Ці паўплывае байкот сямі арганізацыяў на ход выбарчай кампаніі

Ці паўплывае на выбары адмова ад удзелу ў іх Беларускага нацыянальнага кангрэсу?

Абмяркоўваюць: Валер Карбалевіч, Уладзімер Глод, Ігар Карней


Глод: Лідэры арганізацыяў, якія ўваходзяць у Беларускі нацыянальны кангрэс, сёньня выступілі з адмысловай заявай. Яны рашуча адмаўляюцца ўдзельнічаць у так званых парлямэнцкіх выбарах, якія прызначаныя на верасень. Выбарчую кампанію падпісанты адназначна называюць фарсам.

Тое, што заява зьявілася толькі цяпер, прадстаўнікі рады Беларускага нацыянальнага кангрэсу тлумачаць так. Яны да апошняга спадзяваліся, што ўлада ўсьведамляе ўсю сур’ёзнасьць сытуацыі, у якой знаходзіцца сёньня Беларусь. Але, на жаль, «...цяперашні палітычны рэжым зноў вырашыў захаваць самога сябе, прапанаваўшы народу ня выбары, а фарс. Уся адказнасьць за наступствы такога рашэньня кладзецца на ўладу».

Удзельнічаць у выбарчым фарсе, садзейнічаць уладзе ў падмане народа, падзяляць адказнасьць за згубную для краіны палітыку Беларускі нацыянальны кангрэс адмаўляецца.

Лідэры БНК заяўляюць, што Беларусі патрэбныя свабодныя і дэмакратычныя выбары. Дамагчыся такіх выбараў можна толькі ціскам на рэжым усім беларускім грамадзтвам. Таму, адмаўляючыся ад удзелу ў чарговым палітычным спэктаклі, прадстаўнікі БНК публічна абвясьцілі сваё рашэньне зладзіць 12 верасьня ў Менску масавую акцыю з патрабаваньнем свабодных і справядлівых выбараў.

Супольную заяву падпісалі Станіслаў Шушкевіч, Мікалай Статкевіч, Андрэй Саньнікаў, Уладзімер Някляеў, Зьміцер Дашкевіч, Вячаслаў Сіўчык і Вацлаў Арэшка. Адразу кідаецца ў вочы, што толькі спадар Шушкевіч прадстаўляе афіцыйна зарэгістраваную ў Беларусі партыю — Беларускую сацыял-дэмакратычную Грамаду. Астатнія лідэры прадстаўляюць структуры, якія зарэгістраваныя за мяжой, кшталту «Маладога фронту», або не зарэгістраваныя наагул нідзе, як, напрыклад, «Беларускі рух».

Сапраўдны байкот — гэта калі людзі бачаць пустыя выбарчыя ўчасткі. Але такога ў Беларусі яшчэ не было. І пасьля сёньняшняй заявы таксама ня будзе.

Як асобы гэтыя лідэры карыстаюцца пэўнай вагой, павагай і аўтарытэтам. Аднак структуры, ад імя якіх яны выступаюць, ні ў якім разе не назавеш масавымі. Таму адразу думаецца: а ці заўважаць іхную пазыцыю іншыя, ці паўплывае байкот сямі арганізацыяў на ход выбарчай кампаніі? Мне падаецца, не.

Ці можа быць эфэктыўным байкот выбараў у беларускіх умовах? Гэтую тэму мы абмяркоўвалі, у тым ліку і ў праграме «Трайны ўдар», неаднойчы. Сапраўдны байкот — гэта калі людзі бачаць пустыя выбарчыя ўчасткі. Але такога ў Беларусі яшчэ не было. І пасьля сёньняшняй заявы таксама ня будзе.

Таму я ўпэўнены, што на ход выбарчай кампаніі заява Беларускага нацыянальнага кангрэсу ніяк не паўплывае. Ці згодныя вы, калегі, з маім меркаваньнем?

Карней: Пачынаючы яшчэ ад першых рэфэрэндумаў 20-гадовай даўнасьці, калі стала зразумела, што да працэсу падліку галасоў падключаюцца сумнеўныя схемы, давер да выбараў як інстытуту свабоднага волевыяўленьня хай ня зьнік цалкам, але істотна пахіснуўся.

Што рабіць? — пытаньне, якое апанэнты ўздымаюць напярэдадні практычна кожнай значнай палітычнай кампаніі. Але як ні стараюцца аб’яднацца, кансалідавацца, нічога не выходзіць.

Спачатку доўга разгойдваюцца, вагаюцца. Нарэшце хтосьці заяўляе, што трэба прынамсі спрабаваць праціснуцца ў «палатку» ці кандыдатам на прэзыдэнта. Астатнія неадкладна вінавацяць яго ў прыслужніцтве і легітымізацыі незаконнай улады.

Супярэчнасьці ў лягеры дэмакратаў падчас сёлетніх выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў навідавоку.

