Па гэтых пытаньнях у Праскім акцэнце спрачаюцца палітолягі: рэдактар парталу IMHOclub.by Аляксей Дзермант, кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі і выкладчык Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш. Вядзе перадачу Юры Дракахруст.
Дракахруст: Ужо некалькі месяцаў працягваецца газавая спрэчка паміж Беларусьсю і Расеяй. Расейскі «Газпром» у траўні абнародаваў лічбу, якую ён лічыць доўгам Беларусі за гэты год — 200 мільёнаў даляраў. Менск доўг не прызнае. Гэтая тэма закраналася на перамовах Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна ў Менску ў чэрвені, але вырашэньня знойдзена не было. Ня вырашылі праблему як віцэ-прэм’еры, гэтак і прэм’еры, які сустракаліся ў Маскве на гэтым тыдні. А ў чэрвені поле супярэчнасьцяў пашырылася, Расея істотна скараціла пастаўкі ў Беларусь нафты. Нарэшце, апошнім часам Рассяльгаснагляд спыніў імпарт зь Беларусі ў РФ сухога малака з шэрагу беларускіх прадпрыемстваў. Ці зьвязаныя паміж сабой гэтыя сюжэты і калі так, то чым?
Класкоўскі: Што тычыцца газавага і нафтавага сюжэту, то яны відавочна зьвязаныя. Расейскі віцэ-прэм’ер Аркадзь Дварковіч адкрытым тэкстам у чэрвені казаў, што пастаўкі нафты скарачаюцца з прычыны недаплаты за газ. А расейскі міністар энэргетыкі Аляксандар Новак яшчэ дадаў, што бярэцца пад ўвагу яшчэ і недапастаўка нафтапрадуктаў на расейскі рынак.
Хаця Масква тут крыху хітруе: Дварковіч казаў, што з-за недаплат беларускага боку за газ расейскі бюджэт недаатрымлівае грошы, пры тым што кіраўнік «Газпраму» Аляксей Мілер паведаміў, што канцэрн атрымлівае спаўна грошы ад сваёй беларускай «дачкі».
Але падставы для незадавальненьня ў іх ёсьць. Што тычыцца скарачэньня паставак нафты, я ўпэўнены, што такое рашэньне не магло прымацца без адмашкі Пуціна. А ён, я мяркую, улічвае ўвесь комплекс двухбаковых дачыненьняў уключна з палітычнымі момантамі.
А вось што тычыцца прэтэнзіяў «Рассяльгаснагляду», я ня думаю, што Пуцін загадаў — чапляйцеся да беларускага малака. Але разам з тым у «Рассяльгаснаглядзе» заўсёды чуйна лавілі крытычны момант.
Прыводзячы ўсё да агульнага назоўніка, можна сказаць, што Масква незадаволеная паводзінамі беларускага хаўрусьніка, па-першае, тым, што ён самавольна ўсталяваў гэтую справядлівую, зь яго пункту гледжаньня цану на газ, і тут пытаньне ня столькі ў суме запазычанасьці, а ў прынцыпе, а, па-другое, у Маскве выклікае раздражненьне пазыцыя Менску ў канфрантацыі РФ зь Кіевам, і з Захадам.
Коктыш: Беларусь аказалася закладніцай тых палітычных боек, якія цяпер адбываюцца ў Расеі. Там адбываецца супрацьстаяньне лібэральнай і патрыятычнай парадыгмаў. Лібэральная парадыгма — гэта манэтарызм, патрыятычная парадыгма пакуль не сфармуляваная. Але барацьба паміж адпаведнымі групамі ідзе.
Беларусь не прапанавала сваёй стратэгіі ў гэтым канфлікце, таму яна аказваецца закладніцай і нават прызам. Бо беларускія актывы могуць разглядацца, як патэнцыйна цікавыя для розных групаў расейскага капіталу.
Той капітал, які ў далярах пераседзеў дэвальвацыю, мае даволі моцны рэсурс, а цэны актываў упалі ўдвая ці нават больш.
Лібэральнае крыло — гэтыя тыя, хто гуртуецца вакол расейскага ўраду, патрыятычнае крыло — тыя, хто спрабуюць гуртавацца вакол Пуціна. У гэтай бойцы трэба было Беларусі адстойваць свае інтарэсы. Мне так і не зразумела, чаму Беларусь ня трапіла ў расейскую праграму імпартазамяшчэньня. Казахстан гэта здолеў зрабіць праз Эўразійскую эканамічную камісію, а Беларусь чакала, што нехта прыйдзе і штосьці ёй запрапануе.
