Лексыкон амэрыканскай палітыкі
ЛЕКСЫКОН АМЭРЫКАНСКАЙ ПАЛІТЫКІ
Усё, што трэба ведаць пра амэрыканскія выбары і палітычную сыстэму
Сэнатар Тэд Круз, былы супернік Дональда Трампа ў барацьбе за намінацыю ў прэзыдэнты ад Рэспубліканскай партыі, выклікаў сэнсацыю ў зале пасяджэньняў зьезда партыі, не заклікаўшы выбаршчыкаў галасаваць за Дональда Трампа.
«Мы заслугоўваем прынцыповых лідэраў, якія здольныя аб’яднаць нас, якія кіруюцца любоўю, а ня гневам... Галасуйце так, як падказвае вам сумленьне», — зьвярнуўся да краіны з трыбуны зьезду Тэд Круз, які назваў толькі адзін раз у сваёй дваццаціхвіліннай прамове імя Дональда Трамп.
Дональд Трамп быў фармальна зацьверджаны кандыдатам Рэспубліканскай партыі ў прэзыдэнты ЗША днём раней. Па даўняй традыцыі, ад усіх дэлегатаў, якія выступаюць з трыбуны зьезду пасьля зацьвярджэньня кандыдата, чакаюць аргумэнтаў на ягоную падтрымку і адназначнага закліку галасаваць за яго на ўсеагульных выбарах.
Адмова Круза прама падтрымаць кандыдатуру Трампа выклікала няўхвальны гул на трыбунах дэлегацый і выкрыкі: «Мы хочам Трампа!». Амэрыканскую прэсу абышоў фотаздымак Дональда Трампа, на якой Трамп з халодным выразам твару чакае завяршэньне выступу свайго апанэнта.
Нечаканая акцыя былога кандыдата ў прэзыдэнты, які набраў другую пасьля Трампа колькасьць галасоў выбаршчыкаў падчас першаснай кампаніі, як і адсутнасьць на зьезьдзе былога прэзыдэнта-рэспубліканца Джорджа Буша, кандыдатаў у прэзыдэнты ў папярэднія гады, паводле назіральнікаў, сьведчыць аб адсутнасьці адзінства ў шэрагах партыі незадоўга да прэзыдэнцкіх выбараў.
Губэрнатар Індыяны Майк Пэнс афіцыйна прыняў прапанову стаць віцэ-прэзыдэнтам і ісьці на выбары ў пары з Дональдам Трампам.