Курэйчык пачаў збор грошай на «Партызан-фільм»

Дзьмітры Фрыга (зьлева) і Андрэй Курэйчык

Стваральнікі фільмаў «Вышэй за неба» і «ГараШ» Андрэй Курэйчык і Дзьмітры Фрыга пачалі на сайце ulej.by збор грошай на здымкі фільму пад рабочай назвай «PARTY-zan фільм». На здымкі зьбіраюць 15 тысяч новых беларускіх рублёў — каля 7,5 тысяч даляраў на момант публікацыі.

Квіток на прэс’еру фільма каштуе 5 беларускіх рублёў. За большыя грошы можна замовіць квіткі на закрыты паказ, удзел у здымках масавай сцэны, згадваньне ў тытрах і вячэру са стваральнікамі фільма.

Кампанія па зборы грошай будзе ісьці да 11 жніўня, з 4 па 21 жніўня пройдуць здымкі. Трэйлер абяцаюць паказаць 15 лістапада, а папярэднія паказы — правесьці 13 сьнежня ў Менску і 15 сьнежня ў Берасьці. Закрытая прэм’ера для спонсараў праекту пройдзе 20 сьнежня ў Менску. Прэм’ерныя адкрытыя паказы пачнуцца ад 29 сьнежня.

«Гэта будзе камэдыя, але зусім іншая, — казаў Курэйчык на ранейшай прэзэнтацыі праекту. — Калі „ГараШ“ — гэта важкая камэдыя, з элемэнтамі цяжкога стылю, андэграўндная такая гісторыя, то наступны фільм — гэта моладзевая эксцэнтрычная камэдыя, — кажа Курэйчык. — Мы хочам зрабіць лёгкі, вясёлы, задорлівы, але ня менш хуліганскі праект пра маладых беларусаў. Здымаць будзем у Менску, у Берасьці, паміж Менскам і Берасьцем».

Героі новага фільму — праграміст, бізнэсовец і дзяўчына. Фільм, казаў Курэйчык, — гэта спроба разабрацца, як у Беларусі можна зарабіць грошы ў галіне кінэматографу. Пра тое, як у Беларусі здымаюць вайну. Бо краіну, кажа Курэйчык, пачынаюць успрымаць як «фабрыку ваеннага кінэматографу», але беларусы ўмеюць ня толькі гэта.