Пуціну і Мядзьведзеву патрэбныя ад Беларусі розныя рэчы. Група Мядзьведзева зацікаўленая ў актывах і грошах, пуцінская група зацікаўленая ў палітычных рэсурсе, у палітычнай падтрымцы.
Я б не сказаў, што Пуцін Беларусь бароніць, ён чакае, што будзе. Лідэр кожнай краіны абіраецца дзеля таго, каб бараніць інтарэсы ўласнай краіны, а не суседняй. Ніхто ня будзе за Беларусь вырашаць яе ўласныя праблемы.
Дзермант: Я заўважу, што вакол гэтых канфліктаў няма выразнага палітычнага фону. Няма такіх яскравых заяваў, якія былі раней, ні ад расейскага боку, ні ад беларускага прэзыдэнта, які звычайна вельмі эмацыйна рэагуе на падобныя супярэчнасьці. Гэта значыць, што гэта сапраўды спрэчка гаспадарчых суб’ектаў і першы матыў тут — грошы. Я тут згодны хутчэй зь меркаваньнем Кірыла Коктыша, бо наяўны рэсурс у Расеі канчаецца і тамтэйшы ўрад шукае грошы ў любых даступных крыніцах. Натуральна, што такі матыў прысутнічае і ў беларускага боку, бо тая самая заява пра зьніжэньне цаны на газ прадыктаваная той самай лёгікай.
Тут я менш бачыў бы палітыку, а больш эканоміку і інтарэсы расейскіх груповак, кланаў. Вэрсія, што асабіста Пуцін нешта там ініцыюе і загадвае ў гэтым канфлікце, на мой погляд малаімаверная. Калі б сапраўды ўключыўся найвышэйшы ўзровень, мы б мелі зусім іншы ўзровень дыскусіі па гэтых тэмах.
Дракахруст: Вы сказалі — «калі б сапраўды ўключыўся найвышэйшы ўзровень». У чэрвені Пуцін прыяжджаў у Менск, было анансавана, што прэзыдэнты будуць абмяркоўваць газавае пытаньне. Па выніках перамоваў было сказана — так, паразмаўлялі на гэты конт і вырашылі, што пытаньне будуць вырашаць урады.
Дзермант: Перамовы эканамічных блёкаў урадаў — гэта не аднамомантавы працэс. Палітычная воля павінная ўжывацца тады, калі перамовы канчаткова зайшлі ў тупік і трэба расьсякаць гэты вузел. Пакуль перамовы ідуць, бакі ўзгадняюць пазыцыі, таргуюцца — гэта нармальная сытуацыя ў міждзяржаўных дачыненьнях. І тут няма патрэбы ўмешвацца палітычна моцным фігурам. Я тут ня бачу экстраардынарнай сытуацыі — звычайныя перамовы ў звычайным рэжыме.
«Гэта не англа-саксонская цывілізацыя, якая грунтуецца на тым, што працэдура непарушная»
Дракахруст: Што тычыцца газавага канфлікту, то як з боку расейскіх, гэтак і многіх беларускіх экспэртаў гучыць пераважна расейская вэрсія: паводле яе Беларусь у свой час не пагадзілася на формулу цаны на газ, якая прывязвала яе да цаны на нафту. Гэта было выгадна, калі нафта была дарагой, аднак стала нявыгадна зараз. Але ж, як казалі яшчэ рымляне, дамовы павінны выконвацца. Ці сапраўды пазыцыя Менску — проста ўпартасьць і капрыз, а вось ня хочам больш плаціць і ня будзем? Ці ўсё ж пазыцыя абапіраецца на нейкія юрыдычныя падставы, на сваю інтэрпрэтацыю падпісаных дамоваў?
Дзермант: Пры тым узроўні саюзьніцкіх дачыненьняў, якія існуюць паміж Беларусьсю і Расеяй, дамовы пры пэўных умовах могуць пераглядацца і пэўныя іх пункты могуць інтэрпрэтавацца па-рознаму.
Беларусі цяпер трэба шукаць дадатковыя рэсурсы, і гэтая сытуацыя прымушае ўрад выступаць з такімі ініцыятывамі. А з расейскага боку існуюць свае прэтэнзіі. Я ня бачу невырашальнай сытуацыі. Цяпер ідзе гандаль пра ўмовы новай дамовы.
