У сераду раніцай у выніку выбуху машыны загінуў вядомы журналіст Павал Шарамет, паведамляе «Ўкраінская праўда».
Машына ўзарвалася на рагу вуліц Багдана Хмяльніцкага і Івана Франка насупраць рэстарана МакДональдс.
Гэтая машына належала кіраўніку «Ўкраінскай праўды» Алёне Прытуле, але яе ў машыне не было.
Выбух адбыўся ў 7:45 раніцы, калі Шарамет выехаў з дому і праехаў некалькі дзясяткаў мэтраў.
На месца прыбыла паліцыя.
Сьледчыя Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны папярэдне кваліфікуюць гібель беларускага журналіста Паўла Шарамета як наўмыснае забойства.
«Паводле папярэдніх высноваў, спрацавала самаробнае выбуховае прыстасаваньне», — сказаў адзін з прадстаўнікоў Нацыянальнай паліцыі.
Да прыезду ратавальнікаў жыхары Кіева дасталі Паўла Шарамета з узарванага аўтамабіля і спрабавалі аказаць яму першую дапамогу. (Асцярожна, жорсткае відэа, 18+)
Шарамет апошнія пяць гадоў жыў у Кіеве, працаваў ва «Ўкраінскай праўдзе», быў вядучым на радыё «Вести».