«Праваабаронцы за свабодныя выбары» адаслалі старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай зварот з прапановай стварыць беларускую вэрсію сайту ЦВК у дадатак да расейскай і ангельскай, піша «Вясна».
Аўтар звароту Валянцін Стэфановіч адзначае, што на сайце ЦВК ужо ёсьць вэрсія для людзей са слабым зрокам, але няма вэрсіі на адной зь дзяржаўных, на нацыянальнай мове беларусаў. Законы ж гарантуюць беларусам права карыстацца нацыянальнай мовай і абіраць мову зносінаў.
Разам з сайтам ЦВК дзейнічае афіцыйны сайт парлямэнцкіх выбараў-2016, на якім існуе толькі расейская вэрсія (няма ні ангельскай, ні для людзей са слабым зрокам, ні беларускай).
Выбары ў Палату прадстаўнікоў заплянаваныя на 11 верасьня.