Дракахруст: Кірыл, а якой вам бачыцца беларуская пазыцыя — гэта капрыз ці іншая інтэрпрэтацыя таго самага дакумэнту альбо нейкіх іншых дакумэнтаў? Я хачу зьвярнуць увагу, што сытуацыя не такая, што Беларусь, выконваючы літару дамовы, кажа — давайце перагледзім дамову. Не, Беларусь кажа — мы ня будзем плаціць столькі, колькі прадугледжана дамовай. І мы хочам перагляду дамовы, каб і далей не плацілі. Наколькі вам падаюцца абгрунтаванымі такія паводзіны?
Коктыш: У міжнародных зносінах чыстых капрызаў не бывае. Ёсьць нейкія падставы, зачэпкі, інтэрпрэтацыі. Урэшце ўсе разумеюць, што зьмянілася каньюнктура і на добры лад з расейскім бокам можна было б дамовіцца. Гэта не англа-саксонская цывілізацыя, якая грунтуецца на тым, што працэдура непарушная.
У Расеі працэдуру заўсёды можна перагледзець, калі на тое ёсьць воля бакоў. Мне падаецца, што бракуе як раз добрага ладу, узаемнага даверу, прапановаў, як разруліць гэтую сытуацыю. На аднабаковую зьдзелку ніхто ня будзе пагаджацца. Прапановы тут мусілі быць з беларускага боку. У міжнародных зносінах немагчыма сказаць — а я ня буду гэтага рабіць. Можна сказаць — гэтага ня буду рабіць, але вось гэта буду. І давайце дамаўляцца.
«Пакараньне Лукашэнкі за збліжэньне з Захадам?»
Дракахруст: Аляксандар, нашы калегі адмаўляюць палітычную подбіўку канфлікту. Але 7 ліпеня агенцтва Reuters апублікавала камэнтар ананімнай расейскай урадавай крыніцы, паводле якой газавы канфлікт — «пакараньне Аляксандра Лукашэнкі за збліжэньне з Захадам». Ніякага асаблівага збліжэньня, прынамсі, інстытуцыйнага, насамрэч не назіраецца. Але вось факты.
На сэсіі ПА АБСЭ ў Тбілісі Армэнія, як і Расея, прагаласавала супраць рэзалюцыі з асуджэньнем палітыкі Масквы ва Ўкраіне, а Беларусь ня ўзяла ўдзел у галасаваньні. Беларускі пасол пры ЭЗ заявіў, што Беларусь занепакоеная зьяўленьнем дадатковых вайсковых кантынгентаў як на яе заходніх, гэтак і на ўсходніх межах. Пасьля саміту НАТО расейскія палітыкі і экспэрты заяўлялі пра тое, што рашэньні саміту нясуць пагрозу Расеі, намесьніца кіраўніка МЗС Беларусі Алена Купчына выказала ацэнку, што ніякай наўпроставай пагрозы гэтыя рашэньні для Беларусі не ствараюць. Дык можа збліжэньне з Захадам і насамрэч адбываецца? Ці прынамсі аддаленьне ад Расеі, імкненьне да нэўтралітэту дэ-факта?
І факты эканамічных канфліктаў — ці зьвязаныя яны з гэтым наборам фактаў?
Класкоўскі: Я катэгарычна пярэчу тэзе, што ідзе нармальны перамоўны працэс і ніякай палітыкі няма, бо Лукашэнка маўчыць. Гэта не паказьнік. Бо неаднойчы было, як у тым вершы — я маўчу-маўчу, трываю, але хутка загукаю. І я не выключаю, што будуць яшчэ такія тырады і закіды, што Крамлю мала не падасца.
Калі б Беларусь плаціла за газ, але таргавалася за лепшыя ўмовы, гэта былі б нармальныя перамовы. Зь іншага боку, калі б Расея не падавала ў суд і не скарачала ў якасьці пакараньня пастаўкі нафты — гэта таксама былі б нармальныя перамовы.
Цяпер сытуацыя відавочна анамальная. У свой час пры стварэньні Эўразійскага эканамічнага саюзу было больш палітыкі, чым эканомікі. Панападпісвалі сырых дамоваў, якія адна адной супярэчаць. За што чапляецца беларускі бок? Калі Лукашэнку заваблівалі ў мытны зьвяз, то абяцалі, што ў 2015 годзе будуць роўнадаходныя цэны, маўляў, будзе вам танная нафта і танны газ.
