Саакашвілі пра забойства Шарамета: Нашай краіне рыхтуюць нешта вельмі небясьпечнае

У Кіеве ў выніку выбуху ў машыне загінуў Павал Шарамет.

Міхаіл Саакашвілі назваў Паўла Шарамета сваім анёлам-ахоўнікам, а ў ягоным забойстве ён бачыць небясьпеку для Ўкраіны.

“У Кіеве ўзарвалі майго сябра.

У 2009 ён напісаў пра мяне вельмі крытычную, мне здавалася з абсалютна несправядлівымі абвінавачваньнямі, кнігу, -- напісаў Міхаіл Саакашвілі, кіраўнік Адэскай абласной адміністрацыі, на сваёй старонцы ў Facebook. -- Пасьля Майдана падышоў да мяне ў фае гатэлю ў Кіеве і папрасіў аб інтэрвію. Ня ведаю чаму, але я вырашыў даць яму шанец і не пралічыўся. Інтэрвію выйшла шырокім і вельмі прафэсійным, мы паступова пасябравалі.

​Павал знаходзіў маленькіх людзей, такіх як вінароб Лакарэн зь некалькімі гэктарамі вінаграднікаў з Шабо, або невялікую кампанію ў Коблеве, на якую наехала падатковая, і ператвараў іх абарону ў справу гонару ня толькі для сябе, але і для ўсіх нас.

Пасьля той, кнігі, якая мне не спадабалася, ён ператварыўся ў майго анёла-ахоўніка, адбіваючы шматлікія атакі праплочаных журналістаў на мяне і маю каманду. Ён быў глыбока прыстойным і таленавітым чалавекам.

Яго забойства тэрарыстамі сёньня умацоўвае мяне ў адчуваньні, што нам, усёй краіне, рыхтуюць нешта вельмі небясьпечнае, а палітычны кляс з заплюшчанымі вачыма вядзе нас у прорву. Мы павінны іх спыніць нашымі вокрыкамі. Шкада толькі, адным магутным голасам у сумленнай Украіны стала менш”.