Чыж здаў Япрынцава, а хто здаў Чыжа?

Уладзімер Япрынцаў

Як хада справы Япрынцавых характарызуе норавы, якія пануюць у беларускім бізнэс-асяродзьдзі?

Абмяркоўваюць: Алег Грузьдзіловіч, Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст.


Грузьдзіловіч: У Цэнтральным судзе Менску праходзіць працэс па справе бацькі і сына Япрынцавых. Уладзімер Япрынцаў — намесьнік дырэктара групы кампаній «Трайпл», якой кіраваў да арышту алігарх Юры Чыж — тыповы, як мне падаецца, прадстаўнік беларускай бізнэс-эліты часоў Аляксандра Лукашэнкі.

Вядомы спартовец і мэцэнат, чалавек, які аказаўся побач з Чыжом, набліжаным да Лукашэнкі алігархам, але гэта не ўратавала ані яго, ані Чыжа ад арышту і суду. Чаму не ўратавала? Чаму запраграмаваныя пэўныя парушэньні закону беларускай бізнэс-элітай, якія, як мы бачым па шматлікіх крымінальных справах, сталі нормай? Гэта асаблівасьці ўласнага нораву, мэнталітэту і сьветапогляду ці, хутчэй, асаблівасьці беларускага бізнэсу часоў Лукашэнкі?

Тры дні ўсяго ідзе працэс над Япрынцавымі, і вось які адказ ўжо бачны. Па-першае, незалежна ад таго, якое рашэньне прыме суд, прызнае іх вінаватымі ў махлярстве ці не прызнае, ужо відавочна, што бізнэс-посьпех Япрынцава, як і Чыжа, будаваўся ў асноўным да доступе да «нафтанкі».

Незалежна ад таго, якое рашэньне прыме суд, ужо відавочна, што бізнэс-посьпех Япрынцава, як і Чыжа, будаваўся ў асноўным да доступе да «нафтанкі».

Два асноўныя эпізоды, якія інкрымінуюцца Япрынцавым, гэта зьдзелкі з нафтапрадуктамі з Наваполацкага і Мазырскага нафтаперапрацоўчых заводаў. Быў да іх доступ, дазвол на продаж, нейкая квота — бізнэс ішоў. Як толькі нешта абарвалася, шлягбаўм апусьціўся, дык і бізнэс, як кажуць, «лёг», пачаліся разборкі ды помста.

Гэта можна прасачыць ня толькі на прыкладзе Япрынцава, але і іншых дапушчаных да нейкіх закрытых «тэмаў». Дарэчы, заўважу, што тэрмін «тэма» ў бізнэсе, як і ў крымінале, азначае адно і тое ж — гэта нейкая сфэра, галіна, якая вельмі выгадная, але да яе трэба атрымаць доступ. І гэта вельмі паказальна, што тэрміналёгія супадае.

Цяпер пра чалавечыя адносіны ў бізнэс-эліце. Другі дзень працэсу даў пацьверджаньне таго, пра што журналісты маглі толькі здагадвацца: што Юры Чыж, партнэр Япрынцава-старэйшага, ня проста напісаў на яго заяву ў КДБ, а што ён, магчыма, быў ініцыятарам гэтага кроку. Пра гэта ўчора ў судзе выказаўся вядомы спартоўца Андрэй Міхневіч.

Таму асабіста для мяне рытарычным гучыць пытаньне, ці ня Япрынцаў у адказ здаў Чыжа, бо інакш адкуль у КДБ хутка стала вядома, што Чыж нейкія грошы нібыта вывозіць з краіны, рыхтуе запасны аэрадром? Хаця ў судзе ўсё ж могуць узьнікнуць сумневы, што да арышту Чыжа датычны Япрынцаў, бо зьнешне Ўладзімер Япрынцаў у судзе выглядае чалавекам прыстойным. Мяркуючы па падтрымцы дзесяткаў вядомых спартоўцаў, якія прыйшлі ў суд, за ім стаяць рэальныя справы, да яго ёсьць сапраўдная павага і шкадаваньне, што чалавек патрапіў у складанае становішча.

Яшчэ выклікае чалавечыя пачуцьці тое, што бацька спрабаваў дапамагчы сыну, калі той трапіў у цяжкае становішча. Магчыма, фактычна з-за сына Япрынцаў-старэйшы і патрапіў на лаву падсудных, але не адмовіўся ад дапамогі, ня ўцёк.

Беларуская бізнэс-эліта, якая сфармавалася вакол Лукашэнкі далёкая ад сучаснай эканомікі і спосабаў вядзеньня бізнэсу, а ўвесь свой посьпех будуе на доступе да рэсурсаў.

Таксама пра пэўныя норавы ў беларускай бізнэс-эліце можна меркаваць па ўчынках сына Япрынцава Казьбека, які ўмудрыўся прайграць на «Форэксе» больш за 10 мільёнаў даляраў, кажуць нават пра 30. Адкуль такія шалёныя грошы? Дакладней паставіць пытаньне: як адкрываўся доступ да такіх грошай?

І тут я зноў вяртаюся да таго, з чаго пачынаў: што беларуская бізнэс-эліта, якая сфармавалася вакол Лукашэнкі, ня ўмее зарабляць грошы на сучаснай навуковаёмістай вытворчасьці, праз сучасныя кампутарныя тэхналёгіі, яна далёкая ад сучаснай эканомікі і спосабаў вядзеньня бізнэсу, а ўвесь свой посьпех будуе на доступе да рэсурсаў. І вось вынік, калі гэты доступ абмяжоўваюць, дык пачынаецца грызьня і здача адзін аднаго ў КДБ.

