Масква карае Лукашэнку за «заляцаньні да Захаду»

Сустрэча Мядзьведзева з Кабяковым у Маскве, 12.07.2016

Якія вынікі перамоваў прэм’ер-міністраў Беларусі і Расеі Андрэя Кабякова і Дзьмітрыя Мядзьведзева? Абмяркоўваюць Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст і Ўладзімер Глод.

Дракахруст: Учора ў Маскве адбылася сустрэча кіраўнікоў урадаў Беларусі і Расеі Андрэя Кабякова і Дзьмітрыя Мядзьведзева. Галоўнымі пытаньнямі былі газавыя і нафтавыя пастаўкі.

Газавая спрэчка паміж Беларусьсю і Расеяй вядзецца з пачатку 2016 году — Менск настойвае на зьніжэньні кошту расейскага газу, Расея з гэтым ня згодная. У «Газпроме» у траўні заявілі, што неплацяжы за газ Беларусьсю ад пачатку году склалі каля 200 млн даляраў. Расея ў трэцім квартале скараціла пастаўкі нафты ў Беларусь.

Падчас перамоваў Мядзьведзеў заклікаў Беларусь «не заводзіць сытуацыю ў тупік». «Гэта такія пытаньні, мы з вамі ведаем на досьведзе папярэдніх гадоў, іх нельга запускаць моцна, таму што потым вельмі цяжка знаходзіць рашэньні», — заявіў кіраўнік расейскага ўраду.

У сваю чаргу Кабякоў заявіў, што «Беларусь гатовая знайсьці канструктыўны падыход па ўсіх складаных пытаньнях узаемадзеяньня з Расеяй».

У прэсавым рэлізе па выніках перамоваў адзначана, што «Дзьмітры Мядзьведзеў і Андрэй Кабякоў абмяняліся ацэнкамі па бягучым стане расейска-беларускіх узаемаадносінаў, уключаючы ўзаемадзеяньне ў галіне паліўна-энэргетычнага комплексу. Бакі дамовіліся правесьці паглыбленыя кансультацыі з удзелам членаў урадаў абедзьвюх краінаў і кіраўнікоў кампаніяў».

Сытуацыя ў тым самым тупіку, у які так раіў не заводзіць яе Мядзьведзеў.

У перакладзе з дыпляматычнай мовы на чалавечую гэта азначае — ні аб чым не дамовіліся. Сытуацыя ў тым самым тупіку, у які так раіў не заводзіць яе Мядзьведзеў. Падчас чэрвеньскага візыту Ўладзімера Пуціна ў Менск кіраўнікі дзяржаваў ня здолелі прыйсьці да згоды ў энэргетычных спрэчках. Даручылі дамовіцца ўрадам.

Пазьней адбыліся перамовы віцэ-прэм’ераў — таксама не дамовіліся. Цяпер сустрэліся прэм’еры — той самы вынік.

Між тым канфлікты памнажаюцца і разрастаюцца. Рашэньне аб скарачэньні паставак расейскай нафты ў Беларусь было прынятае ўжо пасьля візыту Пуціна ў Менск.

7 ліпеня агенцтва Reuters са спасылкай на ананімную высокапастаўленую крыніцу ў энэргетычнай галіне Расеі паведаміла, што значнае скарачэньне паставак у Беларусь расейскай нафты зьвязанае не з эканамічнымі, а з палітычнымі прычынамі, у прыватнасьці са збліжэньнем Менску з Захадам. Такім чынам, патлумачыла крыніца, Аляксандра Лукашэнкі «караюць за яго заляцаньні да Захаду і крытычныя заўвагі на адрас Расеі».

Апошнім часам да нафтагазавых спрэчак дадалася малочная. Яшчэ на мінулым тыдні Рассельгаснагляд спыніў пастаўкі малочнай прадукцыі з шэрагу прадпрыемстваў Беларусі. Літаральна ўчора галоўны дзяржаўны вэтынспэктар Беларусі на патрабаваньне Рассельгаснагляду адклікаў дэклярацыі аб адпаведнасьці ў 15 беларускіх вытворцаў сухой малочнай прадукцыі.

Калі верыць крыніцы Reuters, то 2009 год паўтараецца да дробязяў.

Некаторыя ў Беларусі лічаць, што Менск адно імітуе гатовасьць да супрацоўніцтва з Эўропай. Але ў Масквы іншая лёгіка, іншыя перасьцярогі. Для яе і тое збліжэньне Менску з Брусэлем, якое ёсьць — гэта занадта, зашмат.

Вось апошняя супярэчнасьць: расейскія СМІ і афіцыйныя прадстаўнікі захлынаюцца ад гневу наконт рашэньняў Варшаўскага саміту НАТО, намесьніца кіраўніка МЗС Алена Купчына кажа, што наўпрост гэтыя рашэньні не ствараюць ніякай небясьпекі для Беларусі.

Адсюль і эканамічная помста. Ну а калі канфлікт мае такую выразную палітычную подбіўку, то Кабякоў і Мядзьведзеў і сапраўды могуць толькі абмяняцца ацэнкамі.

Цыганкоў: Усё больш фактаў пра эканамічную напружанасьць паміж Беларусьсю і Расеяй прымушаюць казаць, што гэта ўжо не супадзеньне — гэта набывае рысы сплянаванай кампаніі, якую можна называць «эканамічнай вайной».

