Спачатку ў вёсцы пасяліліся мастакі, цяпер тут ладзяць пленэры і сьпявае Шалкевіч

Праца Сяргея Грыневіча на пленэры «Артсалат»

У вёсцы Салацьце Гарадзенскага раёну паблізу літоўскай мяжы адбыўся другі пленэр «Артсалат» гарадзенскіх і менскіх мастакоў. Працы з пленэру ўпрыгожваюць навакольле — абыякавых няма.

Сёлета ў «Артсалаце» ўзялі ўдзел пераважна скульптары і дызайнэры. Як і летась, мастакі з Горадні і Менску рабілі мастацкія рэчы са звычайных кабэльных бухтаў, якія набыў гарадзенскі каваль Юрась Мацко. Ён, дарэчы, адзін з арганізатараў пленэру.

Нягледзячы на неспрыяльнае надворʼе, пераважная большасьць працаў скончаныя

Нягледзячы на ня вельмі спрыяльнае надворʼе, за тыдзень удалося шмат чаго зрабіць. Юрась Мацко кажа, што ўсяго ў пленэры бяруць удзел 15 мастакоў.

Малады мастак зь Менску Ягор Максімаў дапамагае свайму старэйшаму калегу Зьмітру Сурскаму майстраваць трактар. У яго відавочна добры настрой. Кажа, што на гэтым трактары да Менску не паедуць, а пакінуць тут у навакольлі, каб не было сумна мясцовым жыхарам.

Малады мастак зь Менску Ягор Максімаў дапамагае ў праекце Зьмітру Сурскаму

— У нас ужо ёсьць ровар трохколавы, таксама з катушак, і цяпер вось узяліся за трактар. Ведаеце, мясцовыя людзі прыходзяць, цікавяцца, пытаюцца, мы зь імі размаўляем, даўно ўжо не было нечага такога. Ды яшчэ адсьвяткавалі тут Купальле, патанцавалі, паслухалі канцэрт Шалкевіча — цудоўны настрой, нават ня хочацца зьяжджаць.

Праца дызайнэра Кірыла Кухарчука з Масквы

А вось дызайнэр Кірыл Кухарчук кажа, што сам беларус, працуе ў Маскве. Усё кінуў, прыехаў сюды на пленэр — і не шкадуе, яго тут усё задавальняе. Ягоная праца — гэта салата зь відэльцам і нажом на талерцы.

— Тут усё проста здорава, мне вельмі падабаецца гэтая вёсачка з цудоўнымі ляндшафтамі, тут можна шмат чаму навучыцца ў калегаў, паказаць сваю працу і наагул пагаварыць пра мастацтва. Я тут першы раз і папросту захоплены пленэрам.

Мастак з Салацьця Сяргей Кірко

Мастак Сяргей Кірко сам жыве ў Салацьці. Ён зрабіў працу, якую назваў «Шалёная пчолка», і ведае, што яе паставяць у мястэчку Парэчча побач зь месцам, дзе заўсёды прадаюць мёд. Кірко кажа, што галоўнае, каб ягоная праца выклікала пазытыўны настрой ва ўсіх, хто будзе праходзіць побач.

— Я ўдзельнічаю ў пленэры ўжо другі раз і павінен сказаць, што мы заўважна выйшлі на больш высокі ўзровень мастацкіх працаў. Дый сама арганізацыя пленэру набыла таксама больш прафэсійны характар. Думаю, сюды варта прыяжджаць мастакам.

Салацьце — невялікая вёска сярод лясоў і прыгожых вялікіх азёраў. Магчыма, якраз дзеля цікавых ляндшафтаў нямала гарадзенскіх мастакоў панабывалі тут хаты і жывуць ужо гадамі.