Польшча гатовая быць пасярэднікам у збліжэньні Беларусі і НАТО, заявіў міністар замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі 8 ліпеня на прэс-канфэрэнцыі перад адкрыцьцём саміту НАТО ў Варшаве.
Ён падкрэсьліў, што альянс адкрыты для супрацоўніцтва зь Беларусьсю. «Нашы адносіны складаліся па-рознаму — паміж Беларусьсю, Эўропай і НАТО, але сытуацыя зьмянілася, — сказаў Вашчыкоўскі. — Мы бачым цікавасьць да супрацоўніцтва з боку Менску. І Польшча хоча быць пасрэднікам, які б садзейнічаў супрацоўніцтву НАТО і Беларусі», паведамляе БелаПАН.
Паводле Вашчыкоўскага, падчас свайго нядаўняга візыту ў Менск і сустрэч з прэзыдэнтам і міністрам замежных спраў Беларусі ён абмяркоўваў у тым ліку зьмены, што адбываюцца ў адносінах Беларусі з ЭЗ і НАТО.
Варшава — Менску: «Ня бойцеся нас, мы ня хочам рэвалюцыяў»
Вашчыкоўскі знаходзіўся ў Беларусі 22–23 сакавіка. На сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам кіраўнік МЗС Польшчы заявіў: новы польскі ўрад лічыць ненармальнай сытуацыю, калі на працягу многіх гадоў суседнія краіны не размаўлялі. «Таму мы вырашылі без усялякіх папярэдніх умоў пачаць дыялёг і ўрэгуляваць усе суседзкія адносіны, якія можна будзе вырашыць найбліжэйшым часам», — сказаў ён.
У сваю чаргу Лукашэнка адзначыў, што Беларусь і Польшча могуць адыграць значную ролю ў Эўропе і паўплываць на многія працэсы. «Жывём побач, гісторыя быццам адна і тая ж, часта перажываем адны і тыя ж праблемы, у кагосьці іх больш, у кагосьці менш, а шлях міністра з Варшавы ў Менск быў такім доўгім», — сказаў Лукашэнка. Візыт кіраўніка МЗС Польшчы ў Беларусь стаў першым за апошнія восем гадоў.
Вітальд Вашчыкоўскі па завяршэньні візыту ў Менск паведаміў, што «запрасіў міністра Макея як найхутчэй наведаць Варшаву. Таксама праз тры-чатыры месяцы прыедзе віцэ-прэм’ер Польшчы Маравецкі», — сказаў ён.