Крыстафэр Мілер, Расейская служба РС
Андрэю Турчанку было ўсяго сем ці восем гадоў, калі ў пачатку 1990-х гадоў бацька прывёў яго да помніка Леніна, усталяванага на бульвары Шаўчэнкі ў Кіеве, каб расказаць пра правадыра бальшавікоў. Як успамінае Турчанка, бацька адчуваў настальгію па савецкіх часах. На гэтым тыдні Турчанка чарговы раз прыйшоў на бульвар, але ўжо з сваім пяцігадовым сынам Аляксандрам — каб даць яму свой урок гісторыі. І зрабіць сэлфі там, дзе 67 гадоў стаяла статуя Леніна.
Цяпер яе няма — помнік зьнесьлі ўдзельнікі Эўрамайдану ў 2013 годзе. Да пустога пастамэнта прыстаўленая лесьвіца, і любы ахвочы можа забрацца на яго, пастаяць на месцы Леніна і расказаць пра свае адчуваньні. Для Андрэя і Аляксандра Турчанкаў фатаграфія стала сымбалем вызваленьня іх радзімы. «Я сказаў сыну, што адсутнасьць Леніна азначае, што Ўкраіна цяпер свабодная», — кажа Андрэй.
Ідэя мастацкай жывой інсталяцыі пад назвай «Усяляючыся ў цені» належыць мэксыканцы Сінтыі Гут’ерэс. Яе мэта, распавядае Сінтыя, «ініцыяваць дыскусію і развагі аб гістарычнай памяці, абрынутай сыстэме, пустаце, самаідэнтыфікацыі і занятай прасторы». Арганізатарам стаў цэнтар культурных ініцыятыў «Ізаляцыя», які быў вымушаны пераехаць з Данецку ў Кіеў пасьля таго як ў 2014 годзе ў Данбасе пачаліся баявыя дзеяньні. «Усяляючыся ў цені» — частка вялікага экспазыцыйнага праекту «Сацыяльны кантракт», прысьвечанага публічнай сымболіцы ва Ўкраіне. Выстава будзе працаваць у цэнтры «Ізаляцыя» да 24 жніўня.
Статуя Леніна на бульвары Шаўчэнкі была зьнесена актывістамі Майдану і раздробленая на кавалкі 8 сьнежня 2013 году. Для многіх украінцаў гэтая падзея стала сымбалем імкненьня Ўкраіны праводзіць незалежную ад Масквы палітыку і права яе грамадзянаў самім вызначаць свой лёс. Па ўсёй краіне было зьнесена больш за тысячу дзьвесьце статуй і бюстаў Леніна — працэс пазбаўленьня ад помнікаў правадыра сусьветнага пралетарыяту ва Ўкраіне назвалі «Ленінапад». Імкненьне да дэкамунізацыі Ўкраіны, вызваленьня ад савецкай спадчыны ўключае ў сябе ня толькі знос помнікаў — у краіне перайменаваны некалькі дзясяткаў гарадоў, вуліц, плошчаў. З фасадаў будынкаў прыбіраюць сымбалі камуністычнай эпохі — такія, як скрыжаваныя серп і молат.
Але дэкамунізацыя падабаецца далёка ня ўсім, асабліва на ўсходзе Ўкраіны, дзе традыцыйна моцныя сувязі з Расеяй. Пэнсіянэры, з настальгіяй успамінаюць Савецкі Саюз, кажуць пра тое, што ўлады спрабуюць сьцерці памяць аб іх мінулым. Іншыя праціўнікі дэкамунізацыі лічаць, што нельга зьмяняць назвы і аблічча гарадоў без грамадзкага абмеркаваньня, і абвінавачваюць тых, хто яе праводзіць, у выкарыстаньні тых самых мэтадаў, якія яны самі горача асуджаюць.
Кацярына Філюк, якая курыруе праекты «Усяляючыся ў цені» і «Сацыяльны кантракт», мяркуе, што цяперашняя жывая інсталяцыя на бульвары Шаўчэнкі спрыяе дыялёгу на тэму аб дэкамунізацыі. Арганізатарам праекту «Сацыяльны кантракт» паступіла больш за дваццаць прапаноў з усяго сьвету, але яны выбралі прапанову Гут’ерэс, паколькі, як падкрэсьлівае Кацярына Філюк, гаворка ішла не пра тое, каб чымсьці або кімсьці замяніць Леніна, а стварыць новую плятформу, якая б дазволіла людзям выказацца, ацаніць сваю мінуласьць, паспрабаваць пазбавіцца ад спадчыны некаторых аспэктаў гэтай мінуласьці.
Бывай, Ленін
У цэлым праект «Усяляючыся ў цені» быў сустрэты вельмі добразычліва. Адна пажылая жанчына ўспамінала, як давала піянэрскае абяцаньне на гэтым месцы 60 гадоў таму. «Ну а цяперашняя акцыя для мяне выдатная магчымасьць сказаць Леніну „бывай“», — сказала яна.
Ёсьць тыя, хто мяркуе, што інсталяцыя псуе эстэтычнае аблічча бульвара Шаўчэнкі. Філюк згаджаецца, што яна не выглядае асабліва прывабна, але падкрэсьлівае, што галоўнае ня гэта.
Каб зьнесьці помнік Леніну, запатрабаваліся жалезны трос і некалькі хвілін. А вось дыскусія пра тое, хто або што можа запоўніць апусьцелы п’едэстал, працягваецца ўжо два гады і далёкая ад завяршэньня. У лютым 2014 году на ім ненадоўга ўсталявалі «залаты ўнітаз» — гэта была рэакцыя на вестку аб тым, што ў прыбіральні рэзыдэнцыі былога прэзыдэнта Віктара Януковіча, падчас кіраваньня якога дзяржаўная карупцыя набыла асаблівы размах, быў знойдзены ўнітаз з золата.
Сёлета ў самым пачатку ліпеня, незадоўга да пачатку працы цяперашняй інсталяцыі, на пастамэнце зьявілася калёна, увянчаная маленькай статуяй Дзевы Марыі. Але і яе прыбралі. Падабраць варыянт, які б задаволіў усе пласты ўкраінскага грамадзтва, гарадзкім уладам пакуль не ўдаецца. Але, як мяркуе Кацярына Філюк, сьпяшацца з гэтым ня варта. «Пусты пастамэнт — таксама вельмі магутны сымбаль», — упэўненая яна.
А Андрэй Турчанка, які прыйшоў сюды з сынам, прапануе выкарыстоўваць былы п’едэстал Леніна для часовых выставаў: «Няхай яны мяняюцца разам з тым, як мяняемся мы».