Гэтага не адбылося, агульны рынак нафты і газу абяцаюць цяпер толькі да 2025 году. А Беларусі гэтыя ўмовы патрэбныя цяпер. У выніку падманутыя чаканьні. Ну самі па сабе гэтыя квоты. Расея дае 24 мільёны тон бязмытнай нафты. Са свайго боку Беларусь павінна паставіць у РФ мільён тон нафтапрадуктаў. Гэта ж савецкі дзяржплян.
Калі вы абвясьцілі эканамічны саюз, свабоды руху тавараў, капіталу і працоўнай сілы, то яны павінны дзейнічаць. Ніякіх квотаў быць не павінна. Масква імкнулася хутчэй зьбіць хаўрус, і цяпер юрыдычныя нестыкоўкі вылазяць на паверхню.
Да другога вашага пытаньня. Сапраўды, мы бачым мяккае дыстанцыяваньне Менску ад Масквы. Гэта не збліжэньне з Захадам, гэта нармалізацыя адносінаў зь ім, Менск проста навёрствае тое, што страціў за гады санкцыяў. За гады супрацьстаяньня з Брусэлем і Вашынгтонам. Але Масква гэта ўспрымае як здраду, хоць гэта нармальны клопат пра інтарэсы Беларусі. Бо ва Ўкраіне — ня наша вайна, з Турэччынай — таксама ня наш канфлікт, у Сырыі таксама што мы забылі? Але ў Маскве гэта ўспрымаюць як тое, што Лукашэнка пачаў віляць, і я мяркую, што на гэтай нафта-газавай спрэчцы наўпрост адбіваецца гэты комплекс незадаволенасьці Крамля паводзінамі беларускага саюзьніка.
Дзермант: Нафта-газавы канфлікт і названыя вамі, Юры, крокі Беларусі ў сфэры зьнешняй палітыкі — гэта тэмы абсалютна розныя. Спроба іх сплeсьці ў адзін клубок, прадставіць іх супярэчнасьцямі вельмі выгодна. Я разумею, чаму Аляксандар гэта кажа, для яго гэтыя шчылінкі, якія ўзьнікаюць — гэта спажыўная глеба для інтэрпрэтацыяў, стварэньне магчымасьці ўбіць клін у нашыя дачыненьні. Мы ведаем, што былі і больш вострыя канфлікты, прынамсі, зь лібэральнай ельцынскай уладай, Лукашэнка канфліктаваў з пэўнымі крыламі гэтай улады больш рэзка.
Усё адбываецца ў межах дазволенага і ўсе цудоўна разумеюць «чырвоныя лініі» як у Расеі адносна Беларусі, гэтак і ў Беларусі адносна Расеі.
Існуюць пэўныя праблемы ў інтэрпрэтацыях інтэграцыйных праектаў. Але ізноў жа — прагучала тэза, што стварэньне адзінага рынку энэргарэсурсаў было адсунутае насуперак волі Беларусі на 2025 год. Але ж Беларусь гэты графік падпісвала, Эўразійская эканамічная камісія гэты графік зацьвердзіла. Цяпер над гэтым ідзе праца.
Ідзе нармальны працэс, і ня трэба нагнятаць. Калі пазнаёміцца са справаздачай Эўразійскай эканамічнай камісіі, там бачна, якія пункты ўжо выкананыя. Напрыклад, зробленая праца па стварэньні адзінага рынку мэдыкамэнтаў. Трэба больш знаёміцца з працай Эўразійскай камісіі. Хаця гэта не выключае таго, што пэўныя суб’екты, інстанцыі могуць нешта недапрацоўваць. Але камісія і створаная для вырашэньня гэтых праблемаў, і я ня бачу падставаў для расчараваньня.
Падстава для занепакоенасьці — хутчэй бясьпека ў Эўропе. Так, яна ў Беларусі прысутнічае. Але Беларусь проста не нагнятае ваенную гістэрыю, якую мы бачым, напрыклад, з боку Польшчы, Прыбалтыкі ці Ўкраіны. Беларусь не дадае градусу ў гэтую гістэрыю, яна выконвае сваю нармальную ролю стрымліваньня на заходнім накірунку і эканоміі расейскіх рэсурсаў. Бо калі б і Беларусь уцягнулася ў гэты канфлікт, Расеі давялося б узмацняць і беларускае войска, і сваю прысутнасьць на заходнім накірунку. Беларусь сваімі паводзінамі проста стрымлівае гэтую гістэрыку.
