Дзяржаўная газэта «Зьвязда» апублікавала ў сваім афіцыйным акаўнце пераклад некаторых вайсковых каманд з расейскай мовы на беларускую.
«У Дзень Незалежнасьці «Зьвязда» знаёміць зь некаторымі вайсковымі камандамі на беларускай мове», — адзначаецца ў акаўнце газэты.
Сябра Таварыства беларускай мовы, стваральнік кароткага расейска-беларускага вайсковага слоўніка Станіслаў Суднік вітае гэтую ініцыятыву газэты «Зьвязда».
«Гэта, безумоўна, важна і патрэбна. Лепш пазьней, чым ніколі. Мы абавязкова прыйдзем да таго, што ўся служба ва Ўзброеных сілах будзе адбывацца на беларускай мове. Разам з тым вайсковыя каманды гэта ня толькі войска, гэта тая ж фізкультура, дзе трэба шыхтаваць, даць каманду на рух і г.д. То бок, калі мы хочам, каб у школе навучальны працэс ішоў цалкам па-беларуску, то таксама гэтыя каманды павінны быць, і імі трэба карыстацца. Таму можна толькі вітаць, што яны гэта апублікавалі». — заявіў ён у інтэрвію Свабодзе.