У Менску затрымалі туркмэнскага палітычнага ўцекача, грамадзяніна Швэцыі

Шэрыф Клыч (Чары Анамурадаў)

18 ліпеня ў Нацыянальным аэрапорце Менску быў затрыманы грамадзянін Швэцыі туркмэнскага паходжаньня Шэрыф Клыч Чары Анамурадаў (паводле швэдзкіх дакумэнтаў Шэрыф Клыч).

Яго затрымалі памежнікі на запыт з Туркмэністану — туркмэнскія спэцслужбы абвінавачваюць яго ў махлярстве. Так патлумачылі прычыну затрыманьня беларускія міліцыянты.

Палітычны ўцякач туркмэнскага паходжаньня Шэрыф Клыч (Чары Анамурадаў) мае падвойнае грамадзянства — Швэцыі і Расейскай Фэдэрацыі. З 2003 году ён стала пражывае ў Стакгольме. На запрашэньне свайго сябра і калегі Мурата Ханаліева, які мае беларускае грамадзянства і жыве ў Менску з 1986 году, 18 ліпеня Чары Анамурадаў з дарослай дачкой прыляцеў у Менск з расейскім пашпартам, каб не атрымліваць беларускую візу. У аэрапорце яго затрымалі беларускія памежнікі — паводле іх інфармацыі, Чары Анамурадаў знаходзіцца ў вышуку на запыт Туркмэністану. Беларускія памежнікі перадалі яго транспартнай міліцыі.

Прэсавы сакратар Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Аляксандар Цішчанка паведаміў, што памежнікі дзейнічалі дакладна паводле інструкцыі: калі чалавек знаходзіцца ў міжнародным вышуку, незалежна ад грамадзянства яго перадаюць міліцыі.

Мурату Ханаліеву, які сустракаў Чары Анамурадава ў аэрапорце, міліцыянты ўчора паведамілі, што Чары Анамурадаў будзе дэпартаваны пасьля выкананьня ўсіх патрэбных працэдур у Туркмэністан, а пакуль ён будзе зьмешчаны ў СІЗА.

Месца знаходжаньня Анамурадава невядомае, у менскім СІЗА на вуліцы Валадарскага яго няма. Родныя зьвязаліся з амбасадай Швэцыі ў Менску, амбасадар робіць запыты і паабяцала ў другой палове дня зьвязацца з дачкой Анамурадава.

***

Туркмэнскі журналіст Чары Анамурадаў рэжымам Ніязава ў 1990-х гадах быў асуджаны да 18 гадоў зьняволеньня. Ён праводзіў журналісцкія расьсьледаваньні па наркатрафіку з Аўганістану. Пасьля траціны адбыцьця тэрміну быў амніставаны. Пасьля гэтага два гады жыў у Менску, потым пераехаў у Прагу, працаваў у туркмэнскай службе Радыё Свабода. У 2003 годзе атрымаў палітычны прытулак у Швэцыі. З таго часу ў Беларусі Чары Анамурадаў ня быў.