«Гэта раней мы былі багатымі» — як нафтавыя грошы ўцякаюць з Наваполацку

Гэта раней Наваполацк увесь час трапляў у сьпісы самых заможных гарадоў, а «Нафтан» — самых багатых прадпрыемстваў. Цяпер адсюль прыходзяць навіны пра аварыі і правальны эканамічны стан мясцовых заводаў. Чаму з Наваполацку зьяжджаюць кваліфікаваныя спэцыялісты, высьветліла Свабода.

Добра тут было гадоў пяць таму

Уздоўж вуліцы Моладзевай — цэнтральнага праспэкту Наваполацку — забудоўваюцца чарговыя шматпавярховікі. Раней многія маглі сабе дазволіць будавацца ў крэдыт.

«Гэта сьведчаньне таго, што пяць год таму ўсё тут было добра, — кажа Свабодзе Ўладзімер Кунцэвіч, дэмакратычны актывіст і былы інжынэр-тэхноляг «Паліміру».

Кунцэвіч адпрацаваў 16 год на «Паліміры» — другім па важнасьці заводзе Наваполацку пасьля «Нафтану». Ён кажа, што добрыя часы скончыліся тут у 2012 годзе, калі заробкі інжынэраў даходзілі да 1,5 тысяч даляраў на месяц. Але ўжо чатыры гады як заробкі ў рублях тут не падвышаліся, а таму людзі атрымліваюць у 2-3 разы менш.

«На „Нафтане“ нават пачалі зьяўляцца вакансіі, чаго раней ніколі не было, — кажа Кунцэвіч. — Без сваякоў сюды цяжка было ўладкавацца».

Пакуль Наваполацк жыве па інэрцыі багатага гораду. Як і раней, кошты тут вышэйшыя, чым у суседнім Полацку. Нават у дзяржаўных крамах яны адрозьніваюцца. Усё адно мясцовыя могуць сабе дазволіць пераплачваць за тавары.

Уладзімер Кунцэвіч

Які сярэдні заробак сёньня на «Паліміры», адміністрацыя заводу адмовілася паведаміць Свабодзе па тэлефоне, таму што «ня бачыць, хто сядзіць на іншым канцы дроту». Праўда, яшчэ ў лістападзе 2015 году генэральны дырэктар прадпрыемства Алег Жэбін назваў сытуацыю «правальнай».

Правал пацьвярджаюць і працаўнікі «Паліміру». Сяргей, рабочы 5-га разраду з 15-гадовым стажам кажа, што заробак з 2012 году ў рублях амаль ня вырас. На 6 мільёнаў на месяц у 2012 годзе ён мог сабе дазволіць зьезьдзіць на пару тыдняў у Турцыю, ці на месяц у Крым.

«У параўнаньні з тым жа Віцебскам мы былі багацейшымі: машыны ў нас у горадзе былі лепшыя, — кажа Сяргей. — А цяпер зраўняліся з усімі».

Горад, пабудаваны на нафце

Як ўвогуле у Наваполацку зьявіўся нафтаперапрацоўчы завод? Праз Полацк праходзіць галіна нафтаправоду «Дружба». Савецкаму ўраду быў патрэбны нафтаперапрацоўчы завод каля заходніх межаў. Да таго ж, побач знаходзіўся буйны транспартны вузел — Полацк.

«Наваполацк не меркаваўся як горад, — узгадвае Анатоль Кулік, першы дэпутат ад БНФ у гарсавеце Наваполацку і былы інжынэр-тэхноляг „Паліміру“. — Разьлічвалі, што тут будуць працаваць вахтавым мэтадам».

Анатоль Кулік

Але паступова вакол нафтаперапрацоўчага заводу зьявіліся іншыя хімічныя вытворчасьці. Ужо празь 10 год пасьля пачатку працы «Нафтану» ў Наваполацку было больш жыхароў, чым у Полацку. Сёньня тут жыве 102 тысяч чалавек, а ў Полацку — 85 тысяч.

Уся кароткая гісторыя гораду віруе вакол нафты. У пачатку 1960-х яго нават думалі назваць «Нафтабудам». Галоўныя сьвяты Наваполацку — Дзень моладзі і Дзень працаўніка нафтавай і газавай прамысловасьці.

«Мы настойвалі, каб горад не будаваўся толькі на нафце, — кажа Кулік. — Але нічога не зварухнулася зь месца. Ён так і застаўся монагорадам».

Заробкі на «Нафтане» былі высокія, а працы хапала ўсім. У такіх умовах разьвіваць іншыя прадпрыемствы не было патрэбы.

«Усіх такі стан задавальняў, — кажа Кулік. — Заробкі тут былі найвышэйшымі ў Беларусі».

Каб разбавіць нафтахімію, у Наваполацк запрасілі Шакуціна

Гарадзкія ўлады ўсяляк спрабуюць сысьці ад нафтахімічнай залежнасьці, сказала Свабодзе Вольга Казак, кіраўніца аддзелу эканоміку гарвыканкаму. Новых інвэстараў шукаюць на замежных форумах, а таксама праводзяць інвэстыцыйныя форумы ў самім Наваполацку.

Пакуль ёсьць дамоўленасьць толькі зь бізнэсоўцам Аляксандрам Шакуціным. Да 2022 году ён павінен запусьціць тры заводы па вытворчасьці аўтакампанэнтаў на месцы былога заводу бялкова-вітамінных канцэнтратаў. Пра гэта нават выдадзены адмысловы ўказ прэзыдэнта.

