Жанчына ў Ніцы зранку: «Сытуацыя цалкам спакойная і годная»

Мужчына сядзіць на набярэжнай побач з францускім сьцягам. Ніца, раніца 15 ліпеня 2016 году

Пасьля здарэньня, якое называюць тэрактам і якое забрала больш за восем дзясяткаў жыцьцяў, Ніца вяртаецца да мірнага жыцьця.

Спадарыня Сьвятлана жыве ў Манака, прыехала ў Ніцу да сына, які навучаецца там, на сьвяткаваньне нацыянальнага сьвята Францыі 14 ліпеня.

Яна не была сьведкам тэракту і не наважваецца пра яго расказваць: пакуль мала чаго вядома. Але, знаходзячыся проста на вуліцы ў Ніцы, прайшоўшы праз порт і прамэнад, яна кажа Свабодзе пра цяперашнюю сытуацыю:

«Пакуль ніхто нічога ня ведае і ня можа сказаць пра здарэньне. Проста жах і ўсё. Але цяпер сытуацыя цалкам спакойная і годная. Усе гуляюць, ходзяць-бегаюць, як звычайна ў Ніцы, займаюцца спортам, п’юць каву. Нават больш, чым спакойна — спадзяюся, гэта не зацішша перад навальніцай, але думаю, усё будзе добра.

У паліцыі дастаткова добра вышкалены пэрсанал. Фэйс-кантроль праходзяць усе і паўсюль, але нейкіх адмысловых блёкпастоў няма, гэта робіцца, я думаю, проста пунктамі. Нічога надзвычайнага не адбываецца, спэцслужбы, паліцыя і вайсковая паліцыя ведаюць сваю справу.

Усе мае знаёмыя і сябры жывыя, усе адно аднаго знайшлі за ноч. На прамэнадзе адкрыліся ўсе гатэлі і рэстарацыі, нехта там перачакаў, нехта далей ішоў. Усе былі вельмі згуртаваныя, дапамагалі адно аднаму».

***

Ніцы грузавік тараніў натоўпы людзей: 84 ахвяры тэракту

Позна ўвечары 14 ліпеня грузавы аўтамабіль заехаў у натоўп людзей падчас сьвяткаваньня Нацыянальнага сьвята Францыі ў Ніцы. Паводле паліцыі, загінулі як найменей 84 чалавекі.​ Прычына здарэньня пакуль невядомая, прэзыдэнт Францыі гаворыць пра «тэрарыстычную прыроду атакі». Беларускі МЗС пакуль на падзею ніяк не рэагуе, пра беларусаў сярод ахвяраў пакуль не паведамляецца.