Зьбіральнікі подпісаў: «Людзі пазытыўна рэагуюць на бел-чырвона-белыя сьцягі»

«Я іду на бел-чырвона-белы сьцяг». Прынамсі, часьцей за ўсё менавіта так адказваюць людзі на пытаньне Радыё Свабода, чаму яны падыходзяць да пікету, дзе зьбіраюць подпісы за сустаршыню Руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча, за сябру Аб’яднанай грамадзянскай партыі Вольгу Маёраву ды іншых кандыдатаў ад правацэнтрысцкай кааліцыі.

Пікет ладзяць пад гадзіньнікавым заводам «Прамень» у Менску. Зямляк Губарэвіча з Белазёрску Зьміцер Трацьцяк сядзіць у цяньку пад дрэвам. За пару мэтраў ад яго стаіць плякат з партрэтам патэнцыйнага кандыдата ў дэпутаты Юрыя Губарэвіча і бел-чырвона-белы сьцяг.

Зьміцер Трацьцяк

«Да афіцыйнай рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты агітаваць нельга. Таму людзей я не зазываю, але інфармацыя пра Губарэвіча — біяграфічныя зьвесткі, дзе працаваў, якая сям’я, дэвіз выбарчай кампаніі — зьмешчаная і на плякаце, і на аркушы паперы, які я паказваю падпісанту», — кажа сябра ініцыятыўнай групы Губарэвіча Зьміцер Трацьцяк.

Бальшыня людзей, што без разваг падыходзяць паставіць подпіс за патэнцыйнага кандыдата, рэагуюць не на асобу, а на бел-чырвона-белы сьцяг. Падышоў малады чалавек. На пытаньне, ці ведае прэтэндэнта, за якога ставіць подпіс, адказаў, што яму ўсё роўна — ён убачыў бел-чырвона-белы сьцяг, а гэта азначае, кандыдат выступае за перамены ў грамадзтве.

Другі мужчына сярэдняга веку праяжджаў па праспэкце Незалежнасьці. Калі ўбачыў сьцяг — спыніўся, паставіўшы машыну на платную стаянку. Таксама кажа, што чакае перамен.

Падыходзілі іншыя маладыя хлопцы падпісацца, але, як высьветлілася, яны зь іншых раёнаў. Таму проста фатаграфаваліся са сьцягам.

Неўзабаве прыйшоў і сам Юрась Губарэвіч. У яго людзі пачалі пытацца аб праграме, пра пэнсійную рэформу. Мужчына расказаў пра сытуацыю, зь якой сутыкнуліся многія пажылыя беларусы. Яго маці доўгі час была вайскоўцам, спачатку, яшчэ пры Савецкім Саюзе служыла ў Расеі, а потым у Беларусі. Пры выхадзе на пэнсію службу ёй не залічылі ў страхавы працоўны стаж, бо вайскоўцы, маўляў, не пералічвалі грошай у пэнсійны фонд. У выніку стаж, падчас якога маці плаціла страхавыя ўнёскі, вельмі малы, і яна можа разьлічваць толькі на сацыяльную пэнсію ў 60 гадоў. Мужчына распавёў, што Расейская Фэдэрацыя гэту праблемы вырашыла — Міністэрства абароны сплаціла пэўную суму ў пэнсійны фонд, і былым вайскоўцам налічылі нармальныя пэнсіі. І запытаўся ў Юрася Губарэвіча, ці зьбіраецца той ініцыяваць зьмены ў пэнсійную рэформу. Спадар Губарэвіч патлумачыў сваё бачаньне: павелічэньне памеру пэнсій, а таксама стварэньне шырокай сеткі ашчадных фондаў.

Юрась Губарэвіч

Юрась Губарэвіч кажа, што кантактуючы з людзьмі падчас пікетаў, прыйшоў да высновы, што людзі расчараваліся ва ўладзе, не давяраюць чыноўнікам, якія іх проста ігнаруюць. Людзі шукаюць суразмоўцаў і вельмі ўдзячныя, калі іх проста выслухоўваюць.

Сябры ініцыятыўнай групы Губарэвіча кажуць, што подпісы зьбіраюцца больш плённа, калі абыходзіш кватэры. За гадзіну можна сабраць да 20 подпісаў, а стоячы на пікеце, за той жа час толькі каля пяці.

Кампанія «Гавары праўду!» ад пікетаў пакуль адмовілася, актывісты ходзяць па кватэрах.

Сяргей Вазьняк

«Гэта больш эфэктыўна, людзі дома, нікуды не сьпяшаюцца, зь імі можна паразмаўляць. А пікеты будзем актыўна выкарыстоўваць крыху пазьней, падчас агітацыйнай кампаніі», — кажа кіраўнік выбарчага штабу «Гавары праўду!» Сяргей Вазьняк.

Каля Акадэміі мастацтваў — пікет па збору подпісаў за кандыдата ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Вольгу Маёраву. Спадарыня Вольга сама стаіць на пікеце. Ахвотных падпісацца даволі шмат, кажа яна, але гэта цэнтар гораду, скрыжаваньне, і многія зарэгістраваныя ў іншых раёнах, таму падпісацца за Маёраву, якая балятуецца па 105-й Усходняй акрузе, ня могуць. І ўсё адно, пікеты Вольга Маёрава лічыць вельмі эфэктыўнай формай — нават калі чалавек і не падпісваецца, спыняецца каля пікету з партыйным сьцягам, чытае інфармацыю, пра штосьці запытваецца.

«На пікетах вынік больш прадукцыйны, чым пры абыходзе кватэр. У лепшым выпадку ў пад’езьдзе дзьверы адчыняць у трох кватэрах з дваццаці», — кажа Вольга Маёрава.

Сабраць 1 тысячу подпісаў — цалкам рэальна, перакананыя ўсе патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты ад правацэнтрысцкай кааліцыі. Будуць зьбіраць зь вялікім запасам, а пікеты выкарыстоўваць напоўніцу, каб праводзіць агітацыю і тлумачальную працу з выбарцамі.