Намесьнік старшыні Палаты прадстаўнікоў Віктар Гумінскі перадаў на сустрэчы ў Тбілісі прадстаўніку Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Ілку Канэрву (Ilkka Kanerva) запрашэньне да ПА АБСЭ ўзяць удзел у назіраньні за парлямэнцкімі выбарамі 11 верасьня, перадае БЕЛТА.
Таксама на сустрэчы абмяркоўвалася падрыхтоўка да 26-й сэсіі ПА АБСЭ ў 2017 годзе ў Менску.
Гумінскі заявіў, што беларускі бок разьлічвае на непрадузяты падыход і аб'ектыўную ацэнку выбарчай кампаніі з боку міжнародных назіральнікаў, для працы якіх будуць створаныя неабходныя ўмовы, а таксама на працяг канструктыўнага дыялёгу і ўзаемадзеяньня пасьля іх правядзеньня.
Канчатковае рашэньне пра лёс санкцыяў ЗША ў дачыненьні да Беларусі будзе прынятае па выніках парлямэнцкіх выбараў, таксама за выбарамі будзе пільна сачыць Эўразьвяз, які нядаўна скасаваў амаль усе санкцыі супраць Лукашэнкі і яго атачэньня.
Мінулыя прэзыдэнцкія выбары расчаравалі назіральнікаў ад АБСЭ і Рады Эўропы па шматлікіх пунктах.