Віцебскі фэстываль, некалі вельмі папулярны менавіта праз канцэртныя і конкурсныя праграмы, ператварыўся ў «агульнагарадзкую гулянку» з танным распродажам, сувэнірнымі шэрагамі, вулічнымі «харчовымі кропкамі». І ўсё гэта прываблівае больш наведнікаў, чымсьці канцэрты.
У выходныя дні частка гараджан з самай раніцы зьяжджае на лецішчы, а другая частка імкнецца трапіць у цэнтар горада — туды, дзе можна нешта нядорага набыць або паглядзець бясплатныя вулічныя выступы самадзейных артыстаў.
У гандлёвыя шэрагі ператварыліся ўсе цэнтральныя вуліцы. Уздоўж вуліцы Леніна — гандлююць таварамі беларускіх вытворцаў без гандлёвых нацэнак, тое самае можна назіраць і ўздоўж вуліцы Кірава. Людзі зазіраюць у кожны шапік, выбіраючы нешта таннае і больш-менш якаснае. Прычым прыежджыя з Расеі ахвотна купляюць беларускі абутак, ільняныя вырабы. А для беларусаў гэта дарагавата. Як, напрыклад, набыць жаночую сукенку за мільён, калі заробак — усяго каля чатырох (недэнамінаванымі грашыма)?
Таму выйсьце для тых, хто не разумее адпачынку бяз шопінгу — гэта сувэніры. А іх больш за ўсё на «Задзьвінскім кірмашы», што месьціцца уздоўж берага Дзьвіны на вуліцы Ільінскага. Дарэчы, тут сёлета багата тавараў з нацыянальнай сымболікай. Ад «вышымаек» за 350 тысяч рублёў да рознай драбязы кшталту кубкаў, вокладак для пашпарту, кніжных закладак — ці зь беларускім арнамэнтам, ці з «Пагоняй».
«У мінулыя гады наведнікі кірмашу больш цікавіліся антыкварнымі рэчамі, — адзначае калекцыянэр Вадзім Кузьмін. — А сёлета мала што прадаецца. Нават расейцы, якія прыяжджаюць на Славянскі базар са Смаленска ці Пскова, ужо не глядзяць ні на нумізматычныя зборы, ні на посуд, ні на прадметы побыту. Мабыць, у іх таксама няма грошай. А нашы, беларусы, дык і ўвогуле калі нешта бяруць на шэрагах — то гэта адзеньне. Ці ўпрыгожаньні. Калі нядорага».
Падчас мінулага «Славянскага базара» вялікую цікаўнасьць выклікалі ўкраінскія вышыванкі ды вяночкі са стужкамі. Сёлета тавары зь Івана-Франкоўска таксама прывезьлі ў Віцебск, гаворыць гандлярка Людміла:
«Прывезьлі, але попыт невялікі. Часта бяруць вяночкі дзяўчаткам або дзіцячае адзеньне. Кашулька на дзіця 3-4 гадоў каштуе ў сярэднім 200 тысяч. А самая танная жаночая — ад 800 тысяч да двух мільёнаў. Шмат хто падыходзіць, прымярае, але як даведаецца кошт — бяжыць упрочкі. Ачуваецца, што вашы людзі сталі бяднейшыя супраць мінулага году. Тады куплялі больш».
Адна з «украінскіх» гандлёвых кропак — каля Ратушы, у самым цэнтры горада. Адсюль можна прайсьці па вуліцы Суворава ўздоўж шэрагаў з магнітамі, ювэлірнымі вырабамі, міма вулічных мастакоў, якія прапануюць намаляваць ваш партрэт або шарж, павярнуць на вуліцу Крылова, дзе прадаюцца творы жывапісу. Карціны таксама не купляюць.
Аднак амаль у кожнага мінака, які выйшаў на шпацыр, ёсьць фотаапарат або мабільны тэлефон. І людзі шмат здымаюцца на фоне гарадзкіх краявідаў або з «жывымі скульптурамі», якіх у цэнтры Віцебску зьявілася пад два дзесяткі. Каля кожнай «скульптуры» — скрыначка для грошай за супольныя фотаздымкі. Трое хлопцаў, якія ўвасабляюць ці то «салдацікаў» зь дзіцячай гульні, ці то «зялёных чалавечкаў», таксама паставілі скрынку, дзе напісана, што яны зьбіраюць грошы на «бясьпечныя войны». Што маецца на ўвазе — не ўдакладняецца — «скульптуры» не размаўляюць зь мінакамі, кантактуюць выключна пры дапамозе жэстаў...
Зрэшты, і спаміж мінакоў сустракаюцца асобы, апранутыя ня менш эксцэнтрычна — хтосьці зь іх артыст, і вяртаецца з выступу, а хтось проста апрануў майку з партрэтам Пуціна, і толькі праз гэта выглядае нетыпова для тутэйшых мясьцін. Дарэчы, прыежджых з Расеі можа апазнаць і па яшчэ адной прыкмеце: даволі часта яны шпацыруюць па Віцебску з раскаркаванай бутэлькай піва. На папярэджаньні пра тое, што за гэта маецца адміністрацыйная адказнасьць, рэагуюць як на абразу — часам нецэнзурна.
Віцебская прадпрымальніца і актывістка АГП Ірына Яскевіч таксама выйшла ў фэстывальны цэнтар у адмысловай майцы — лёзунгам «Мільён працоўных месцаў».
«У такіх майках мы выходзім на пікеты па зборы подпісаў. Я хачу вылучыцца кандыдатам у дэпутаты, сама ўдзельнічаю ў пікетах. А сёньня мы вырашылі прайсьці па горадзе ў адзеньні з нашай сымболікай. І партыйнай, і той, якая сьведчыць наяўнасьць у АГП сваёй праграмы эканамічных рэформаў. Мы мяркуем, што людзям патрэбная добрая праца, адсюль і лёзунг „Мільён працоўных месцаў“. Нехта заўважае, што майкі незвычайныя, хтосьці распытвае, што да чаго. Тлумачым, распавядаем», — кажа спадарыня Ірына.
Значна паменшала наведнікаў у вулічных кавярнях у параўнаньні зь мінулым годам. Ужо не выстройваюцца даўжэзныя чэргі па шашлык, і пах смажанага мяса разам з дымам ужо не вісіць у паветры, як бывала раней.
Мінакі вітаюцца са знаёмымі, пераходзяць зь месца на месца, спыняюцца каля сьпевакоў або танцораў, што выступаюць на вуліцы. Так для большасьці віцяблян і праходзіць «Славянскі базар» — у прагулянках па горадзе і з канцэртамі па тэлевізары. Калі глядзець тое, што паказваюць штогод, яшчэ застаецца жаданьне.