Рэгістрацыя ініцыятыўных груп: «кропкавы» лібэралізм

Абмяркоўваюць Уладзімер Глод, Юры Дракахруст, Віталь Цыганкоў.


Глод: У Беларусі завяршыўся чарговы этап выбарчай кампаніі па абраньні дэпутатаў палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня — рэгістрацыя ініцыятыўных груп патэнцыйных прэтэндэнтаў на дэпутацкія крэслы. Навошта наагул патрэбныя ініцыятыўныя групы?

Справа ў тым, што, паводле дзейнага заканадаўства, ёсьць толькі тры варыянты афіцыйна ўступіць у выбарчую кампанію. Першы — вылучыцца ад працоўнага калектыву. Другі — ад палітычнай партыі. І трэці — сабраць адну тысячу подпісаў грамадзянаў Беларусі, якія валодаюць выбарчым правам. Але зьбіраць подпісы могуць толькі чальцы афіцыйна зарэгістраваных ініцыятыўных груп, якім выдаецца спэцыяльнае пасьведчаньне.

Парасткі дэмакратызацыі адчуваюцца толькі там, дзе гэта істотна не ўплывае на вынікі выбараў.

Арытмэтычныя вынікі рэгістрацыі выглядаюць так: зарэгістравана 445 групаў, адмоўлена — 30, яшчэ 4 чалавекі самі адмовіліся ад рэгістрацыі. Такім чынам, доля адмоваў у рэгістрацыі каля 7 %. Калі параўноўваць з выбарамі ў 2012 годзе, то тады адмоваў было 84, то бок зараз амаль утрая меней.

Чым можна патлумачыць такую лібэралізацыю з боку ўладаў? Мне падаецца, Цэнтральная выбарчая камісія сёлета сапраўды стала дзейнічаць больш лібэральна. Але парасткі дэмакратызацыі адчуваюцца толькі там, дзе гэта істотна не ўплывае на вынікі выбараў.

Бо што такое рэгістрацыя ініцыятыўных груп? Гэта фактычна толькі дазвол на збор подпісаў. Ну, няхай сабе зьбіраюць. Няма ў гэтым вялікай пагрозы, бо сапраўдны адсеў пачнецца толькі на этапе праверкі подпісаў. А пакуль, як кажуць, можна і не дражніць гусей. І пры гэтым з гонарам адрапартаваць у БДІПЧ АБСЭ: параўнальна з папярэдняй кампаніяй колькасьць адмоваў стала ўтрая меней.

Сёлета подпісы зьбіраюцца цяжка: пікеты даюць няшмат карысьці, бо мала хто мае пры сабе пашпарт. А ў палове кватэр дзьверы не адчыняюць.

Ды і свайму, беларускаму насельніцтву можна падкінуць долю аптымістычнай інфармацыі. Тэма выбараў гучыць на тэлебачаньні фактычна штодня. А кіраўніцтва Цэнтарвыбаркаму ў асобах Лідзіі Ярмошынай і Мікалая Лазавіка ахвотна тлумачыць гледачам, як дэмакратычна праходзіць выбарчая кампанія ў Беларусі.

Улады разумеюць і тое, што сабраць тысячу подпісаў выбарцаў будзе няпроста. Усё ж самы разгар часу для адпачынку. Кіраўнік ініцыятыўнай групы былога палітвязьня і былога дэпутата Палаты прадстаўнікоў Сяргея Скрабца — ягоны брат Аляксандар — распавядаў, як цяжка зьбіраюцца сёлета подпісы. Пікеты даюць няшмат карысьці, бо вельмі мала мінакоў маюць пры сабе пашпарт. А ў палове кватэр дзьверы не адчыняюць. Ці то ўсе разьехаліся на адпачынак, ці то проста ня хочуць адчыняць.

А цяпер, калегі, пытаньне да вас: чаму ўлады зарэгістравалі амаль усе ініцыятыўныя групы патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты?