Дракахруст: Кірыл, Аляксей нам патлумачыў, што хто павінен казаць. Я вас вучыць гэтаму ня буду, а задам першапачатковае акадэмічнае пытаньне: ёсьць дзьве групы фактаў — адна тычыцца нафта-газавага і іншых канфліктаў, другая — пэўныя крокі Беларусі на міжнароднай арэне. Гэтыя факты паміж сабой зьвязаныя? Незалежна ад таго, спрыяе тая або іншая выснова інтэграцыі Беларусі і Расеі.
Коктыш: Я ня ведаю, як аддзяліць палітыку і эканоміку. Зразумела, гэта часткі аднаго гандлю. Зразумела, што Расея адстойвае свае інтарэсы, але і Беларусь спрабуе манэўраваць, імкнучыся вытаргаваць для сябе больш цікавыя ўмовы, гуляючы і на эканамічным, і на палітычным стале.
Але я пагаджуся з Аляксеем, што гэта застаецца ў пэўных межах, зразумелых для ўсіх бакоў. Пакуль гэта не катастрофа, не каляпс інтэграцыі, гэта проста гандаль.
Чаму маўчыць Лукашэнка?
Дракахруст: Храналёгія канфліктаў паміж саюзьнікамі багатая і працяглая. 2004 год — адключэньне падачы газу, фармулёўка Аляксандра Лукашэнкі «тэрарызм на найвышэйшым узроўні», 2007 год — нафта-газавая вайна з адключэньнем транзыту расейскай нафты, 2009 год — малочная вайна з пагрозай Беларусі блякаваць рашэньні ў межах АДКБ, 2010 год — адключэньне як паставак гэтак і транзыту газу, «Хросныя бацькі» па НТВ. З тае пары такіх маштабных і вострых сутыкненьняў, здаецца, не было, больш па дробязі, ну там «растварыцелі-разбавіцелі» ды «беларускія крэвэткі».
Дык вось падчас тых канфліктаў некаторыя казалі — ды раздушыць Расея Беларусь адным пальцам, чаго ўпарціцца? Але неяк не раздушвала ці ня кожны раз раздушвала. Зараз будзе тое самае? Ці ўсё ж Расея пасьля Крыму, Данбасу, Сырыі іншая, больш рэзкая, больш рашучая (паводле нечай ацэнкі — больш агрэсіўная), і на яе ўжо ня дзейнічаюць аргумэнты, стымулы і рызыкі, якія дзейнічалі раней? Аляксей, вы на пачатку нашай размовы адзначылі, што ў адрозьненьне ад папярэдніх канфліктаў Лукашэнка маўчыць. Магчыма, і сапраўды таму, што, як вы сказалі, канфлікт не такі ўжо і востры. А магчыма таму, што тая рыторыка на посткрымскую Расею ўжо не падзейнічае?
Дзермант: Мне здаецца, што ў прэзыдэнтаў Пуціна і Лукашэнкі ёсьць вельмі шчыльная наўпроставая сувязь. Калі раней Лукашэнка рабіў розныя рэзкія заявы, відаць, такой камунікацыі, такога збліжэньня не было. Я мяркую, што гэтае збліжэньне, зьяўленьне мэханізму ўзгадненьня пазыцыяў як раз пасьля Крыму і зьявілася.
Мая гіпотэза палягае ў тым, што любыя зьнешнепалітычныя крокі Беларусі вельмі шчыльна абмяркоўваюцца з расейскімі партнэрамі. Каб, з аднаго боку, была магчымасьць стварыць карцінку, што Беларусь вядзе самастойную гульню, а з другога боку, каб не раздражняць расейскае кіраўніцтва. Хаця грамадзтву могуць падавацца самыя розныя вэрсіі, кшталту «Беларусь сыходзіць».
Расеі такі імідж Беларусі выгодны, Беларусь мае магчымасьць манэўру, стрымліваньня тых самых нашых заходніх суседзяў, якія не ўспрымаюць нас абсалютна тоеснымі Расеі.
Беларусь выдатна выкарыстоўвае гэтую магчымасьць, нарошчваючы свой геапалітычны імідж. Але маё глыбокае перакананьне, што гэта ўсё ўзгодненая гульня.
