У аўторак увечары на зьезьдзе Рэспубліканскай партыі ЗША прадпрымальнік і тэлевядоўца Дональд Трамп быў афіцыйна абвешчаны кандыдатам партыі ў прэзыдэнты ЗША.
За Трампа было аддадзена больш за 1236 галасоў, неабходных для атрыманьня намінацыі.
«Дональд Трамп быў абраны кандыдатам Рэспубліканскай партыі ў прэзыдэнты Злучаных Штатаў», — абвясьціў сьпікер Палаты прадстаўнікоў Пол Раян.
У якасьці кандыдата партыі ў віцэ-прэзыдэнты быў зацьверджаны губэрнатар Індыяны Майк Пэнс.
І хоць да зьезду Трамп быў адзіным кандыдатам, некалькі сотняў галасоў дасталіся яго былым супернікам Тэду Крузу, Марка Рубіё і Джону Кейсіку.
Спроба некалькіх дэлегацый пераканаць зьезд зьмяніць працэдуру галасаваньня і дазволіць дэлегатам галасаваць паводле ўласнага выбару, а не ў адпаведнасьці зь перавагамі выбаршчыкаў іх штатаў, скончылася няўдачай.
Працэдура намінацыі Дональда Трампа на зьезьдзе Рэспубліканскай партыі прадэманстравала рэдкую адсутнасьць адзінства ў шэрагах рэспубліканцаў, што можа пашкодзіць Трампу ў барацьбе за прэзыдэнцтва.
Зьезд партыі завершыцца ў чацьвер выступам Дональда Трампа.