Сьвяточную пляцоўку на ўскрайку вёскі Александрыя, па пэрымэтры ахоўваюць вайскоўцы. На сьвята прапускаюць праз мэталашукальнікі. Нямала супрацоўнікаў у цывільным знаходзіцца на самой пляцоўцы. На чыгуначнай станцыі Копысь дзяжураць амапаўцы і міліцыянты.
Чакаецца, што за два дні сьвята «Купальле» наведае да 100 тысяч чалавек. У 2010 годзе, калі яго правялі ўпершыню, наведнікаў было тры тысячы.

Свой строй я сама саткала
У гутарцы з журналістам наведнікі фэсту адзначылі, што сёлета ён асабліва маштабны і разнастайны ў выбары забаваў. Многія аднак прызнаваліся, што грошы на забавы і тавары ў іх няма, а прышлі яны на Александрыйскае купальле, бо хочацца «адпачыць ад будзённых спраў».
«Мы прыехалі паглядзець салют ды канцэрт, патанчыць, — адрэагавала на цікаўнасьць журналіста маладая пара з Магілёва. — Пакуль што за гадзіну нашага блуканьня па пляцоўцы нас прыемна зьдзівіла, што мноства людзей у нацыянальных строях і вышываных сарочках. Вялікі выбар беларускіх сувэніраў. У Магілёве такога выбару няма. Што праўда, то яны задарагія. Што да самой абстаноўкі на фэсьце, то неяк аднатыпна ўсё падаецца, але шкадаваньня, што прыехалі пакуль няма».

«Так, тут дарагавата просяць усё, але дзеці даймаюць, дык купляем, — працягнулі гутарку сямейнікі з Воршы. — Можа і ня дорага, але, як па нашым даходзе, то дарагавата. Уразіла, што нацыянальных строяў шмат. Мы столькі ня бачылі. Шмат сьпяваюць беларускага».
Сьпявалі ў вышываных строях супрацоўнікі з раённых дамоў культуры. Амаль усе гандляры таксама былі апранутыя па-беларуску. Наведнікаў у вышыванках было няшмат.
«Пакуль мы маральна не падрыхтаваныя гэтак апранацца, — шчыра прызналіся дзяўчына з хлопцам, выбіраючы сабе сувэніры. — Саромеемся. Ёсьць адчуваньне, што ў такой вопратцы будзе не камфортна. Апрануўшыся гэтак наша сябры хутчэй за ўсё нас не зразумеюць. Падумаюць, што мы «пантуем».
«Каб апрануцца па-беларуску трэба адчуваць сябе беларусам. Не саромецца любіць Беларусь, — зазначыў наведнік фэсту Павал у цішотцы з Пагоняй. — У многіх беларусаў нацыянальная самасьвядомасьць пакуль сьпіць, але паволі мы пачынаем прачынацца. Будзіць павінны яе ў школе. Як урокі будуць выкладаць па-беларуску, казаць пра важнасьць нацыянальнай культуры, тады і Беларусь стане беларускай».
«Свой строй я сама саткала. Яго прыемна насіць. Як яго дзе апранеш, то відаць, што я зь Беларусі, — выказалася супрацоўніца дома культуры зь Менскай вобласьці. — Каб беларусы, пачалі апранацца па-беларуску трэба, каб дзяцей бацькі вадзілі да майстроў народнай творчасьці. Каб яны з маленства бачылі як ткуцца андаракі, як вышываюцца сарочкі. Урэшце беларусы, як захочуць застацца беларусамі, то зразумеюць, што варта і апранацца па-беларуску».
Сувэніры, выбар якіх быў вялікім наведнікі сьвята не асабліва набывалі. «Шмат хто цікавіцца сувэнірамі ды й абярэгамі з нацыянальнымі матывамі, але пакуль я нічога не прадала. Фэст, аднак, яшчэ толькі пачаўся», — аптымістычна заўважыла адна з майстрых сувэніраў.
«Большасьць беларусаў толькі пачынаюць адкрываць для сябе нацыянальнае, — працягнула яна. — Напрыклад, сувэнірам з галубкамі, даўнім беларускім сымбалем каханьня, беларусы зьдзіўляюцца. Ня вераць, што яны беларускія. Кажуць, што гэтым сымбаль прывазны. Варта аднак, зазначыць, што за апошнія два гады мы істотна прасунуліся ў папулярызацыі нацыянальнай традыцыйнай культуры. І гэта, безумоўна, дзякуючы Украіне. Часта ежджу туды і натхняюся. Тая ж вышыванка і ў нас ёсьць. Проста беларусам трэба пра іх часьцей згадаць».
