Павышэньне лепшае за грошы. За што працуюць дзяржаўныя чыноўнікі?

Ілюстрацыйнае фота. Паседжаньне Палаты прадстаўнікоў

Магчымасьць кар’ёрнага росту зьяўляецца больш важнай матывацыяй для дзейнасьці дзяржаўных чыноўнікаў у Беларусі, чым добрыя заробкі.

Да такой высновы прыйшлі экспэрты Беларускага інстытуту рэформы і трансфармацыі публічнага адміністраваньня (BIPART) у сваім дасьледаваньні, прысьвечаным матывацыі беларускіх дзяржаўных службоўцаў.

У апытаньні бралі ўдзел супрацоўнікі цэнтральных і мясцовых органаў улады, а таксама розных дзяржаўных арганізацый, разьмешчаных у Менску, абласных і раённых цэнтрах.

Свабода пагутарыла з адным з аўтараў дасьледаваньня Інай Рамашэўскай:

— Да якіх высноў вы прыйшлі па выніку свайго дасьледаваньня?

Мы зьвярнулі ўвагу на тое, што людзі звычайна кажуць, што для іх на дзяржаўнай службе фінансавая матывацыя не галоўнае. Там, хутчэй, ідзе гаворка пра ўмовы працы.

— Гэта ўжо другое дасьледаваньне пра матывацыю. Першае было пробнае і мы зьвярнулі ўвагу на тое, што людзі звычайна кажуць, што для іх на дзяржаўнай службе фінансавая матывацыя не галоўнае. Там, хутчэй, ідзе гаворка пра ўмовы працы. У першым нашым дасьледаваньні гаворка ішла пра тое, што для іх важна прызнаньне, для іх важна каб іх ідэі чулі і падтрымлівалі. У другім дасьледаваньні мы пыталіся пра тое, якія інструмэнты выкарыстоўваюць у самой арганізацыі і наколькі яны эфэктыўны. І вось выявілася, што ўсе фактычна нашы рэспандэнты казалі, што фінансавая матывацыя ў іх на другім месцы. Часьцей за ўсё на першым месцы гэта магчымасьць павышэньня, магчымасьць атрыманьня больш адказнай працы. Але, зноў жа, мы змаглі гэта ўсё зафіксаваць, а ўжо чаму так атрымліваецца, мы разьлічваем зразумець на наступных этапах дасьледаваньня.

— А як зьяўляецца тая ці іншая матывацыя? У працэсе працы або людзі ідуць на дзяржаўную службу ўжо з пэўнай матывацыяй?

— На гэты конт ёсьць розныя тэорыі. Найбольш вядомая зь іх кажа пра тое, што людзі ўжо ідуць на службу, маючы адмысловую матывацыю да грамадзкага служэньня. Амэрыканскія навукоўцы казалі, што нельга матываваць дзяржаўных служачых гэтак сама як работнікаў прыватных кампаній — ім цікава ня толькі атрымліваць грошы, але і ўдзельнічаць у некім важным грамадзкім працэсе. У гэтым сэнсе павышэньне пасады гэта ня проста магчымасьць атрымліваць больш грошай (хоць гэта таксама), але гэта і прэстыж, доступ да больш сур’ёзных рашэньняў, магчымасьці ўплыву.

— Якія рэкамэндацыі можна сфармуляваць на падставе вынікаў вашага дасьледаваньня? Як гэта можна выкарыстаць на практыцы?

Фінансавы складнік канешне важны, але гэта не галоўны фактар матывацыі. Галоўны фактар — гэта павышэньне, а таксама прысваеньне асабістай адказнасьці за вынікі працы.

— У нас дагэтуль, калі ідзе гаворка аб нейкай рэформе дзяржаўнай службы, то кажуць аб тым, каб павысіць чыноўнікам зарплату (то бок скарачаем колькасьць чыноўнікам і павышаем ім зарплату). Таму лічыцца, што чым вышэй будуць заробкі, тым лепш будуць працаваць чыноўнікі. Але мы хочам сказаць, што фінансавы складнік канешне важны, але гэта не галоўны фактар матывацыі. На падставе нашага дасьледаваньня можна зрабіць выснову, што самы галоўны фактар — гэта павышэньне, а таксама прысваеньне асабістай адказнасьці за вынікі працы. Таксама будучым рэфарматарам трэба разумець, што важна мець адэкватныя магчымасьці для разьвіцьця — многія хочуць атрымліваць кіраўніцкія навыкі, ці ісьці на моўныя курсы. Такія магчымасьці гэта таксама моцны матывуючы фактар, і ім нельга грэбаваць.

Тройка інструмэнтаў матывацыі

Як сьведчаць вынікі дасьледаваньня BIPART, у тройку інструмэнтаў матывацыі супрацоўнікаў, якія найбольш часта выкарыстоўваюцца ў дзяржаўных арганізацыях, уваходзяць фінансавая матывацыя (прэміі, бонусы і г.д.), прадстаўленьне магчымасьцяў прафэсійнага разьвіцьця, а таксама розныя віды нематэрыяльнай заахвочваньня (падзякі, граматы і гэтак далей). Фінансавая матывацыя найбольш часта выкарыстоўваецца ў органах цэнтральнай улады і дзяржаўных арганізацыях. У органах мясцовай улады найбольш часта супрацоўнікі матывуюцца праз прадстаўленьне магчымасьцяў для прафэсійнага разьвіцьця.

Для органаў цэнтральнай улады найбольш эфэктыўнымі інструмэнтамі зьяўляюцца павышэньне на пасадзе (пра гэта казалі 91% рэспандэнтаў), фінансавая матывацыя (84%), пэрсанальная адказнасьць і нематэрыяльная адмоўнае ўзьдзеяньне (вымовы) (па 82%)

Для супрацоўнікаў мясцовых органаў улады тры найбольш эфэктыўных інструмэнта матывацыі гэта павышэньне на пасадзе (96%), пэрсанальная адказнасьць (91%), фінансавая матывацыя (88%).

Для супрацоўнікаў дзяржаўных арганізацый гэта павышэньне на пасадзе і пэрсанальная матывацыя (па 85%), фінансавая матывацыя (76%).