У Менску пройдзе матч памяці Юрася Бушлякова

Юрась Бушлякоў у студыі Радыё Свабода

У суботу 9 ліпеня менскія журналісты і пісьменьнікі правядуць традыцыйны футбольны матч памяці мовазнаўцы Юрася Бушлякова, які памёр у 2013 годзе. Юрась Бушлякоў быў апантаным спартовым заўзятарам і футбалістам-аматарам.

Першы матч памяці Юрася прайшоў 12 ліпеня 2013 году. У ім узялі ўдзел пісьменьнікі і журналісты Альгерд Бахарэвіч, Алесь Емяльянаў, Віктар Жыбуль, Павел Касцюкевіч, Серж Мінскевіч, Барыс Пятровіч, Мікалай Тоўсцік, Андрэй Хадановіч, Віталь Цыганкоў і іншыя.

— Юрась любіў любы спорт, быў аматарам многіх відаў, часам ня самых папулярных, але футбол вабіў яго асабліва, — узгадвае журналіст Віталь Цыганкоў. — Калі я ўпершыню сустрэўся зь ім на футбольным полі, я быў уражаны, як добра. і я б сказаў, жорстка ён гуляў. Бо мне здавалася. што чалавек зь ягонай мажнай камплекцыяй і мяккім характарам і на полі павінен быць «мяккім і пухнатым». Але не, Бушлякоў на полі быў валявым і рашучым, але пры гэтым, безумоўна, карэктным і акуратным. Штогод пісьменьнікі і журналісты, якія калісьці гулялі разам з Юрасём — ці ў Менску, ці ў Празе — зьбіраюцца ў раёне Зялёны Луг у беларускай сталіцы на матч памяці Бушлякова.

Сёлетні матч, трэці па ліку, адбудзецца там, дзе і папярэднія — на стадыёне школы № 13 на скрыжаваньні вуліц Цікоцкага і Карбышава (адрас: вул. Цікоцкага, 57). Пачатак а 19.00

Удзельнікі першага матчу памяці Юрася Бушлякова. Фота з сайту Budzma


Юрась Бушлякоў (29 траўня 1973, Менск — 4 чэрвеня 2013, Менск) — беларускі мовазнавец, журналіст, перакладчык. Кандыдат філялягічных навук. Працаваў выкладчыкам на катэдры сучаснай беларускай мовы БДУ (1999–2003). Адначасова займаўся журналістыкай, працаваў у тэлекампаніі «ФІТ», на менскім радыё «101,2», у штотыднёвіку «Наша ніва», на радыё «Рацыя» (1999–2002), з 1996 году супрацоўнічаў з «Радыё Свабода». Адзін з суаўтараў кнігі «Беларускі клясычны правапіс». Аўтар кнігі «Жывая мова». Пераклаў на беларускую мову паасобныя творы Чэслава Мілаша, Эдгара Алана По, Вітальда Гамбровіча, Зьбігнева Гэрбэрта, Яраслава Сэйфэрта.