На сьвяце ў вышыванках былі ўкраінцы. Яны прапаноўвалі наведнікам набыць лялек, карціны ды выразаныя ў дрэве пано. Трымаліся госьці з Ўкраіны сьціпла.
«Вышыванку, у якой я цяпер, мне падарыла дужа добрая майстрыца. Дома ж у мяне ёсьць сакральная сарочка, якую насіў мой бацька. Яна для мяне сьвятая, — зазначыў майстар зь Віньніцкай вобласьці Іван. — Ва Ўкраіне вышыванкі сталі папулярнымі, бо ўкраінцы зразумелі, што яны адметны народ. У нас ёсьць братэрскія народы, але ўсё роўна, мы адметныя. Вышываныя сарочкі і раней мы насілі, але цяпер ва Ўкраіне нацыянальны ўздым».
«Я, праўда, не хацеў бы, каб вышыванкі сталі кідчам, — дадае суразмоўца з Украіны, — Я апранаю вышыванку, калі адчуваю ў гэтым патрэбу. Раней нашы дзяды надзявалі яе, як ішлі ў царкву. У гэтай адзежы наша духоўнасьць».
На фэсьце ў нацыянальных строях былі і расейцы. Над сваімі павільёнамі яны ўзьнялі свае сьцягі. Над украінскім і беларускімі намётам дзяржаўных сьцягоў не было. Майстры зь Ліпецку прызналіся, што расейская моладзь ня надта хінецца да свайго нацыянальнага.
«Нацыянальны строй у Расеі гэта адметнасьць пэўнага рэгіёну. Людзі яго адзявалі ў сьвяточныя і выхадныя дні. Цяпер мы спрабуем прышчапіць любоў моладзі да строю», — тлумачыў сытуацыю адзін майстроў з Калугі.
«Пра яго папулярнасьць цяжка казаць, — дадаў ён. — Моладзь пакуль не ўсьведамляе ягоную важнасьць, але мы стараемся яго папулярызаваць».
«Паколькі цяпер палітыка дзяржавы скіраваная на адраджэньне ўсяго народнага, то адчуваецца такі інтарэс, — папраўляе суразмоўцу яго калега. — Расейцы больш сталі набываць льняных рэчаў. Мы ж стараемся задаваць моду, мо ня дужа атрымліваецца пакуль, але прыкладаем намаганьні, каб уплываць на моладзь».
Гаварыла «александрыйскае купальле» збольшага па-расейсу. Багата падпісаў было беларускамоўных, але беларушчына прысутнічала на сьвяце ўсё ж, як антураж.
«Песьні сьпяваюць па-беларуску, хіба гэтага мала, — адказаў мужчына сярэдняга веку на пытаньне пра беларускую мову. — Бачыце назвы пляцовак для забаваў на ўказальніку пададзеныя на па-беларуску. Вы мабыць чакаеце, што беларусы па вашым жаданьні мусяць гаварыць па-беларуску. Так не атрымаецца. Трэба час».
Ня ўсе хто наведаўся на купальле ў Александрыю яно спадабалася. У прыватных гутарках на станцыі Копысь людзі скардзіліся на тую ж дарагоўлю і таўкатню. Некаторыя адзначалі, што год ад году на сьвяце адно і тое.
Ці наведае «Купальле» Аляксандар Лукашэнка даведацца не ўдалося. У Алексадрыі-2, дзе рэзыдэнцыя кіраўніка дзяржавы, стаіць верталёт, а хату, дзе ён нарадзіўся і ў якой музэй, ўдзень ахоўваў узброены аўтаматам вайсковец. Некаторыя павільёны на фэсьце для наведнікаў у першыя некалькі гадзін, як ён пачаўся, былі зачыненыя. У павільёнах патлумачылі, што чакаюць начальства.
Акрамя выступленьня артыстаў зь Беларусі, Украіны ды Расеі ў праграме фэстывалю пазначаная і ўзнагароджваньне найлепшых прадстаўнікоў аграпрамысловага комплексу Магілёўскай вобласьці.