«Яны на стадыі распрацоўкі праекту, — сказала Казак. — Цяпер і ў гэтай кампаніі абмежаваныя сродкі. Усе ў цяжкім стане».

Таксама Вольга Казак паведаміла, што ў Наваполацку разьвіваецца малы і сярэдні бізнэс. Ягоная доля ў падатковых паступленьнях дасягае 35%. У 2014 годзе горад быў прызнаны лепшым для вядзеньня бізнэсу.

«Гэта вельмі вялікая ўдзельная вага, — сказала Бабак. — У нас штогод адкрываецца 20-30 новых прадпрыемстваў».

Але пра тое, каб перавысіць вытворчасьць нафтахімічных заводаў гаворкі нават не ідзе. 98% аб’ёмаў усёй вытворчасьці гораду складае менавіта нафтахімічная. А сам Наваполацк дае 55-60% вытворчасьці ўсёй Віцебскай вобласьці.

Наваполацкія спэцыялісты цяпер працуюць на расейскіх заводах

За апошнія пяць год у Наваполацку адчулі ўсе наступствы «нафтавай» залежнасьці. Як толькі тут перасталі падвышацца заробкі, многія спэцыялісты пачалі зьяжджаць на расейскія заводы. Уладзімер Кунцэвіч, напрыклад, зь 2011 году працуе на амэрыканскую кампаніі ў Расеі.

«Падчас палітычных акцый у Менску мне ставілі працоўныя выходныя. Калі я паставіў пытаньне рубам, то мне адказалі: „Куды ты падзенесься?“ І многія хлопцы працуюць тут, бо болей няма дзе».

Часьцей за ўсё праца знаходзіцца ў суседняй Расеі. Пасьля таго, як Кунцэвіч сышоў з «Паліміру» і стаў езьдзіць у камандзіроўкі ў Расею, ён сустрэў там шмат беларусаў.

«Я паезьдзіў па расейскіх прадпрыемствах і пабачыў, колькі там працуе беларусаў, якіх адсюль выціснулі! — кажа Кунцэвіч. — Там яны займаюць куды вышэйшыя пасады, чым тут. Прыяжджаю я ў Краснадар, а там галоўны інжынэр і начальнік тэхнічнага аддзелу — мае аднагрупнікі».

З-за гэтага ад’езду ў Расею на «Нафтане» і «Паліміры» адчуваюць кадравы голад. Да яго дадаўся сыход многіх супрацоўнікаў перадпэнсійнага ўзросту. Як толькі па горадзе папаўзьлі чуткі, што з выхадам на пэнсію ня будуць выплочваць гадавых акладаў, многія вырашылі не чакаць пэнсійнага ўзросту і сысьці раней.

«Адбыўся разрыў паміж пакаленьнямі, — кажа Кунцэвіч. — На пасадах галоўных інжынэраў і галоўных тэхнолягаў сядзяць маладыя хлопцы, якім нестае падтрымкі. Людзі, якія могуць падказаць, сыходзяць на пэнсію. Іхні досьвед ніяк не выкарыстоўваецца».

Трэба сядзець за апаратам, а людзей адпраўляюць газон касіць

На «Паліміры» дагэтуль працуюць на абсталяваньні 1960-х гадоў. Напрыклад, у былым аддзяленьні Кунцэвіча, раней працавалі 12 чалавек. Сёньня — пяць.

Той самы 104-ы цэх, дзе быў пажар

«Калі б гэта была сучасная вытворчасьць, хапіла б і двух чалавек, — кажа ён. — Але ў нас мала націснуць кнопку. Бывае, трэба пайсьці пакруціць, потым паслухаць, каб упэўніцца, што ўсё справакавала».

Да старога абсталяваньня тут дадаецца «культура вытворчасьці». Яе ўвёў Аляксандар Бароўскі, які да 2005 году ўзначальваў «Палімір», а потым — канцэрн Белнафтахім.

«Пачытаць газэту рабочы ня мае права, — кажа Кунцэвіч. — А каб узяць дзяркач і дзьве гадзіны адсутнічаць на працоўным месцы — гэта ўхваляецца».

І цяпер штотыдзень падчас працы рабочыя выходзяць наводзіць парадак на тэрыторыі заводу.

«Вытворчасьць тут вельмі складаная, — кажа Кунцэвіч. — Калі людзі адсутнічаюць падчас працы, гэта небясьпечна».

Аварыя ў 104-м цэху, упэўненыя былыя працаўнікі «Паліміру», стала вынікам акурат усіх названых акалічнасьцяў. Падобны выбух тут быў у 1992 годзе ў тым жа 104-м цэху.

«Тады ніхто не зрабіў ніякіх высноў, — кажа Кунцэвіч. — Адбыўся пажар, залаталі, пайшлі далей працаваць. Я баюся, што і цяпер пару чалавек пакараюць, і будуць далей працаваць, як і раней».

Даведка

Прадпрыемствы «Нафтан» і «Палімір» месьцяцца за 4 км ад Наваполацку. Разам яны займаюць плошчу большую, за жылую частку гораду. Па тэрыторыі заводаў нават курсуюць аўтобусы. Тут працуе каля 11 тысяч чалавек. У 2008 годзе «Палімір» быў далучаны да «Нафтану».