Расейка, якая пажартавала ў менскім аэрапорце пра траціл, узятая пад варту

Марыя Рымар

Марыя Рымар

У адносінах да грамадзкай актывісткі з Самары Марыі Рымар, якая ляцела самалётам у Маскву з Кіева праз Менск, абрана мера стрыманьня — яна ўзятая пад варту.

Пра гэта паведаміла на сваёй старонцы ў Facebook афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэта Беларусі Юлія Ганчарова.

«Сьледзтва хадайнічала перад пракурорам аб ужываньні да затрыманай грамадзянкай Расеі меры стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту ў сувязі з адсутнасьцю пастаяннага месца жыхарства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Мера стрыманьня прыменена — заключэньне пад варту. Прадʼяўленьне абвінавачваньня заплянавана на пачатак будучай тыдня», — паведаміла прадстаўнік СК.

Ганчарова ўдакладніла, што сьледзтва «не выключае магчымасьці прымяненьня пасьля прадʼяўленьня абвінавачваньня альтэрнатыўных мер стрыманьня, не зьвязаных з пазбаўленьнем волі».

Грамадзкая актывістка з Самары Марыя Рымар ляцела самалётам у Маскву з Кіева празь Менск. 7 ліпеня яна была затрыманая ў менскім аэрапорце. Падчас знаходжаньня ў зоне перадпалётнага дагляду аднаго з сэктараў жанчына заявіла пра наяўнасьць у яе выбуховых рэчываў — як паведамляецца, сказала прыкладна наступнае: «Траціл там» і паказала на сваю ручную паклажу.

Марыя Рымар была дастаўлена ў ізалятар на Акрэсьціна. Сьледчы камітэт завёў супраць грамадзянкі Расеі справу паводле 340 артыкулу Крымінальнага кодэксу (ілжывае паведамленьне пра пагрозу).

Адвакат расейскі Вадзім Мушынскі раней заяўляў Свабодзе, што ў гэтай справе няма складу злачынства. «Чалавек быў на эмоцыях, яе некалькі разоў правяралі, у тым ліку яе тую торбу, а тут зноў — праз мэталяшукальнік. Вось яна і сказала, маўляў, калі вы шукаеце траціл, дык ён у торбе. Яўна не ўсьведамляла, куды трапіла, хоць такія жарты ўсюды не вітаюцца», — адзначыў ён.