Ці будзе эфэктыўнай новая праграма ўраду па барацьбе з п’янствам

Абмяркоўваюць: Віталь Цыганкоў, Алег Грузьдзіловіч, Юры Дракахруст.


Цыганкоў: У Беларусі распрацавалі адмысловую праграму па прадухіленьні і пераадоленьні п’янства да 2020 года, распавёў 5 ліпеня галоўны нарколяг міністэрства аховы здароўя Іван Канаразаў.

Так выглядае, беларускія ўлады ідуць па скандынаўскім шляху барацьбы з п’янствам, дзейнічаючы ў некалькіх накірунках. Перш за ўсё, абмежаваньне па ўзросту продажу алькаголю. Прадугледжана ўзмацніць адказнасьць за продаж алькаголю непаўнагадовым, а таксама разглядаецца магчымасьць павялічыць гэты ўзрост з 18 да 21 году.

Далей ідзе абмежаваньне па месцах і часу продажы алькаголю. Напрыклад, дакумэнтам прадугледжаная забарона на продаж сьпіртнога ў паркава-культурных зонах. Разглядаецца магчымасьць зьніжэньня колькасьці гандлёвых кропак, у якіх прадаецца алькаголь, а таксама звужэньня часу продажу.

Заўсёдны пункт — гэта цана. Ужо заяўлена, што акцызы на алькаголь будуць і надалей падвышацца, а значыць, цана яго павялічыцца. Як заявіў той жа спадар Канаразаў: «Алькаголь павінен каштаваць столькі, каб у чалавека, які яго купляе, узьнікла думка: за гэтыя грошы можна набыць для сябе нешта іншае, больш значнае і карыснае».

Я не ўспрымаю такія настроі, калі кажуць, што, маўляў, з алькаголем змагацца бессэнсоўна, бо гэта гістарычная традыцыя ў нашых краёх.

І яшчэ адзін накірунак — гэта рэкляма і агітацыя здаровага ладу жыцьця. Заяўлена, што рэкляма алькаголю і надалей будзе абмяжоўвацца — магчыма, дойдзе і да забароны піва.

Заўважу адразу, што я не ўспрымаю такія настроі, калі кажуць, што, маўляў, з алькаголем змагацца бессэнсоўна, бо гэта гістарычная традыцыя ў нашых краёх. Змагацца варта, варта рабіць гэта паступова і цывілізавана, — і як выглядае, беларускія ўлады робяць тут правільныя кроі, але, на жаль, непасьлядоўна.

Але нават такая непасьлядоўная барацьба (бо некаторыя абмежаваньні то прымаюць, то адмяняюць) прыносіць пэўныя вынікі, калі верыць статыстыцы.

Калі ў 2010 годзе, па дадзеных Міністэрства аховы здароўя, беларусы выпівалі па 12,22 літра абсалютнага алькаголю на душу насельніцтва ў год, то ў 2014 годзе гэты паказчык быў роўны 10,47 літрам. У параўнаньні з 2013 годам у мінулым годзе на 6% зьнізіўся сукупны ўзровень продажу алькаголю, на 7,7% — колькасьць правапарушэньняў і злачынстваў, учыненых п’янымі людзьмі, на 12,7% — колькасьць ДТЗ з удзелам п’яных кіроўцаў, на 37,3% — колькасьць няшчасных выпадкаў на вытворчасьці па прычыне п’янства, на 12,8% — колькасьць сьмерцяў ад выпадковых атручваньняў алькаголем.

Такім чынам, бачым, што нават у недасканалых беларускіх умовах першыя крокі змаганьня даюць нейкі посьпех, і таму гэта той рэдкі выпадак, калі намаганьні ўладаў варта прызнаць карыснымі і патрэбнымі.

Дракахруст: Гэтыя меры пэўным чынам узьдзейнічаюць на грамадзтва. Адным з матываў новых мераў, бо ўрад і раней рабіў захады ў гэтым накірунку, было тое, што летась у штогадовай справаздачы Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя Беларусь апынулася ўвогуле на першым месцы ў сьвеце па спажываньню алькаголю. Прадстаўнікі беларускага Мінздраву нават езьдзілі ў штаб-кватэру Сусьветнай арганізацыі здароўя даводзіць, што гэта не зусім так.

Сапраўды, існуюць культурныя, гістарычныя чыньнікі. Калі браць за некалькі гадоў гэтыя справаздачы, то там за «майку лідэра» «змагаюцца» краіны такога кола: Беларусь, Расея, Літва, Чэхія, Малдова. Сказаць, што ў Чэхіі ці Літве дыктатура альбо эканамічная галеча, нельга. Так што казаць, што беларус п’е, таму што ў Беларусі Лукашэнка ці таму што ў Беларусі голад, таксама нельга.

