Імпэратар Японіі Акіхіта заявіў пра свой намер адмовіцца ад прастола ў бліжэйшыя гады, паведамляе японская тэлекампанія NHK.
Прычыны магчымага адрачэньня не называюцца.
Раней імпэратар неаднаразова казаў пра жаданьне зрачыся прастола свайму асяродку. Акіхіта ужо паведаміў пра свае пляны сям’і, і цяпер кіраўніцтва справамі імпэратарскага двара падбірае зручны момант для афіцыйнай заявы. Як адзначаюць крыніцы, адрачэньне запатрабуе зьмены статута аб імпэратарскай сям’і, каб прастол перайшоў у спадчыну пры жыцьці манарха.
У выпадку адрачэньня трон пераходзіць яго старэйшаму сыну — 56-гадоваму кронпрынцу Нарухіта.
Акіхіта зьяўляецца адзіным у сьвеце дзеючым імпэратарам.
Афіцыйна Акіхіта ўступіў на пасад 12 лістапада 1990 году пасьля скону імпэратара Хірахіта 7 студзеня 1989 году.
Акіхіта грае на віялянчэлі, цікавіцца гісторыяй, захапляецца біялёгіяй і іхтыялёгіяй. З 1986 году ўваходзіць у міжнародную супольнасьць біёлягаў — Лёнданскае таварыства Лінэя. Аўтар 25 навуковых прац па марскіх бычкоў, член нацыянальнага іхтыялягічнага таварыства.
У Японіі імпэратар — сымбаль дзяржавы, выконвае функцыі фармальнага кіраўніка дзяржавы, трымае нэўтралітэт у дачыненьні да палітыкі. Па ўзгадненьні з урадам імпэратар робіць заявы, якія могуць аказаць значны ўплыў на ход падзей у краіне і за яе межамі, піша BBC.