Як перадае сайт Маладога фронту, у суботу шасьцёра валянтэраў праводзілі ўпарадкаваньне на тэрыторыі Курапатаў. Яны прыйшлі на рынак «Экспабел», каб затачыць ланцуг ад бэнзапілы.
«Майстар сказаў нам, каб мы хвілінаў 15 пачакалі, таму мы пайшлі ў найбліжэйшую кавярню, — прыводзіць Сяргея Пальчэўскага Малады фронт. — Па дарозе нейкі ІПэшнік, зрэагаваўшы на шэўроны з «Пагоняй» і бел-чырвона-белым сьцягам, нешта пракрычэў нам у сьпіну, але мы нават не зьвярнулі ўвагі».
На выхадзе з кавярні на хлопцаў накінулася сем прадпрымальнікаў. Яны выкрыквалі «Гэта наша зямля».
«Нас было шэсьць хлопцаў, але мы разумелі, што нельга рэагаваць на гэту правакацыю, — кажа Пальчэўскі. — Таму мы апроч абараняльных блёкаў не ўжывалі ніякае сілы ды выклікалі міліцыю».
На месца прыехаў міліцыянт, які апытаў маладафронтаўцаў.