Адным з матываў новых мераў было тое, што летась у штогадовай справаздачы Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя Беларусь апынулася на першым месцы ў сьвеце па спажываньню алькаголю.

У Беларусі меры забароны менш эфэктыўныя, чым у скандынаўскіх краінах з той прычыны, што ёсьць культура самагонаварэньня, ёсьць культура спажываньня сурагатаў, ад чаго народ мрэ.

Але тыя меры, якія прымае ўрад, пэўныя вынікі даюць. Толькі мне здаецца, што яны не скандынаўскія, а ўнівэрсальныя. А што асабліва яшчэ зробіш? Ну вось, у мусульманскіх краінах мала п’юць. Але накінуць Беларусі іслам наўрад ці варта і наўрад ці атрымаецца.

Цыганкоў: Структура спажываньня алькаголю ў Беларусі блізкая да скандынаўскіх краінаў — гэта «гарэлачныя» краіны, у адрозьненьні ад піўных ці вінных на поўдні Эўропы. Таму досьвед менавіта скандынаваў нам найбольш прыдатны.

Грузьдзіловіч: Захады мусяць быць нават больш жорсткія, я крытыкую арганізатараў гэтай праграмы за непасьлядоўнасьць і мяккасьць. Гэтая чарговая кампанія потым скончыцца і праз 5 гадоў ізноў адновіцца.

Мы памятаем, што такая кампанія зусім нядаўна была, літаральна 2-3 гады таму. У 2013-м годзе ў некаторых рэгіёнах абмяжоўвалі продаж алькаголю, «чарніла»«, але потым усё гэта адмянілі і ўсё паўсюль зараз ізноў прадаюць. Асабліва вясковае насельніцтва зараз сьпіваецца.

Хоць быў жа добры прыклад. Мінулым летам я быў у Ваўкавыску як турыст і якраз патрапіў на такі дзень, калі нідзе не прадавалі сьпіртнога. Усе прадавачкі казалі: «Ну, хоць сёньня адпачнем», — і неяк акуратней горад выглядаў. Зразумела, гэта касмэтычная мера, але дзейсная.

Мне гэта нагадвае скульптуру, якая стаіць каля Ню-Ёрскай біржы, дзе мядзьведзь змагаецца з быком — адзін паніжае курс акцыяў, другі павышае.

Я думаю, чаму гэта ўсё адбываецца? Мне гэта нагадвае скульптуру, якая стаіць каля Ню-Ёрскай біржы, дзе мядзьведзь змагаецца з быком — адзін паніжае курс акцыяў, другі павышае. Вось і ў нас нейкая здаровая частка ўлады разумее, што так больш нельга, яны ўвесь час прыдумляюць нейкія захады, асабліва гэта нарколягі і міліцыянты, якія кажуць, што гэта спрацоўвае, але другая частка быццам наадварот увесь час бярэ рэванш.

Цыганкоў: Другая частка — гэта адказныя за бюджэт. Калі за антыалькагольныя меры, за якія выступае і МУС, і міністэрства аховы здароўя, пачынаюць ажыцьцяўляцца, то зьніжаюцца паступленьні ў бюджэт, Мінфін б’е ў звон і продаж алькаголю ўзнаўляецца.

Грузьдзіловіч: Справа нават не ў адказных за бюджэт, а ў Аляксандры Лукашэнку: ён увесь час гуляе ў папулізм.

Усе 22 гады ён прэзэнтуе сябе як такога змагара за народныя інтарэсы: то ён змагаўся з падпальшчыкамі, то за сьмяротнае пакараньне, бо нібыта людзям гэта падабаецца. Гэтаксама і з алькаголем. Ён ня кажа пра бюджэт, ён кажа, што народу не даюць пагуляць на сьвяты, як сьлед адзначыць! Усё адмяняецца і ўсё вяртаецца на колы свае.

У праграме ўраду ёсьць выдатны пункт, што ў парках нельга будзе прадаваць алькаголь. Але ў прынцыпе такі пункт ужо даўно ёсьць. У грамадзкіх месцах нельга расьпіваць сьпіртовыя напоі — гэта значыць, што і ў парках, у сквэрах, на плошчах.

А мы бачым кожнае лета, што на плошчах паўсюль прадаюць алькаголь, ды яшчэ і са зьніжкамі. Калі прымуць гэтую праграму, прыйдзе зноў чарговае распараджэньне гандляваць і усё. Вазьміце выбары: дзе гэта бачна, каб у школах можна было прадаваць сьпіртныя напоі, ды яшчэ танна? Можна, аказваецца, даваць народу магчымасьць вось так «сьвяткаваць», напівацца, а потым казаць: «Мы змагаемся з алькагалізмам».