Міністэрства гандлю адказала на электронную пэтыцыю, аўтар якой прасіў Мінгандлю праверыць, ці паводле законаў закупаліся пляншэты, якія дарылі ўдзельнікам Усебеларускага народнага сходу.
Інфармацыі пра закупку пляншэтаў у Мінгандлю няма. Таксама як няма такой інфармацыі на сайце дзяржаўных закупак, хоць мусіць быць, згодна з законам. Але Мінгандлю сьцьвярджае, нібыта ў яго кампэтэнцыю ўваходзяць толькі скаргі на працэдуры закупкі, але канкрэтных фактаў пра парушэньні працэдуры закупкі скарга ня ўтрымлівае, таму няма сэнсу пачынаць праверку.
Таксама ад адказнасьці за пляншэты раней адмовіўся Менгарвыканкам. Адказу з Адміністрацыі Лукашэнкі пакуль не было.
Усім удзельнікам V Усебеларускага народнага сходу выдаваліся ў якасьці падарунку пляншэты Samsung Galaxy Tab A 7.0 8GB LTE, якія прадаюцца ў інтэрнэце па цэнах ад 191 даляра. Такім чынам, на падарункі дэлегатам магло сысьці каля паўмільёна даляраў. У сацсетках заўважаюць, што некаторыя з падораных пляншэтаў уладальнікі ўжо выстаўляюць на продаж.
Галоўны рэдактар «Советской Белоруссии» Павал Якубовіч у эфір тэлеканалу «Беларусь-1» заяўляў, што падораныя пляншэты былі «спонсарскай дапамогай», але не назваў спонсара.