Украінскія гісторыкі аспрэчваюць вэрсію Другой Сусьветнай вайны, якую агучыла Сьвятлана Алексіевіч.
Выступаючы ў Нью-Ёрку, яна заявіла, што «карнікі», якія тады зьнішчалі габрэяў на тэрыторыі Беларусі — «усе былі з Украіны». Паводле ўкраінскіх гісторыках, зь якім пагутарыла супрацоўніца ўкраінскай службы Радыё Свабода, заява нобэлеўскай ляўрэаткі далёкая ад ісьціны: немцы амаль не давяралі гэтыя жорсткія задачы іншым. А дасьледчыца творчасьці Алексіевіч тлумачыць такую заяву «савецкім мысьленьнем» ляўрэата.
«Я вам больш скажу. Напрыклад, карнікі, якія працавалі на тэрыторыі Беларусі, яны былі ўсе з Украіны. Ня толькі ў Літве і Латвіі зьнішчалі габрэяў да таго, як прыйшлі немцы. Гэта было і ва Ўкраіне», — заявіла Сьвятлана Алексіевіч, выступаючы ў Нью-Ёрку.
Паводле яе слоў, «у Літве і Латвіі самі зьнішчалі габрэяў да таго, як пасьпелі прыйсьці немцы». А горш да габрэяў падчас Другой сусьветнай, лічыць Алексіевіч, ставіліся палякі.
Ва ўкраінскім Міністэрстве замежных справаў сказалі, што аналізуюць гэты выступ і пакуль не гатовыя камэнтаваць. А польскі МЗС назваў гэта «заявамі, якія ня падмацаваныя фактамі і вельмі несправядлівыя».
З украінскага боку найбольш зьдзіўленыя гісторыкі і прыхільнікі творчасьці пісьменьніцы. Бо Алексіевіч напісала ўжо не адну кнігу пра вайну і заўсёды пазыцыянавала сябе як чалавека, які разьбіраецца ў тэме. Для «Цынкавых хлопчыкаў» яна езьдзіла ў Аўганістан. А калі пісала «У вайны не жаночае аблічча», гаварыла са шматлікімі сьведкамі Другой сусьветнай.
Доктар гістарычных навук Юры Шапавал называе гэта «дылетанцкай пазыцыяй»:
«Ну ні ў якім разе нельга пагадзіцца, што габрэяў зьнішчалі толькі і ў асноўным украінцы. Калі б гэта было так, дык ні ў якім разе Нюрнбэрскі трыбунал не абышоў б гэтую тэму бокам. А ў поўных дакумэнтах трыбуналу не было факту аб удзеле ўкраінцаў у такіх масавых акцыях. Немцы гэтыя акцыі нікому не давяралі», — камэнтуе гісторык Юрый Шапавал.
Паводле экспэрта, да такіх заяваў варта асьцярожна ставіцца, бо Алексіевіч можа сама не разумець, пра што кажа. У той жа час яе словы не ўтрымліваюць фактаў, таму застаецца аспрэчваць агульныя фразы, кажа ён.
У пачатку красавіка Алексіевіч прыяжджала ў Кіеў з прэзэнтацыяй новай кнігі «Чарнобыльская малітва». Шмат казала пра Ўкраіну, «Нябесную сотню», Майдан, называла анэксію Крыму Расеяй «палітычным разбоем». Аднак, ні такіх, ні якіх падобных заяваў пра «карнікаў» перад украінцамі не рабіла.
«Украіна — мая другая радзіма, я вельмі перажываю за вас», — казала Алексіевіч у красавіку.
«Яна выглядала штучна», — лічыць Аксана Ляўкова, грамадзкая актывістка і дасьледніца творчасьці Алексіевіч. Ляўкова шмат езьдзіла ў Беларусь, мела зносіны зь сябрамі пісьменьніцы, аналізавала яе мысьленьня. Таму напярэдадні прыезду Алексіевіч у Кіеў раіла не зачароўвацца ёй. «Алексіевіч — чалавек савецкай культуры», — тлумачыць Ляўкова.
«Сучасная Ўкраіна для Алексіевіч, з аднаго боку, — сялянскія хаткі, дзе яна расла калісьці вельмі даўно. Гэта Ўкраіна, якая крыху лепшая, чым Беларусь, паводле дынамічнасьці мысьленьня і разьвіцьця. Але ўсё роўна Ўкраіна — гэта такі ж «савок», як Беларусь калісьці была, Расея і ўсе мы — «славянская душа», — кажа дасьледніца.
Паводле Ляўковай, якія цытуе ўкраінская служба Радыё Свабода, пісьменьніца вельмі недынамічная і «не абнавілася за апошнія 30 гадоў».