Дракахруст: Кірыл, трактоўка Аляксея парадаксальным чынам супадае з поглядамі самых зацятых крытыкаў беларускага прэзыдэнта. Паводле іх, усе рухі цела Беларусі ў бок нібыта большай незалежнасьці, нэўтралітэту — гэта ўсё тонкая крамлёўская гульня. На ваш погляд, гэта так?
Коктыш: Зразумела, не. На постсавецкай прасторы пераважная большасьць урадаў ня ведаюць, як гуляць у складаныя гульні. Лічаць максымум на два хады. Хіба толькі Нурсултан Назарбаеў умее гуляць больш працяглыя шматхадоўкі. Зразумела, Беларусь — самастойная, сувэрэнная краіна і дзейнічае, зыходзячы са сваіх інтарэсаў, як яна іх усьведамляе.
Расея таксама сувэрэнная краіна, і вызначэньне выгодаў і стратаў у яе стасунках зь Беларусьсю — гэта жывы працэс.
Я пагаджуся з тым сэнсам, які быў закладзены ў вашае, Юры, апошняе пытаньне. Беларусі насамрэч бракуе веданьня Расеі. Ёсьць інтуітыўнае адчуваньне, няма разуменьня сыстэмы каардынатаў.
Цяпер расейская парадыгма зьмянілася, і якая сыстэма каардынатаў зараз будзе, за што ідзе барацьба — гэта не асэнсавана ў Беларусі.
Гэта абумоўлівае і маўчаньне першай асобы. Лукашэнка прывык гаварыць тады, калі яго слова нешта важыць. А цяпер незразумела, што будзе важыць, што спрацуе. Адсюль і маўчаньне.
І гэта праблема і ўраду, і аналітычнай супольнасьці. Бо калі ўся міжнародная палітыка базуецца на інтуіцыі адной асобы ці некалькіх першых асобаў, то гэта не сыстэмнае вырашэньне пытаньня.
Дракахруст: Аляксандар, а можа ў гэтай сытуацыі Лукашэнка дэманструе не такую кепскую інтуіцыю? Бо раней, калі ён абвінавачваў «тлустых катоў» з «Газпрому», гэта знаходзіла водгук у расейскай грамадзкай думцы. А цяпер іншая Расея, магчыма, яна гэткую рыторыку ўжо не ўспрымае. Можа, ён гэта выдатна разумее?
Класкоўскі: Лукашэнка цяпер вельмі ўразьлівы нават у эканамічным пляне, нават калі ня браць пад увагу прагнозы алярмістаў наконт гібрыднай вайны.
Зьменшаныя пастаўкі нафты, гэта ўжо ўдар па бюджэце. У Менску цяпер чакаюць чарговы транш крэдыту Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця. Яшчэ адзін момант, пра які казаў Кірыл — умовы доступу на расейскі рынак, пусьцяць ці ня пусьцяць малако, уключаць ці ня ўключаць у праграму імпартазамяшчэньня. Зь іншага боку, я б сказаў, што і Пуцін не такі рэзкі. Бо і яго эканоміка падціскае. І на Пецярбурскім форуме ён зрабіў шэраг прымірэнчых заяваў, днямі зь дзяржсакратаром ЗША Джонам Керы сустракаўся, падобна на тое, што рыхтуецца «зьліў» Данбасу.
Гібрыднай вайной на Беларусь за газавы доўг ён ня пойдзе. Лукашэнку могуць прымусіць гэты доўг сплаціць, каб не ствараць прэцэдэнту, але потым, магчыма, дадуць і зьніжку на газ.
Масква не зацікаўленая, каб беларуская эканоміка абвалілася. Так што я ў гэтым сэнсе згодны з суразмоўцамі, што пакуль «заклятыя хаўрусьнікі» будуць існаваць у сваім стылі: то сварыцца, то зноў дэманстраваць перад тэлекамэрамі гумавыя ўсьмешкі.
Але казаць, што ўсё вернецца на колы свае, я б ня стаў. Мой прагноз, што Лукашэнка будзе імкнуцца пакрысе адбудоўвацца ад Расеі з трох прычынаў.
Па-першае, зьмяншаюцца расейскія субсыдыі. Па-другое, Расея ня можа даць сучасныя тэхналёгіі. І, па-трэцяе, таму што беларускае кіраўніцтва баіцца імпэрскіх інстынктаў Масквы.