У Ніцы грузавік тараніў натоўпы людзей: 84 ахвяры тэракту

Your browser doesn’t support HTML5

Грузавы аўтамабіль заехаў у натоўп людзей падчас сьвяткавання Дня ўзяцьця Бастыліі ў Ніцы. Паводле паліцыі, загінулі як найменей 84 чалавекі.​

Прычына здарэньня пакуль невядомая, прэзыдэнт Францыі гаворыць пра «тэрарыстычную прыроду атакі». Мясцовая прэфэктура заклікала людзей не пакідаць дамы.

Прэзыдэнт Франсуа Алянд абвясьціў трохдзённую жалобу, пачынаючы з суботы.

Інцыдэнт адбыўся на Ангельскай набярэжнай у Ніцы, дзе людзі сабраліся глядзець сьвяточны салют. Паводле сьведкаў, белы грузавік даўжынёю 15 мэтраў ехаў з хуткасьцю 90 км на гадзіну. Людзі спрабавалі спыніць грузавік, чапляючыся за дзьверы і фургон, але ён ехаў занадта хутка. На месцы здарэньня «шмат крыві, відавочна, многія паранены», распавёў мясцовы журналіст.

Тэракт у Ніцы. Фота

Фотагалерэя ў вялікім памеры тут

Па зьвестках Sky News і Nice Matin, тэракт зьдзейсьніў 31-гадовы тунісец з францускім відам на жыхарства. Nice Matin са спасылкай на ўласныя крыніцы называе імя: Мухамад Лахуідж Бугляль. У яго кватэры, кажа выданьне, зранку праводзіліся ператрусы. Паведамляецца, што ён страляў зь пісталета да таго, як паліцыя яго застрэліла. Пра нейкія радыкальныя погляды мужчыны невядома.

Як паведамляе францускае выданьне Le Figaro, Мухамад Лахуідж Бугляль узяў грузавік на пракат некалькі дзён таму. Таксама вядома, што грузавы аўтамабіль быў арандаваны ў рэгіёне Праванс-Альпы-Лазурны бераг.

Прэсавы сакратар МУС паведаміў, што падчас здарэньня не было ўзяцьця закладнікаў. Міністар унутраных справаў Францыі Бэрнар Казьнёў выехаў у Ніцу. Прэм'ер-міністар Францыі Манюэль Вальс узначаліў крызісную групу.

Прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд вяртаецца з Авіньёну ў Парыж у сувязі са здарэньем. У відэазвароце ён фактычна назваў здарэньне тэрактам: «Нельга адмаўляць тэрарыстычную прыроду атакі ў Ніцы».

Экспэрты ў пытаньнях тэрарызму зазначаюць, што «почырк» злачынства можа сьведчыць пра дачыненьне да яго «Ісламскай дзяржавы», прадстаўнікі якой неаднаразова заклікалі патэнцыйных тэрарыстаў да правядзеньня менавіта такіх актаў з выкарыстаньнем грузавікоў.

Беларускае МЗС выступіла з афіцыйнай заявай у сувязі з тэрактам у Ніцы ўначы 14 ліпеня. Тэракт у беларускім зьнешнепалітычным ведамстве называюць «жахлівым злачынствам». Пра беларусаў сярод ахвяраў пакуль не паведамляецца.

Намесьнік прэфэкта Сэбасцьян Юмбэр распавёў, што кіроўца грузавіка быў застрэлены паліцыяй. У грузавіку знойдзеная зброя.

Сьцьвярджаецца, што грузавік езьдзіў зігзагамі, каб забіць як мага больш людзей. Паводле інфармацыі паліцыі, кіроўца быў забіты. Адзін з удзельнікаў нападу, які ўцёк і схаваўся ў адным з рэстаранаў, быў ”нэўтралізаваны”.

Пасьля здарэньня таксі бясплатна развозяць людзей з набярэжнай.

Рэжым надзвычайнага становішча, уведзены пасьля парыскіх тэрактаў у лістападзе 2015 года, працягнуты на тры месяцы. Улады Ніцы скасавалі ўсе грамадзкія мерапрыемствы і буйныя канцэрты на бліжэйшыя дні, закрылі пляжы.

Жанчына ў Ніцы зранку: «Сытуацыя цалкам спакойная і годная»

Спачуваньні Францыі выказалі шматлікія палітыкі, у тым ліку дзяржсакратар ЗША, канцлер Нямеччыны і прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі, старшыня ўраду Гішпаніі, прэзыдэнт Кітая, прэм’ер-міністар Расеі.

У выніку тэракту загінуў адзін украінец, яшчэ адзін атрымаў раненьні. Пра гэта паведаміў міністар замежных спраў Украіны Паўло Клімкін.