Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных фэдэрацый (IAAF) адмовіла ўсім расейскім лёгкаатлетам, за выключэньнем Дарʼі Клішынай, у допуску да ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях у Рыа-дэ-Жанейра і ў іншых міжнародных спаборніцтвах.
Пра гэта паведаміў «Р-Спорт» трэнэр двухразовай алімпійскай чэмпіёнкі ў скоках з шастом Алены Ісінбаевай Яўген Трафімаў. Ён таксама заявіў пра намер падаваць пазоў у суд, каб «абараніць правы спартоўцаў».
У лістападзе 2015 году Міжнароднае антыдопінгавае агенцтва (WADA) апублікавала даклад, у якім заявіла, што ўжываньне забароненых прэпаратаў у расейскім спорце стала «культурай, якая падтрымліваецца дзяржавай». 17 чэрвеня 2016 года IAAF пакінула ў сіле дыскваліфікацыю Ўсерасейскай фэдэрацыі лёгкай атлетыкі за ўжываньне допінгу.