Калі яна ў грамадзтве ўкаранілася, то імгненна, як ракавая пухліна, пачынае разрастацца».
«Іншых праблемаў на сёньняшні дзень у беларусаў няма»
Лукашэнка назваў дзьве глябальныя праблемы ў сфэры бясьпекі ў Беларусі — недахоп насельніцтва і эканамічны стан:
«Нам патрэбныя людзі. На гэтым беларускім кавалку зямлі павінна жыць як мінімум у два разы больш чалавек — 20 мільёнаў. Гэта таксама бясьпека, абарона, моц краіны. У нас насельніцтва не хапае. Другое, што нас павінна хваляваць у пляне бясьпекі, — гэта праца эканомікі і прадпрыемстваў. Павінна працаваць сяло, горад — прамысловасьць, транспарт, сувязь, будаўніцтва і гэтак далей. Калі ў нас будуць занятыя людзі, гэта таксама моц дзяржавы. Іншых праблемаў на сёньняшні дзень у беларусаў няма».
«Чохам пакараць»
Лукашэнка таксама выказаўся і наконт допінгавых скандалаў у спорце:
«Гэтыя падыходы — чохам пакараць — хтосьці дзесьці сказаў, фактаў на руках няма, і пачынаюць гнабіць, бʼюць па тых, хто ў пэрспэктыве можа атрымаць мэдалі на Алімпіядзе, — гэта кажа пра тое, што спорт даўно стаў вялікай палітыкай, нават становіцца нейкім тэатрам ваенных дзеяньняў. Гэта няправільна».