Савет міністраў скасаваў (PDF) пастановы 2011 году, якія абмяжоўвалі правоз аўтамабільнага паліва за межы Беларусі. Раней выяжджаць за межы Мытнага саюзу можна было не часьцей, як раз на 8 дзён, а калі часьцей — трэба было сплаціць мыта на паліва, цяпер мыта няма, і гэта не залежыць ад частаты паездак.
Рашэньне 2011 года прымалася «дзеля стабілізацыі абстаноўкі ў пунктах пропуску празь мяжу Беларусі», што значыла фактычна барацьбу з вывазам паліва за межы краіны і продаж яго там па больш высокіх цэнах.
У адрозьненьне ад Беларусі, якая не абмяжоўвае вываз, у іншых краінах застаюцца абмежаваньні на ўвоз паліва. Так, у краіны Эўразьвязу можна правозіць толькі поўны стандартны бак паліва ў машыне і дадаткова каністру паліва аб’ёмам ня больш за 10 літраў.
Пра звычай заліваць поўны бак перад паездкай за мяжу і прадаваць за мяжой залішак паліва нават сьпяваў Лявон Вольскі ў песьні «Пасат-унівэрсал» з альбому 2008 году «Куплеты і прыпевы», адмыслова запісанага ў стылі «блатняку».