Нафтагазавая вайна: чый ход у патавай сытуацыі

Якія наступствы для Беларусі ад «нафтагазавай вайны» з Расеяй.

Абмяркоўваюць: Валер Карбалевіч, Уладзімер Глод, Юры Дракахруст.


Карбалевіч: Зьявілася інфармацыя пра першыя наступствы скарачэньня паставак расейскай нафты на беларускія НПЗ. Нагадаю, што паводле міжурадавых дамоўленасьцяў Расея павінна была паставіць сёлета ў Беларусь 23 млн т нафты. Але ў адказ на тое, што Беларусь у аднабаковым парадку стала плаціць за газ удвая менш, чым прадугледжана кантрактам, РФ аб’явіла, што скарачае пастаўкі нафты на 5 млн т. Паводле інфармацыі з расейскіх крыніц, ужо ў ліпені пастаўкі нафты на беларускія НПЗ скараціліся на 40%.

І гэта адразу стварыла крытычную сытуацыю. У такіх умовах НПЗ ня могуць адначасова забясьпечваць унутраны рынак нафтапрадуктамі і ладзіць экспарт у ранейшых аб’ёмах. Таму у чацьвер 14 ліпеня беларускія заводы атрымалі ад уладаў краіны вуснае распараджэньне прыпыніць адгрузкі паліва на экспарт да асобага распараджэньня. Як вынік, прыпынены экспарт паліва па спотавых і доўгатэрміновых кантрактах як ва Ўкраіну, так і па іншых напрамках.

Мусіць, праз 2-3 дні ўлады разьбяруцца, у якіх кірунках экспарт можна ўвогуле спыніць, у якіх — скараціць, а у якіх — аднавіць далейшы экспарт. То бок, улады цяпер разьбіраюцца, як мінімізаваць страты. Праблема ў тым, што ў доўгатэрміновых кантрактах павінна быць зафіксавана адказнасьць бакоў за іх парушэньне. Могуць быць судовыя позвы, патрабаваньне кампэнсацыі за непастаўкі прадукцыі.

Страты ад скарачэньня паставак расейскай нафты для Беларусі большыя, чым прыбытак ад недаплаты за газ.

Вось цяпер ідзе суд над бацькам і сынам Япрынцавымі. Іх судзяць якраз за тое, што грошы атрымалі, а нафтапрадукты замежных партнэрам не паставілі. То бок сытуацыя скандальная як з эканамічнага, так, магчыма, і з палітычнага гледзішча. Бо экспартам нафтапрадуктаў займаюцца ў асноўным дзяржаўныя структуры.

Як мне падаецца, страты ад скарачэньня паставак расейскай нафты для Беларусі большыя, чым прыбытак ад недаплаты за газ. Ёсьць жа яшчэ і іншыя наступствы: скарачэньне валютных паступленьняў, памяншэньне золатавалютных рэзэрваў. Могуць узьнікнуць дадатковыя цяжкасьці з выплатай дзяржаўнага доўгу, абменны курс рубля пойдзе ўніз.

Дарэчы, міністар энэргетыкі РФ Аляксандр Новак казаў, што «пастаўкі нафты ў Беларусь могуць быць павялічаныя, калі Менск выканае свае абавязацельствы па газе». Але Менск упарціцца. Мусіць, тут ужо дзейнічаюць ня толькі чыста эканамічныя, камэрцыйныя чыньнікі, але іншыя, палітычныя, магчыма, псыхалягічныя. Лукашэнка ня хоча саступаць. Цалкам верагодна, што бліжэйшым часам мы пачуем з вуснаў кіраўніка Беларусі ўсю праўду пра вераломнасьць Крамля.

Глод: Мне падаецца, што Беларусь невыпадкова ўступіла ў нафтагазавую вайну з Расеяй. У Менску не сумняваюцца ў сваім посьпеху. Чаму? Такіх войнаў было даволі шмат, не адна і ня дзьве. І толькі аднойчы афіцыйны Менск фактычна саступіў, калі вымушаны быў купляць дарагую нафту ў Вэнэсуэле і прасіць пазыку ў Ільхама Аліева. У іншых выпадках перамога была за Беларусьсю.

Цяпер, праўда, некаторыя экспэрты кажуць, што далей Масква ня будзе саступаць таму, што ёй самой не хапае грошай. Так, расейскай эканоміцы і фінансам цяпер складана. Але ж усё пазнаецца, як вядома, у параўнаньні. Так, для Менску сёньня 200-300 мільёнаў даляраў — значныя грошы. А для Масквы, нягледзячы на крызіс, па-ранейшаму — драбяза. Таму, на мой погляд, эканамічную вэрсію таго, што Масква выбівае даўгі з Беларусі, цяжка ўспрымаць усур’ёз. Расея перажыве і бяз гэтых грошай.

У Крамлі можа ўзьнікнуць пытаньне: а ці патрэбна і надалей фінансаваць такога хаўрусьніка?

