Віну за плягіят Мэланіі Трамп узяла на сябе былая балерына

Дональд Трамп з жонкай Мэланіяй пасьля яе прамовы

Адна з супрацоўніц кандыдата ў прэзыдэнты ад Рэспубліканскай партыі Дональда Трампа — былая балерына Мэрэд Маківэр, якая раней брала ўдзел у напісаньні некалькіх яго кніг — заявіла пра гатоўнасьць сысьці ў адстаўку ў сувязі з рэакцыяй у СМІ, якую выклікала прамова Мэланіі Трамп. Паводле Маківэр, кандыдат у прэзыдэнты адхіліў яе прапанову, сказаўшы, што «людзі зьдзяйсьняюць памылкі ненаўмысна і што мы расьцем дзякуючы гэтаму вопыту».

Па словах Маківэр, калі яна працавала над тэкстам выступу Мэланіі Трамп, жонка кандыдата ў прэзыдэнты зачытала ёй па тэлефоне некаторыя ўрыўкі з прамовы Мішэль Абамы. Маківер нібыта рабіла нататкі падчас размовы, а затым ўключыла некаторыя фармулёўкі ў канчатковы варыянт прамовы. Маківэр таксама заявіла, што ня бачыла прамовы Мішэль Абамы на нацыянальным зьезьдзе Дэмакратычнай партыі 2008 году.

Your browser doesn’t support HTML5

Жонка Трампа капіюе Мішэль Абаму


Каманду Трампа рэзка скрытыкавалі ў сувязі з плягіятам у прамове, зь якой Мэланія Трамп выступіла 18 ліпеня на нацыянальным зьезьдзе Рэспубліканскай партыі. Выступ быў прысьвечаны падтрымцы Дональда Трампа, жонкай якога Мэланія зьяўляецца 11 гадоў.