Магілёўскія сябры Таварыства беларускай мовы адзначылі дзень народзінаў Янкі Купалы на Замкавай гары, якую сам Купала назваў Магілай Льва. Штогод на 7 ліпеня ТБМаўцы зьбіраюцца на ёй.
«Зьбіраемся тут гуртком не выпадкова, бо ў Купалы ёсьць паэма „Магіла Льва“. Традыцыю такую заклалі ўжо даўно, нават не прыгадаць калі», — зазначае кіраўнік магілёўскай суполкі ТБМ Алег Дзьячкоў.
«Ёсьць у нас задума, каб у пэрспэктыве на замчышчы зьявіўся і помнік Купалу. Тут ён быў бы ён да месца. У Магілёве наагул няма ніводнага помніка нацыянальнаму дзеячу. Для магілёўцаў Замкавая гара — мясьціна сакральная, у тым ліку, і таму, што яе ўславіў Янка Купала».
Паўтары гадзіны на гары гучалі Купалавы творы, успаміны пра пісьменьніка. Да невялікага гуртка ТБМаўцаў падыходзілі і тыя хто прыйшоў у парк на прагулку.
Сваю вечарыну рупліўцы беларускай мовы штогод ладзяць ля скульптурнай кампазыцыі, прысьвечанай герою паэмы «Магіла льва» разбойніку Машэку.
На дзень народзінаў Купалы прыйшло сёлета крыху болей за дзясятак чалавек.