А вось палітычны фактар гэтай вайны навідавоку. Раней Менск і Масква на міжнароднай арэне заўжды выступалі разам. Бадай, адзінае выключэньне — Паўднёвая Асэтыя і Абхазія. Менск дагэтуль не прызнаў іх самастойнасьць. Але ж апошнім часам усё даволі істотна зьмянілася. Падыходы Расеі і Беларусі да падзеяў ва Ўкраіне зусім не аднолькавыя. Маскву вельмі турбуюць апошнія рашэньні НАТО пра разьмяшчэньне батальёнаў гэтай структуры ў Польшчы і краінах Балтыі, у Менску да іх ставяцца спакойна. У Тбілісі на сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ беларуская дэлегацыя не падтрымала Расею пры галасаваньні па «крымскай» рэзалюцыі.

Таму пытаньне ў Крамлі можа ўзьнікнуць толькі адно: а ці патрэбна і надалей фінансаваць такога хаўрусьніка? Можа, лепей пачакаць і паглядзець, што з гэтага будзе надалей? І зусім невыпадкова такая аўтарытэтная агэнцыя як Reuters, сьцьвярджае, што скарачэньнем нафтавых паставак Масква дэ-факта карае Лукашэнку «за разварот да Захаду і крытычныя выказваньні на адрас Расеі».

Ускоснае пацьверджаньне гэтаму — рашэньне расейскага кіраўніцтва разьмясьціць дадатковае войска ў Смаленскай і Бранскай абласьцях

Да якой мяжы Крэмль згодны на саступкі? Дзе тая лінія, за якую заступаць нельга?

Такім чынам, пры вырашэньні праблемы энэрганосьбітаў галоўны падыход — палітычны. І тут я паставіў бы пытаньне так: а да якой мяжы Крэмль згодны на саступкі? Дзе тая лінія, за якую заступаць нельга? Для Расеі гэта няпростае рашэньне. Галасаваньне ў Тбілісі, дзе супраць асуджэньня Расеі выступіла толькі адна Армэнія, паказвае: хаўрусьнікаў у Крамля зараз амаль няма. Таму згубіць у гэтым пляне Беларусь — вельмі вялікая рызыка.

Дракахруст: Згодны, што гэта даволі тонкая гульня, прычым зусім невідавочна, дзе ў каго праходзяць чырвоныя лініі, апошнія пазыцыі, якія нельга саступаць.

Усё калісьці адбываецца ўпершыню. Шматлікія крызысы, якія былі раней у двухбаковых адносінах, усё ж адбываліся да Крыму, а зараз Расея такая, якая ёсьць — посткрымская. Але варта прыгадаць, што падчас папярэдніх канфліктаў многія меркавалі, што Расея раздушыць Лукашэнку, у яго ж ніякіх козыраў няма, чаго ён упарціцца, калі ўсё роўна прайграе. А высьвятлялася, што, магчыма, ня ўсё тыя экспэрты ў беларуска-расейскіх адносінах разумелі, і ўпартасьць Менску, «дыпляматыя скандалу» вельмі часта мелі плён.

Ня выключана, што ў гэтай сытуацыі плён можа быць, бо калі б Беларусь была прыціснутая да сьценкі, то знайшліся б тыя 200 мільёнаў даляраў заплаціць Газпрому. А паколькі займаецца такая ўпартая пазыцыя, то магчыма Лукашэнка ведае нешта такое, чаго ня ведаем мы, у тым ліку і пра Расею.

У папярэдніх скандалах Лукашэнка вельмі разьлічваў на расейскую грамадзкую думку. Зараз гэты разьлік не зусім спраўджваецца.

Аднак зараз статус посткрымскай Расеі можа ўплываць на ідэалягічны фон канфлікту. Можна прыгадаць, як у 2004 годзе Лукашэнка казаў, што адключэньне газу — гэта «тэрарызм на вышэйшым узроўні». Тады для значнай часткі расейцаў ён быў больш блізкі, чым Пуцін, ён быў такі «апошні салдат СССР», а Пуцін нейкі незразумелы, да Захаду заляцаецца. А зараз зусім іншая Расея. 80% рэйтынг у Пуціна, Лукашэнку такі ніколі і ня сьніўся.

Калі б ён пачаў абвінавачваць Крэмль у ранейшай манэры, быў бы хутчэй адваротны эфэкт, яго б пачалі «пакаваць» у ворага Расеі. У папярэдніх скандалах Лукашэнка вельмі разьлічваў на расейскую грамадзкую думку. Зараз гэты разьлік не зусім спраўджваецца, хоць гэта пытаньне. Перасьцярога згубіць Беларусь і на Пуціна цісьне. І таму канфлікт пакуль працягваецца, гэта фактычна вайна нэрваў, і ня факт, што Пуцін яе абавязкова выйграе.

Карбалевіч: Зразумела, што гэтае рашэньне пра скарачэньне паставак нафты было прынятае ў Расеі на вышэйшым ўзроўні. І Пуцін, безумоўна, меў на ўвазе ўвесь палітычны кантэкст. Але я думаю, што дамінуючай прычынай былі не заляцаньні Беларусі да Захаду, а газавае пытаньне, бо тое, што Беларусь у аднабаковым парадку сама ўстанавіла сабе цану на газ, стварае пэўны прэцэдэнт. Тады іншыя спажыўцы расейскага газу таксама могуць пайсьці па беларускаму шляху, таму тут Расея саступаць ня хоча.

Дракахруст: Хацець-та яна ня хоча, але і раней не хацела. Але часам і саступала. Ці не махне яна рукой і гэтым разам, як рабіла шмат разоў раней?