У Менску ў другой палове дня 11 ліпеня аварыйна прызямліўся самалёт «Боінг-777-367» ганконгскай авіякампаніі Cathay Pacific, які выконваў рэйс Амстэрдам — Ганконг.
Як паведаміў сайт назіраньняў за палётамі ў рэальным часе flightradar24.com, прычынай стала падазрэньне на ўцечку паліва.
У сувязі з аварыйнай пасадкай на запасны аэрадром, у Гомель, вымушаны быў сесьці самалёт «Белавія», які ляцеў з Адэсы.
Паводле інфармацыі «Белавія», будзе затрыманы шэраг рэйсаў. Пасажырам, якія страцілі стыкоўкі, будуць прадстаўленыя альтэрнатыўныя варыянты палётаў па раней заплянаваным маршруце.
На 22.20 затрыманы прылёт у Менск чатырох самалётаў: з Масквы (Дамадзедава), Пальмы-дэ-Маёркі (Балеарскія выспы, Гішпанія) і двух з Бургаса (Баўгарыя), а таксама вылет самалётаў у Кіеў (Жуляны) і Харкаў. Цяпер у Менску і ваколіцах навальніца.