Валер Вакульчык распавёў пра падрабязнасьці справы Чыжа
«Фактычна можна на сёньня казаць пра суму шкоды па гэтай крымінальнай справе, якая складае 238,7 мільярда рублёў», — сказаў старшыня КДБ.
Валер Вакульчык распавёў пра крымінальную справу ў дачыненьні да Ўладзімера і Казьбека Япрынцавых, а таксама Аляксандра Арабяна.
«Сьледзтва па гэтай крымінальнай справе завершанае. Матэрыял знаходзіцца на разглядзе ў судзе, — сказаў ён. — Наконт Казьбека і Арабяна тут усё досыць зразумела. Шмат пытаньняў узьнікае ў дачыненьні да Ўладзімера Япрынцава».
Уладзімер Япрынцаў абвінавачваецца не ў махлярстве, а ў дапамаганьні ў махлярстве. Ён дапамагаў сыну вырашаць праблемы, падпісваў гарантыйныя лісты ад «Трайпла», ня маючы на тое паўнамоцтваў.
Таксама Вакульчык далажыў Лукашэнку пра кампэнсацыю ў поўным аб’ёме шкоды без уліку кротнасьці па крымінальнай справе ў дачыненьні да службовых асобаў кампаніяў «Сэрвалюкс» і «Консул».
«Грошы па гэтых крымінальных справах ужо паступілі ў мясцовыя бюджэты і вымяраюцца сотнямі мільярдаў рублёў», — дадаў Валер Вакульчык.