На Майдане Незалежнасьці ў Кіеве праходзіць акцыя ўшанаваньня памяці беларускага журналіста Паўла Шарамета, які загінуў сёньня ў цэнтры ўкраінскай сталіцы ў выніку выбуху аўтамабіля.
У акцыі бяруць удзел каля 100 чалавек.
Вядомы ўкраінскі журналіст Андрэй Кулікоў прамаўляў свае словы падтрымкі на беларускай мове: «Павал Шарамет быў бел-чырвона-белым. Ён не заўжды быў такім, ён у гэтым прызнаўся. Ён быў шчырым і патрабаваў шчырасьці і адкрытасьці ад іншых. Ён меў на гэта права. Жыве Беларусь! Жыве Ўкраіна!».
Спачуваньні ад імя Мэджлісу крымскататарскага народу выказаў народны дэпутат Украіны Рэфат Чубараў: «Бываюць журналісты, якіх ты ня ведаеш асабіста, але поўнасьцю давяраеш іх роздумам і бачаньню. Менавіта такім для мяне быў Павал Шарамет. Я пазнаёміўся з ім толькі пасьля акупацыі Крыму, і мы размаўлялі пра крымскіх татар, пра Расею. Вельмі мала бывае ў жыцьці такіх людзей — добрых, шчырых і мудрых. Ён, пасьля таго, як перажыў рэпрэсіі адносна сябе, пачаў больш усьведамляць праблемы рэпрэсаваных. Ня ведаю, якія прычыны прывялі да такога тэракту, але галоўная прычына — гэта вайна Расеі супраць Украіны. І ёсьць адзіны лек — поўная мабілізацыя».
Удзельнікі акцыі — украінскія журналісты і палітыкі, а таксама беларусы, якія жывуць ва Ўкраіне — прыйшлі на Майдан з кветкамі, зьнічкамі і бел-чырвона-белымі сьцягамі. Яны скандуюць: «Жыве Беларусь!», «Слава Ўкраіне!».