Расейскія лёгкаатлеты былі адхілены ад удзелу ў міжнародных спаборніцтвах на падставе расьсьледаваньня Сусьветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA), якое выявіла масавыя і сыстэматычныя парушэньні ў расейскіх антыдопінгавых лябараторыях. У сьпісах IAAF ёсьць толькі два расейскія спартоўцы, чый удзел у Алімпіядзе не залежыць ад рашэньня суду ў Лязане, — гэта скакуха ў даўжыню Дар’я Клішына і бягуньня Юлія Сьцяпанава.
Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) раней стварыў дысцыплінарную камісію для вырашэньня пытаньня аб удзеле ўсіх расейскіх спартоўцаў у гульнях у Бразыліі. Такое рашэньне было прынятае пасьля публікацыі дакладу WADA, з якога вынікае, што расейскія антыдопінгавыя лябараторыі наўмысна хавалі станоўчыя пробы спартоўцаў на ўжываньне забароненых прэпаратаў, а да махінацый з аналізамі датычная ФСБ.
У МАК гэтыя парушэньні назвалі ударам «па ўсім сусьветным спорце і Алімпійскім гульням». Канчатковае рашэньне аб допуску Расеі да Алімпіяды, як чакаецца, будзе прынятае 24 ліпеня.
У Алімпійскім камітэце Расеі выказалі надзею, што МАК дапусьціць да ўдзелу ў гульнях «чыстых», на іх думку, спартоўцаў. Не кіравацца прынцыпам «калектыўнай адказнасьці» заклікалі і ў Крамлі. У Міністэрстве замежных спраў Расеі, у сваю чаргу, назвалі сёньняшняе рашэньне суду ў Лязане «злачынствам супраць спорту».