Супярэчнасьці ў лягеры дэмакратаў падчас сёлетніх выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў навідавоку. Адны пераконваюць, што на фоне лібэралізацыі і спробаў наладзіць стасункі з Эўразьвязам шанцы трапіць у Авальную залю падвышаюцца, другія ўпэўненыя ў іншым: за два дзясяткі гадоў ніводзін апазыцыянэр так і ня быў дапушчаны ў парлямэнт, дык што мае зьмяніцца гэтым разам?

Выглядае, што астатняя частка агітацыйнай кампаніі будзе праходзіць на два франты: палова будзе працягваць зьбіраць подпісы за сваіх кандыдатаў, другая палова будзе ганьбіць першую за здраду прынцыпам дэмакратыі. І колькі апанэнты будуць існаваць паводле прынцыпу недаверу і падазронасьці, столькі гэта будзе на руку ўладам.

Зьвяртае на сябе ўвагу і нестыкоўка ў паводзінах некаторых падпісантаў ад імя Беларускага нацыянальнага кангрэсу. Так, былы палітзьняволены, экс-кандыдат у прэзыдэнты Мікола Статкевіч хоць і паставіў подпіс пад байкотам парлямэнцкіх выбараў, але перад гэтым падаў дакумэнты ў акруговую выбарчую камісію на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы. Загадзя ведаючы, што адказ будзе адмоўны — з палітыка ня зьнятая судзімасьць па выніках адседкі за прэзыдэнцкую кампанію 2010 году.

Сам спадар Статкевіч казаў, што такім чынам хацеў «праверыць сыстэму» — у якой ступені тая дэмакратызавалася. Аднак нядаўнія зьмены ў Выбарчы кодэкс трактуюць падобныя «закіды» адназначна, не пакідаючы шанцаў такім кандыдатам — і ня важна, крымінальны быў тэрмін ці палітычны.

Пакуль няма парадку і паразуменьня ў шэрагах змагароў, наўрад ці рэжым будзе адчуваць хоць які дыскамфорт.

Карбалевіч: Найперш, варта заўважыць, што заява лідэраў Беларускага нацыянальнага кангрэсу ня стала нечаканай. Гэтыя палітыкі і раней даволі скептычна ставіліся да ўдзелу ў выбарах.

Статкевіч ня можа ў іх удзельнічаць паводле закону. Някляеў заўсёды казаў, што трэба ставіць ультыматум уладам, і калі тыя яго ня выканаюць, то ня трэба ўдзельнічаць у выбарах. Ён нават хацеў зьняцца з прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году, калі быў кандыдатам у прэзыдэнты. Шушкевіч таксама даўно ня ўдзельнічае ў выбарчых кампаніях. Саньнікаў жыве ў эміграцыі.

На што яшчэ варта зьвярнуць увагу. Аўтары заявы не заклікаюць да байкоту, не заклікаюць іншыя апазыцыйныя арганізацыі ня ўдзельнічаць, зьняцца з выбараў. Чаму? Бо разумеюць агульную атмасфэру, якая дамінуе ў апазыцыйным асяродзьдзі. І ў гэтым прынцыповае адрозьненьне ад кампаніі 2012 году, дзе была нават сварка паміж тымі арганізацыямі, якія заклікалі да байкоту, і тымі, якія ішлі да канца.

Ва ўсіх на памяці падзеі 19 сьнежня 2010 году, калі ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў адбыўся жорсткі пагром апазыцыі. Відавочна, што тая траўма цісьне і на апазыцыю, і на ўладу.

Дарэчы, і падчас прэзыдэнцкіх выбараў большасьць апазыцыйных арганізацыяў заклікалі свой электарат ня ўдзельнічаць. Памятаеце, як Анатоль Лябедзька казаў, што ў дзень выбараў паедзе ў грыбы. А вось цяпер толькі канстатуюць: мы ня ўдзельнічаем, бо выбары несправядлівыя, і кропка.

Яшчэ адзін момант. Аўтары заявы заклікаюць правесьці акцыю пратэсту 12 верасьня. Звычайна падчас ранейшых кампаніяў апазыцыя арганізоўвала такую акцыю ў дзень выбараў. Парлямэнцкія выбары адбудуцца 11 верасьня, у нядзелю. А на вуліцу заклікаюць наступным днём, у панядзелак.

Нагадаю, тое самае адбывалася і падчас прэзыдэнцкіх выбараў. Акцыі пратэсту Статкевіч арганізоўваў да выбараў, пасьля выбараў, але ня ў сам дзень галасаваньня. Думаю, ва ўсіх на памяці трагічныя падзеі 19 сьнежня 2010 году, калі ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў адбыўся жорсткі пагром апазыцыі. Відавочна, што тая траўма цісьне і на апазыцыю, і на ўладу.