Звыш 5 тысячы паліцыянтаў разьмешчаныя ў ключавых месцах Парыжа і яго прадмесьцях напярэдадні фінальнага матчу Эўра-2016 паміж Францыяй і Партугаліяй, паведамляе Бі-Бі-Сі.
Патрулюецца ня толькі стадыён «Стад дэ Франс», але і так званае «Поле заўзятараў» ля Эйфэлевай вежы і Елісейскія палі.
Улады ўжо папярэдзілі, што нават калі зборная Францыі выйграе, параду перамогі ў Парыжы ня будзе.
Паліцыя і вайскоўцы ўзмоцнена ахоўваюць вуліцы Парыжа пасьля тэрактаў у лістападзе мінулага года, падчас якіх загінулі 130 чалавек. Узброеныя джыхадзісты і падрыўнікі-самазабойцы напалі на некалькі аб’ектаў у францускай сталіцы, сярод якіх быў і «Стад дэ Франс».
«Фан-зону» ахоўваюць 1900 паліцыянтаў, яшчэ 3400 будуць разьмешчаныя на Елісейскіх палях, прычым адразу пасьля заканчэньня матчу туды адправяцца і многія паліцыянты, задзейнічаныя ў ахове стадыёна. Матч пачнецца ў 21.00 па мясцовым (22.00 па менскім) часе.
«У нас вельмі высокія суадносіны: адзін паліцыянт на 50 гледачоў. Гэта неверагодна высокі ўзровень абароны», — заявіў кіраўнік адміністрацыі мэрыі Парыжа Маціяс Вішэра.
Аднак улады папярэдзілі, што па меркаваньнях бясьпекі нават у выпадку перамогі зборнай Францыі на чэмпіянаце параду перамогі на Елісейскіх палях ня будзе.
Перамогу Францыі на Чэмпіянаце сьвету 1998 года на Елісейскіх палях адзначалі звыш мільёна чалавек.
Усе мінулыя у Парыжы 11 матчаў Эўра-2016 — на «Стад дэ Франс» і яшчэ адным стадыёне — «Парк дэ Прэнс» — узмоцнена ахоўваліся паліцыяй і сіламі бясьпекі і прайшлі без інцыдэнтаў.
У той жа час у адрас францускіх уладаў раздавалася крытыка за дапушчаныя імі сутыкненьні паміж заўзятарамі на стадыёне ў Марсэлі і на вуліцах гэтага горада.