На форме нацыянальнай зборнай Беларусі па футболе будзе вышыванка. Дызайнэр Іван Айплатаў упіша ў новую форму сымбаль з азбукі беларускага арнамэнту «сям’я». Чаму зборная Беларусі будзе называцца «Белымі крыламі», а не «Бульбашамі» распавёў Уладзімер Беражкоў.
Пасьля некалькіх тураў анлайн галасаваньня Асацыяцыя «Беларуская фэдэрацыя футболу» (АБФФ) вызначылася зь мянушкай, якую дадуць нацыянальнай зборнай Беларусі па футболе. «Белыя крылы» перамаглі «Бульбашоў» і «Белых рыцараў».
Прытым спачатку разглядаўся варыянт «Белых рыцараў», распавёў у інтэрвію парталу Трыбуна Уладзімер Беражкоў, дырэктар дэпартамэнту па маркетынгу і камунікацыях АБФФ. Да яго ўжо нават гатовы лёзунг зь верша Максіма Багдановіча «Пагоня»: «Не разьбiць, не спыніць не стрымаць».
Хэштэг „каманда пад белымі крыламі“ мацнейшы за той, што ў Багдановіча, у дадзеным кантэксьце і ў дадзенай палітычнай сытуацыі.
«Але гэта ўсё палітызавана, сказаў Беражкоў. — Мы пачалі думаць, як абыйсьці гэтую тэму. Хэштэг „каманда пад белымі крыламі“ мацнейшы за той, што ў Багдановіча, у дадзеным кантэксьце і ў дадзенай палітычнай сытуацыі. Магчыма, я памыляюся».
Беларусізацыя зборнай на гэтым ня спыніцца. АБФФ вырашыла выкарыстаць нацыянальны арнамэнт на форме зборнай. Для распрацоўкі формы ўжо паклікалі дызайнэра Івана Айплатава.
«Мы пастанавілі, што на форме будзе вышыванка, — сказаў — Сам лягатып будзе вышыванкай, у аснове якой будзе адзін з элемэнтаў азбукі беларускага арнамэнту».
Па словах Беражкова, выніковы лягатып будзе ў гульнявой і трэніровачнай форме, а таксама ў спэцыяльнай лінейцы адзеньня, якую плянуе распрацаваць АБФФ.
Мы хочам, каб ужо на матч супраць зборнай Францыі людзі прыйшлі ў вышыванках.
«Мы хочам, каб ужо на матч супраць зборнай Францыі людзі прыйшлі ў вышыванках», — сказаў Беражкоў.
Праз стварэньне новага брэнду зборнай АБФФ хоча «ажывіць і аздаравіць сытуацыю вакол каманды», бо «як гэта ні парадаксальна гучала, галоўную каманду краіны людзі ня любяць».
«Відавочна, для гэтага нам трэба аб’яднаць усіх заўзятараў, — сказаў Беражкоў. — Ім трэба паказаць, што ёсьць адна каманда, якую варта было б любіць на працягу доўгага часу, таму што іншай ня будзе».