У красавіку вынікі сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця разглядаліся на нарадзе з удзелам Аляксандра Лукашэнкі, нагадвае БелаПАН.
«У вас яшчэ ёсць квартал для таго, каб згрупавацца і паказаць адпаведныя вынікі, — папярэджваў Лукашэнка. — Калі няма, прыйдуць іншыя людзі, якія павінны гэтым займацца».
Згодна з паквартальным афіцыйным прагнозам, які ў канца 2015 году зацьвердзіў урад, меркавалася, што па выніках першай паловы 2016 года эканоміка выйдзе з рэцэсіі і рост ВУП складзе 0,1%.
Аднак за студзень-чэрвень эканамічны спад у краіне склаў 2,5%. І выхаду з рэцэсіі пры цяперашняй эканамічнай мадэлі ня варта чакаць, лічыць Яраслаў Раманчук, кіраўнік фонду Мізэса.
«У сёньняшніх умовах гэта немагчыма, — сказаў Раманчук Свабодзе. — Ці магчыма алькаголіка вылечыць яшчэ адной бутэлькай піва? Ну немагчыма. Дзьве-тры бутэлькі піва яму дадуць, але нічога з гэтага ня будзе. Наступствы будуць яшчэ цяжэйшымі».
Мадэль беларускай эканомікі ён параўноўвае з алькаголікам, якога лякуюць дадатковай дозай атруты, замест таго, каб пачаць радыкальнае лекаваньне.
«Але ў цяперашняга складу ўраду на гэта няма ні палітычнай волі, ні ведаў», — кажа Раманчук.
Ён лічыць, што новага прэм’ер-міністра могуць прызначыць у жніўні ці верасьні — да ці пасьля парлямэнцкай кампаніі.
Думаю, што гэта будзе ізноў тэхнічная мера, таму што сёньня асноўны чалавек (Аляксандар Лукашэнка — Р.С.) яшчэ не рашыў, што яму рабіць з эканомікай і з тымі праблемамі, якія ўзваліліся яму на галаву
«Думаю, што гэта будзе ізноў тэхнічная мера, таму што сёньня асноўны чалавек (Аляксандар Лукашэнка — Р.С.) яшчэ не рашыў, што яму рабіць з эканомікай і з тымі праблемамі, якія ўзваліліся яму на галаву».
Але кардынальных зьменаў у эканоміцы ня будзе, пакуль цэнтар кіраваньня эканамічнай палітыкай застаецца ў руках Міхаіла Мясьніковіча — былога кіраўніка ўраду, а сёньня — старшыні Савету Рэспублікі.
«Гэта шэры кардынал, — кажа Раманчук. — Нават калі ён будзе начальнікам ЖЭСу, ён застанецца самай уплывовай фігурай. Празь яго праходзяць кадры і ідэалёгія, ён мае такія магчымасьці, якіх ня мае ніводзін чыноўнік у Беларусі».
І нават пры крытычнай сытуацыі зьмена ўраду будзе фармальнай. Як заявіў Лукашэнка на Ўсебеларускім сходзе, абраны курс — правільны, і мадэрнізацыя магчымая толькі ў яго межах.
Хаця ў беларускай палітыцы ёсьць людзі, якія маглі б правесьці перамены. Раманчук называе старшыню кіраваньня Нацбанку Паўла Калавура, намесьнік прэм’ер-міністра Васіля Мацюшэўскага, намесьніка адміністрацыі прэзыдэнта Мікалая Снапкова.
«Яны прагматыкі. Так, зь імі можна ў чымсьці не пагаджацца. Але яны не прадстаўнікі балетнай студыі, ці ЖЭСу, зь якімі нельга размаўляць на адной эканамічнай мове».