Раней былі і газавыя войны, і нафтавыя, і малочныя, а зараз будзе гібрыдная — газава-малочная. Гэтыя факты сьведчаць аб спробе эканамічнымі сродкамі паўплываць на палітычныя дзеяньні Беларусі, пры тым, што Беларусь дзейнічае дастаткова асьцярожна.

З пункту гледжаньня беларусаў афіцыйны Менск робіць крокі па набліжэньні з Захадам вельмі сьціпла і абстаўляе, так бы мовіць, адзін крок трыма запэўніваньнямі Расеі ў сяброўстве. Але мы бачым, што Масква такой рыторыцы ўжо асабліва ня верыць.

Наколькі Масква можа далёка пайсьці? Ёсьць вэрсія, што гэтак жа далёка, як у Крыме і ў Данбасе.

І гэта праяўляецца ня толькі ў публікацыях расейскай шавіністычнай ці праўладнай прэсы, але і дзеяньні міністэрскіх структураў ствараюць праблемы там, дзе іх раней не было. Самая моцная зброя Расеі — гэта Рассельгаснагляд, які заўсёды знаходзіць парушэньні ў краінах, да якіх ёсьць палітычныя прэтэнзіі.

Такі ўдар цяпер наносіцца па Беларусі. Гэта прымушае прыняць тую вэрсію, што эканамічныя праблемы вынікаюць з палітычнага стаўленьня.

Наколькі Масква можа далёка пайсьці? Ёсьць вэрсія, што гэтак жа далёка, як у Крыме і ў Данбасе. Аднак пераважная частка экспэртнай супольнасьці ўсё ж лічыць, што Масква мае патрэбу ў сымбалічнай ляяльнасьці з боку Менску і абмежаваная ў сродках свайго ціску. Пакуль гэты ціск дастаткова мяккі, але ён толькі пачынаецца.

Глод: Бакі ўчора фактычна прызналі, што дамінантай перамоваў у Маскве сталі нафтагазавыя праблемы. І гэта ўжо не схаваеш. Бо хоць спадар Мядзьведзеў і сказаў, што ня трэба «заводзіць сытуацыю ў тупік», яна ўжо падышла да даволі крытычнай адзнакі.

Я хачу зьвярнуць увагу, што сёлета, адрозна ад ранейшых гадоў, канфлікт паміж Масквой і Менскам ня дзеліцца на нафтавы ці газавы. Ён перарос у вышэйшую ступень і аб’яднаў два віды сыравіны. Цяпер аналітыкі кажуць пра нафтагазавы канфлікт. І калі глядзець у корань, то ўсё абрушылася з-за пазыцыі Беларусі.

Гэта Менск у свой час угаварыў Маскву прывязаць цану газу да цаны нафты. Пакуль нафта каштавала 100 і болей даляраў за барэль, Менску такія разьлікі былі выгадныя.

Але цяпер, пасьля істотнага падзеньня коштаў на нафту, Беларусі стала больш выгодна атрымліваць газ па роўнадаходных цэнах. Масква кажа, што, ў прынцыпе, гэта магчыма. Але толькі пасьля стварэньня адзінага рынку газу ў рамках Эўразійскага эканамічнага саюзу, што прадугледжваецца на 2025 год.

Прэзыдэнт Расеі наўрад ці ў захапленьні ад жаданьня беларускага калегі сядзець на двух крэслах адразу.

З эканамічнага пункту гледжаньня тут усё ясна: існуе міжурадавая дамова, і абодва бакі мусяць яе выконваць да той пары, пакуль у дакумэнт не ўнясуць зьмены. Цяпер карціна выглядае так: калі беларусам эканамічна нявыгадна, яны адмаўляюцца пастаўляць нафтапрадукты ў Расею ў поўным аб’ёме. А самі патрабуюць ад Расеі пастаўляць газ і нафту, не зважаючы на тое, што гэта нявыгадна расейцам.

Але Лукашэнка ўжо неаднойчы даказваў, што ў дачыненьнях з Расеяй ён здольны перавесьці эканамічныя праблемы на ўзровень палітычных. А тады ўсё залежыць ад волі Ўладзімера Пуціна.

А мне падаецца, што прэзыдэнт Расеі наўрад ці ў захапленьні ад жаданьня беларускага калегі сядзець на двух крэслах адразу. І наўрад ці яму можа падабацца, калі Захад паступова ператварае «апошняга дыктатара Эўропы» ў даволі рэспэктабэльнага эўрапейскага палітыка.

Таму Крэмль і спрабуе рабіць захады, каб Беларусь знаходзілася ў фарватэры расейскай зьнешняй палітыкі і дэманстравала салідарнасьць па шырокім коле пытаньняў. Я думаю, што пра гэта і казаў учора Мядзьведзеў Кабякову. А ўжо ад рэакцыі Лукашэнкі будуць залежаць гандлёва-эканамічныя пэрспэктывы. Найперш у галіне энэрганосьбітаў. Хоць ня трэба забывацца на тое, што ва ўмовах крызісу калідор магчымасьцяў для Расеі эканамічна дапамагаць Беларусі звужаецца.