А ў чэрвені ўсе расейскія лёгкаатлеты былі адхілены ад удзелу ў міжнародных спаборніцтвах з-за дыскваліфікацыі Ўсерасейскай фэдэрацыі лёгкай атлетыкі IAAF, якая прыняла такое рашэньне на падставе расьсьледаваньня Сусьветнага антыдопінгавага агенцтва — WADA, якое выявіла масавыя і сыстэматычныя парушэньні яго правілаў у расейскай лёгкай атлетыцы.
У сьпісах IAAF ёсьць толькі два расейскія спартоўцы, чый удзел у Алімпіядзе не залежыць ад рашэньня суду, — гэта скакуха ў даўжыню Дар’я Клішына і бягуха Юлія Сцяпанава, першай якая распавяла пра ўжываньне допінгу ў расейскім спорце.
13 ліпеня Міжнародны Алімпійскі камітэт (МАК) дазволіў Клішынай выступаць пад расейскім сьцягам. Пра гэта заявіў журналістам кіраўнік МАК Томас Бах. Раней міжнародная асацыяцыя дазволіла Клішынай удзельнічаць у Алімпійскіх гульнях як нэўтральнаму спартоўцу. Пытаньне аб допуску да Алімпіяды Юліі Сьцяпанавай, якая ня хоча выступаць за расейскую каманду, будзе вырашацца пазьней.