У Турэччыне зачынена 24 тэле- і радыёстанцый

Ілюстрацыйнае фота

У Турэччыне сёньня адкліканы ліцэнзіі 24-х тэле- і радыёстанцый, нібыта зьвязаных з турэцкім рэлігійным і грамадзкім дзеячам Фэтхулахам Гюлэнам, якога Анкара лічыць натхняльнікам спробы дзяржаўнага перавароту.

У рамках гэтай жа кампаніі пазбаўленыя прэс-картаў 34 журналісты, адхіленыя ад працы 15 тысяч супрацоўнікаў міністэрства адукацыі, больш за паўтары тысячы унівэрсытэцкіх дэканаў, больш як 490 работнікаў упраўленьня па справах рэлігіі, 257 супрацоўнікаў апарату прэм’ер-міністра і 100 супрацоўнікаў службаў выведкі.

У апошнія дні затрыманыя або адхіленыя ад выкананьня службовых абавязкаў 35 тысяч вайскоўцаў, паліцэйскіх, судзьдзяў і дзяржслужачых.

Усе яны абвінавачваюцца або падазраюцца ў дачыненьні да антыдзяржаўнай змовы.

Сёньня ўлады Турэччыны запатрабавалі неадкладна арыштаваць і экстрадаваць Гюлэна, які жыве ў ЗША. Турэцкі прэм’ер-міністар Біналі Ілдырым заявіў, што ўладам ЗША ўжо адпраўлена па электронных каналах сувязі поўнае дасье на яго. Гюлэн ўсе абвінавачваньні абвяргае і выказвае гатоўнасьць да экстрадыцыі, калі так вырашыць амэрыканскі суд. Раней Вашынгтон прасіў Анкару прадставіць пераканаўчыя доказы датычнасьці Гюлэна да спробы зьвяржэньня ўлады.

Раней заходнія партнэры Турэччыны і ААН заклікалі яе кіраўніцтва выконваць вяршэнства закона і выказалі заклапочанасьць у сувязі з заклікамі адмяніць уведзены ў 2004 годзе мараторый на сьмяротнае пакараньне. Прэзыдэнт Рэджэп Эрдаган удакладніў, што гэта можа тычыцца толькі пакараньня непасрэдных удзельнікаў спробы антыдзяржаўнага перавароту.