Туры ў Турэччыну для беларусаў істотна падаражэлі

Turkey -- Antalya

Тыдзень таму прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў указ аб скасаваньні санкцыйных абмежаваньняў у дачыненьні да Турэччыны — у тым ліку ў турыстычнай галіне.

Паводле экспэртаў, расейскія турфірмы маюць аднавіць чартэрныя праграмы ў гэтую краіну да сярэдзіны ліпеня. Як вяртаньне расейцаў на папулярныя курорты паўплывае на беларускіх турыстаў?

У офісах буйных турапэратараў, якія спэцыялізуюцца на турэцкім кірунку, кажуць, што наступствы пуцінскага ўказу ўжо адчуваюцца. У кампаніі «АэраБелСэрвіс» патлумачылі, што на навіне аб вяртаньні заможнай расейскай кліентуры турэцкія гатэльеры мамэнтальна зьмянілі сваю цэнавую палітыку ў дачыненьні да Беларусі. Перадусім ад 1 ліпеня зьнятыя так званыя спэцыяльныя прапановы, якімі туркі заваблівалі беларусаў у адсутнасьць расейцаў. Гэта азначае, што папярэднія разьлікі, зробленыя беларускімі апэратарамі на ліпень, несапраўдныя, бо з адменай спэцпрапановаў цэньнікі на браніраваньне становяцца істотна большыя. Тым ня меней, як мінімум да сярэдзіны месяца ў сытуацыі «неразьбярыхі» з чартэрнымі рэйсамі і пераразьлікам коштаў на гатэлі ёсьць шанец забраніраваць тур паводле старога цэньніку.

Ад 1 ліпеня зьнятыя так званыя спэцыяльныя прапановы, якімі туркі заваблівалі беларусаў у адсутнасьць расейцаў.

Так, у чаканьні пэўнасьці ад расейцаў гатэлі Эгейскага ўзьбярэжжа яшчэ трымаюць прымальныя цэны для беларускага рынку: 12 дзён у трохзоркавым гатэлі з паўпансіёнам — 450 даляраў на чалавека, у пяцізоркавым (усё ўключана) — 700 даляраў на чалавека. Аднак няма сумневу, што ўжо ў агляднай будучыні гэтыя лічбы будуць істотна перагледжаныя.

Як кажуць у офісе беларускага прадстаўніцтва кампаніі Coral Travel, туркі зацікаўленыя вярнуць вялізную армію расейскіх турыстаў і цяпер найбольш выгадныя прапановы рыхтуюцца найперш для іх. Усе астатнія, у тым ліку і беларусы, будуць ісьці на агульных правах. Самыя відавочныя наступствы — адсутнасьць найбольш запатрабаваных «гарачых тураў» і спэцпрапановаў, на якія разьлічвала частка беларускіх кліентаў. Праўда, у кампаніі ня лічаць, што падаражаньне будзе радыкальным — турэцкія партнэры добра абазнаныя, што беларусы даўно не «жыруюць» і ў выпадку рэзкага росту коштаў проста адкінуць Турэччыну як варыянт адпачынку. Крайні скачок для беларусаў экспэрты рынку прагназуюць у межах 20-25%.

У ранейшыя гады пэўная частка беларускіх турыстаў карысталася паслугамі расейскіх турапэратараў. Аднак гэтым разам заашчадзіць на вылетах з Масквы ці іншых гарадоў будзе праблематычна: як паведамілі ў Асацыяцыі турапэратараў Расеі, пасьля адмены забароны на адпачынак расейцаў у Турэччыне кошты на авіяквіткі рэгулярных рэйсаў па маршруце Масква — Анталья вырасьлі на 75%, на 40% падвысіліся цэны на квіткі па маршруце Масква — Стамбул. У асацыяцыі адзначаюць, што гэтыя выдаткі таксама будуць закладацца ў кошт туру.