Дракахруст: Беларуская ўлада дазіруе свой кантроль за выбарчым працэсам. Ёсьць яго ключавыя моманты. Ключавы момант — гэта падлік галасоў, і калі размова ідзе пра фармаваньне выбарчых камісій, там ніякім лібэралізмам і не патыхае. Лічаныя адзінкі прадстаўнікоў апазыцыі, незалежнага грамадзтва туды ўключаныя. Калі размова пойдзе пра фармаваньне ўчастковых камісій, сытуацыя, мяркую, будзе прыкладна такой самай.

У Беларусі ключавое зьвяно кантролю — падлік галасоў, а не рэгістрацыя.

А вось там, дзе на погляд уладаў можна прадэманстраваць лібэралізм, там ён і дэманструецца. Ёсьць асаблівасьці аўтарытарнай сыстэмы ў розных краінах. У Іране, напрыклад, якраз падлік галасоў адбываецца даволі сумленна. Але там адсеў непажаданых кандыдатаў адбываецца менавіта на стадыі іх рэгістрацыі, ёсьць адмысловая рада, якая вызначае адпаведнасьць кандыдатаў чысьціні ісламу. Хто не адпавядае, тых не рэгіструюць.

Ну, а ў Беларусі ключавое зьвяно кантролю — падлік галасоў, а не рэгістрацыя. Мая гіпотэза, што і рэгістрацыя кандыдатаў будзе даволі лібэральнай, збольшага будуць рэгістраваць усіх, надта ўжо ня будуць прыдзірацца да коскі, да подпісу.

Там, дзе можна прадэманстраваць падкрэсьлены лібэралізм, там ён будзе дэманстравацца, АБСЭ пакажуць, скажуць: у нас рэгістрацыя ня горш, чым у вас. А фармаваньне выбарчых камісій ня так, як у вас — ну, дык у нас свае асаблівасьці.

Цыганкоў: Я таксама думаю, што рэгістрацыя кандыдатаў будзе праходзіць даволі лібэральна, галоўнае ж падлік галасоў. Чым больш кандыдатаў, тым больш магчымасьцяў паказаць Захаду, што выбары праходзяць дэмакратычна.

Але на вынікі выбараў гэтая лібэральная рэгістрацыя не ўплывае. Вынікі выбараў залежаць ад таго, як былі сфармаваныя выбарчыя камісіі і якія ім будуць дадзеныя ўстаноўкі. Другі аргумэнт — улада адчувае, што ў свой час занадта дэпалітызавалі народ. Гэта ўжо робіцца пэўным дыскамфортам.

Улада адчувае, што ў свой час занадта дэпалітызавалі народ. Гэта ўжо робіцца пэўным дыскамфортам.

Для легітымнасьці патрэбны пэўны ўдзел грамадзянаў у палітычным жыцьці, а менавіта прыход на выбары. Такі пералом адбыўся ў 2012 годзе. Ужо тады ўлада імкнулася ажывіць гэты палітычны спэктакль, каб надаць яму большай інтрыгі і каб насельніцтва больш цікавілася выбарчым мерапрыемствам.

Падчас апошніх выбараў, прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх, дзейнасьць апазыцыі была скіраваная на тое, каб даказаць нізкі ўдзел насельніцтва ў выбарчай кампаніі. Назіральнікі фіксавалі менавіта яўку, яе зафіксаваць больш проста. Тут улада зразумела, што ня толькі традыцыйнымі адміністратыўнымі сродкамі трэба дзейнічаць, але і падключаць агітацыйныя прапагандысцкія сродкі, каб трошкі размарозіць насельніцтва. Наколькі гэта ўдаецца? Ня вельмі, таму што дзейнічаюць сваімі дапатопнымі мэтадамі.

Глод: Сёньня на сайце ЦВК зьявіліся сьпісы тых людзей, чые ініцыятыўныя групы зарэгістраваныя, і некаторыя аналітыкі адразу пачалі глядзець, а ці ёсьць там акругі, дзе няма прадстаўнікоў улады, маўляў, туды і пойдзе апазыцыя. Але ёсьць яшчэ права вылучэньня ад працоўных калектываў. Гэтым заўжды карыстаецца ўлада. Вельмі важна, што працоўныя калектывы, як і палітычныя партыі, могуць вылучаць сваіх кандыдатаў аж да 1 жніўня, то бок час для рэалізацыі сваёй тактыкі ва ўлады яшчэ ёсьць.