Цыганкоў: Чалавеку, які сочыць за палітычнай і эканамічнай сытуацыяй у Беларусі, вельмі цікава назіраць за матэрыяламі з гэтага суду. Яны паказальныя як адбітак часу і бізнэс-нораваў.

Тое, што мы бачым, нейкім чынам вяртае нас у 90-я гады. Падазроныя схемы, якія чыста зьнешне вельмі нагадваюць фінансавую піраміду. Япрынцаў і яго сын, як выглядае, пазычалі ў многіх, давалі ім дзікія працэнты, каб аддаць іншым. Для беларускага чытача дзіка выглядае прайграная лічба ў 30 мільёнаў даляраў на «Форэксе».

«Форэкс» — бізнэс няўстойлівы і рызыкоўны. Калі браць афіцыйныя дадзеныя, то ў Беларусі нібыта вельмі мала мільянэраў, якія легальныя, зарэгістраваныя і плацяць падаткі. А тут мы бачым, якая частка шэрага бізнэсу існуе ў Беларусі.

Чалавек не прапануе сваю дапамогу, каб вырашыць пытаньне, а прапануе пісаць у КДБ! Вось беларускі спосаб вырашэньня бізнэс-праблемаў.

Таксама зьдзіўляе, як хутка і без перашкодаў Юры Чыж параіў іншым пакрыўджаным на Япрынцава напісаць на яго скаргу, прычым ня ў суд, а ў КДБ для надзейнасьці. Іх называлі партнэрамі, магчыма сябрамі, а як высьвятляецца, адносіны былі зусім ня лепшыя, і само іх вырашэньне — чалавек не прапануе сваю дапамогу, каб вырашыць пытаньне, а прапануе пісаць у КДБ! Вось беларускі спосаб вырашэньня бізнэс-праблемаў.

Дракахруст: Мне падалося, што гэтая справа выбіваецца са звыклага шэрагу беларускіх спраў такога кшталту. У грамадзкай сьвядомасьці яны ўсе ставяцца ў адзін шэраг: справа Мальцава, Паўлоўскага, Беражкова, Шарэйкі, Япрынцава. А насамрэч, прынамсі часткова, гэтая справа зусім іншага характару.

Бо і Шарэйку, і Паўлоўскага, і Мальцава, і іншых фігурантаў падобных справаў апошніх гадаў, справядліва ці несправядліва, але абвінавацілі ў тым, што яны падманулі дзяржаву, нанесьлі шкоду дзяржаве.

А Япрынцава, прынамсі па тых эпізодах, якія мы з вамі абмяркоўвалі, прынамсі па эпізоду з Міхневічам, абвінавачваюць зусім у іншым. Ён узяў грошы ў прыватнай асобы і не аддаў. І сапраўды гэта вельмі нагадвае 90-я гады: тады былі справы, калі муж на жонку падаваў у суд, партнэрку па бізнэсу.

Але тут сапраўды дзіўная сытуацыя. Вось ёсьць Чыж, у Чыжа ёсьць партнэр, калега Япрынцаў, ягоная правая рука. Да Чыжа прыходзіць нейкі чалавек з вуліцы і кажа: мне Япрынцаў не аддаў паўмільёна. У прынцыпе, для Чыжа гэта не вялікія грошы. Аднак ён кажа гэтаму чалавеку з вуліцы: ты пішы ў КДБ.

А ці не агульны гэта кантэкст постсавецкай прасторы, а не асаблівасьць менавіта беларуская ці лукашэнкаўская.

Ну гэта проста нейкая дзікасьць. З гэтага вынікае, што там былі вельмі няпростыя адносіны. Ён хіба не шукаў магчымасьці свайго партнэра фактычна падставіць. І тут ужо ўзьнікаюць розныя вэрсіі: як Япрынцаў зьявіўся у бізнэсе Чыжа? І ці Чыж ад самага пачатку быў шчасьлівы гэтаму? Гэта зьвярыны сьвет.

Не зусім згодны з меркаваньнем, што гэта норавы эпохі Лукашэнкі. Але ці справа толькі ў Лукашэнку? Балазе ва Ўкраіне свабодная прэса, мы чытаем, як разьбіраюцца там алігархі, напрыклад, той жа Каламойскі, калі ён з аўтаматчыкамі прыходзіць на пасяджэньне акцыянэрнага таварыства. Як там іншыя дзеляць сфэры ўплыву пры дапамозе зброі.

Тут узьнікае пытаньне, а ці не агульны гэта кантэкст постсавецкай прасторы, а не асаблівасьць менавіта беларуская ці лукашэнкаўская?

Грузьдзіловіч: Выглядае так, што мы ўжо па завядзёнцы паўсюль бачым Лукашэнку. І тут гэта можа быць штучна. Але ў 90-я гады, калі фармаваўся беларускі бізнэс, было ўсё ж некалькі варыянтаў, шляхоў, у тым ліку і для прыстойнага бізнэсу. Але адказнасьць Лукашэнкі за тое, што атрымалася так, як атрымалася — пры ім адсечаныя былі ўсе іншыя варыянты, акрамя вось гэтага прыўладнага бізнэсу.

Бо гэты чалавек стварыў пэўную мадэль палітычную, яна трансфармавалася ў сацыяльна-эканамічную мадэль. Таму Лукашэнка тут таксама вінаваты. Такія людзі, як Чыж, пры ім расквітнелі і тыя норавы, якія там пануюць — гэта ягоны ўплыў.